МЗС Расіі абвінаваціў ЕС ва ўмяшанні ў справы Беларусі

Заявы ЕС пра недапушчэнне парушэння правоў чалавека ў Беларусі афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава назвала ўмяшаннем у справы Беларусі, паведамляе tut.by.



Брусель, які ініцыюе рэзалюцыю па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні маючых адбыцца там прэзідэнцкіх выбараў, дэманструе ўмяшанне ва ўнутраныя справы гэтай краіны. Расія лічыць такі падыход недапушчальным. Пра гэта заявіла ў чацвер афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава.

«Хацелі б асобна спыніцца на прыняцці СПЧ з падачы Бруселя рэзалюцыі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні маючых адбыцца 9 жніўня выбараў прэзідэнта краіны. На фоне бесперапыннага патоку абвінавачванняў з боку заходніх партнёраў пра нібыта расійскі след у выбарах у іх краінах, прычым усё гэта, як заўсёды, бяздоказна, выклікае здзіўленне тое, што як належнае ўспрымаецца ўласнае, рэальнае, а не ўяўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы з дапамогай ініцыявання такіх рашэнняў Савета. Мы лічым такі падыход недапушчальным», — заявіла Марыя Захарава.

Паводле яе слоў, абмежаванні, уведзеныя ў сістэме ААН з-за пандэміі, паўплывалі на працу 44-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе: дэлегацыі са сталіц не ўдзельнічалі ў пасяджэннях.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ падкрэсліла: «Мы вымушаныя канстатаваць, што сесія таксама прадэманстравала няздольнасць заходніх краін, развітых эканомік перад тварам такіх глабальных выклікаў, якім стаў COVID-19, падняцца над сваімі кан'юнктурнымі памкненнямі і праявіць салідарнасць, абраўшы замест гэтага шлях канфрантацыі». Марыя Захарава адзначыла «крайнюю палітызаванасць і эмацыйны характар» дыскусій на сесіі па сітуацыі ў шэрагу краін, у тым ліку і ў Беларусі.

Захарава таксама заявіла: «Так званыя развітыя дэмакратыі скарысталіся арганізацыйнымі абмежаваннямі для прасоўвання свайго тлумачэння мэтаў і прынцыпаў Статута ААН, а таксама сваіх супярэчлівых канцэпцый, якія не знайшлі належнага адлюстравання ў міжнародным праве».

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: