МЗС Расіі — пра змену пасла ў Беларусі: бываюць розныя казусы

"Нармальны ход. Бываюць у дыпламатычнай практыцы розныя казусы", — так намеснік міністра знешнепалітычнага ведамства РФ пракаментаваў адкліканне Бабіча, піша «Еўрарадыё».

pixabay.com

Намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін пракаментаваў змену пасла РФ у Беларусі. Прызначаны летам 2018-га на гэтую пасаду Міхаіл Бабіч нядаўна быў адкліканы, яго заменіць Дзмітрый Мезенцаў. Карасін адмаўляе наяўнасць крызісу ў дачыненнях краін. Яны застаюцца саюзніцкімі, носяць характар стратэгічнага партнёрства, падкрэсліў ён.

"Я катэгарычна супраць таго, каб усё гэта інтэрпрэтаваць як нейкі крызіс,  цытуе словы намесніка міністра расійскага знешнепалітычнага ведамства ТАСС. — Нармальны ход. Бываюць у дыпламатычнай практыцы розныя казусы".

Рыгор Карасін нагадаў, што ўлады Беларусі і Расіі працуюць над паглыбленнем інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы. Ён мяркуе, што на будучыя дачыненні краін трэба глядзець з аптымізмам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!