На маёмасць старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва наклалі абмежаванні

Аддзел прымусовага выканання Шклоўскага раёну 19 кастрычніка наклаў абмежаванні на маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва для забеспячэння аплаты штрафу за Курапаты, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле самога Рыгора Кастусёва, штраф быў ужо даўно сплачаны.

Як паведаміў Рыгор Кастусёў прэс-службе Партыі БНФ, 19 кастрычніка ён атрымаў па пошце пакет дакументаў, звязаных з адміністрацыйнымі штрафамі, якімі палітык быў пакараны ў часе сёлетніх пратэстаў у Курапатах. У тым ліку Рыгору Кастусёву была дасланая позва і пастанова аб накладанні абмежаванняў на маёмасць у дачыненні да аўтамабіля і гаража, якія належаць старшыні БНФ.

Рыгора Кастусёва цытуе сайт партыі БНФ:

«Справа ў тым, што ўсе штрафы па сёлетніх адміністрацыйных спагнаннях у мяне слочаныя. Нягледзячы на гэта, судовыя выканаўцы вынеслі на мой адрас пастанову пра накладанне арышту на аўтамабіль і гараж... Я разглядаю гэтыя дзеянні судовай улады як дробную помсту за пададзеную мною ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу на выкарыстанне адміністрацыйнага пераследу як сродку абмежавання свабоды сходаў у Беларусі. Гэтая скарга была ў мінулым месяцы мною пададзеная пры дапамозе юрыстаў правабарончага цэнтру «Вясна».

4 ліпеня суд Партызанскага раёну Мінску аштрафаваў Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў, дзе адчынілася забаўляльная ўстанова «Поедем-поедим».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!