Можа на Мальдзівы? Пакуль не позна

На месцы кіраўніка Беларусі я б ціхенька прамовіў, што абяцаў народу сысці, калі ён папросіць, і заявіў бы, што выконваю абяцанне. А потым з’ехаў бы некуды на Мальдзівы, а з «усім гэтым вэрхалам» хай іншыя разбіраюцца. Бо кіраўнік краіны, што прагне сёмага тэрміну, ператварыўся ў суцэльнае ліха заплечнае.

Фота www.vk.com

Возьмем хаця б па дробязях. У красавіку Лукашэнка з’ездзіў на шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы, дзе станоўча ацаніў старанні мясцовых кіраўнікоў. Але калі ён з’ехаў, работнікаў «Нёмана» чакаў непрыемны сюрпрыз. «Праз некалькі дзён нам паведамілі: усіх пераводзяць на чатырохгадзінны працоўны дзень. Спачатку тлумачылі гэтае рашэнне пандэміяй каронавіруса, затым сталі казаць, што папросту няма заказаў. Натуральна, гэта моцна ўдарыла па заробках. Цяпер яны складаюць ад 230 да 370 рублёў. Людзі ад адчаю жартуюць: усе грошы сышлі на тое, каб накрыць “паляну” для Лукашэнкі. Тэлебачанне паказала прыгожую карцінку, а потым на нас плюнулі», — распавялі работнікі шклозавода.

Чатырохгадзінны працоўны дзень будзе да сярэдзіны ліпеня, а потым усіх (!) работнікаў адправяць у адпачынак. «Але пры гэтым кажуць: невядома, калі вы з гэтага адпачынку вый­дзеце... Людзі звальняюцца і сыходзяць у калгасы», — распавялі «Беларускаму партызану» работнікі прадпрыемства.

Гэта як трэба было давеcці завод, каб работнікі сыходзілі з яго ў калгасы?

Глыбока стратны «Нёман» Лукашэнка вырашыў падняць пабудовай на прадпрыемстве яшчэ аднаго цэху па выпуску шклаваты. Пры гэтым той, што ёсць, пабудаваны за 60 мільёнаў еўра, стаіць недагружаны… «Завод і так у даўгах, а нам кажуць — залазіць у даўгі і далей, будаваць нікому не патрэбны цэх. Дык адкуль у нас будзе нармальны заробак?» — кажуць працоўныя.

І так — амаль ва ўсім. Напрыклад, з’ездзіў кіраўнік краіны на «Гродна-Азот». І там сказаў: «Галоўнае, каб мы краіну не страцілі. Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць з верталёта грошы раскідваць: інвестары прыйдуць і нам чагосьці прынясуць. Інвестары прыйдуць з-за мяжы, але скажуць: падаткі плаціць не будзем, дайце танную сыравіну, і зарплата ў людзей будзе 300 долараў. Гэта значыць, выцягнуць усё з людзей, з краіны, падаткі не заплацілі, паехалі і прадалі. Нам такія інвестыцыі не патрэбныя — мы самі пабудуем гэты завод».

Па-першае, у некаторых сферах заробкі ў 300 долараў цяпер — за шчасце. Па-другое, у Лукашэнкі было 26 гадоў, каб «пабудаваць гэты завод». Па-трэцяе, мы былі блізкія да «страты краіны» ўзімку — менавіта тады, калі Масква выкручвала нам рукі, прымушаючы да «паглыбленай інтэграцыі». А ці не здарылася гэта дзякуючы Саюзнай дамове, якую падпісаў менавіта Лукашэнка?

Апроч таго, гарант завёў старую казку: «Мы будзем імкнуцца да таго, каб усё ж такі ў два разы ў нас у будучай пяцігодцы вырасла зарплата. Асабліва ў настаўнікаў, лекараў. Не справа, што ў нас лекар, настаўнік, культурны работнік маюць такую нізкую зарплату». Казцы «па 500 у эквіваленце» ўжо больш за 10 гадоў. Два прэзідэнцкіх тэрміны на гэта не хапіла, чаму мы павінны верыць, што атрымаецца цяпер?

Сапраўды — не атрымаецца. Наадварот, нас чакае крызіс з дэвальвацыяй, — калі, канешне, мы не зменім эканамічна-палітычныя падыходы. Напярэдадні выбараў хоць пакрысе, хоць па капейчыне, але ўлады імкнуцца падкупіць электарат і настаўнікаў, што зазвычай працуюць у выбарчых камісіях. Новы беларускі ўрад, напрыклад, распарадзіўся зрабіць аднаразовую выплату на аздараўленне пры сыходзе ў працоўны адпачынак педагагічным работнікам бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўняныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Выплата небагатая — з разліку 0,5 акладу з улікам педагагічнай нагрузкі. Аднак ёсць.

Паводле Белстату, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Рэспублікі Беларусь у студзені-красавіку 2020 года выраслі на 5,7% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. І, паводле тых жа звестак, ВУП Беларусі ў студзені-траўні знізіўся на 1,8% да аналагічнага ўзроўню мінулага года.

Гэта азначае, што эканоміка напампоўваецца пустымі, незаробленымі грашыма. А гэта немінуча прыводзіць да дэвальвацыі і фінансавага крызісу — тое мы праходзілі неаднаразова. І працягваем таптацца па тых жа граблях. Праўда, цяпер проста грошай няма на істотны рост заробкаў — і толькі гэта нас ратуе ад паўтарэння сцэнару 2010–2011 гадоў. Тады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010-га «купілі электарат», а ўвесну 2011-га нас накрыла валютным крызісам.

Памятаеце інфляцыю 115% і дэвальвацыю ў 186%? А нехта яшчэ памятае сайт па нелегальным абмене валюты prokopovi.ch?

Пры гэтым эканамісты і эксперты не перастаюць папярэджваць — далей будзе горш, таму што горш будзе ўсім. Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук падчас анлайн-семінара, прысвечанага стану беларускай эканомікі, зазначыў: калі ў пачатку года ў Беларусі былі ў асноўным аптымістычныя эканамічныя прагнозы, то сёння яны, як мінімум, не такія аптымістычныя, але нават досыць драматычныя. Таму што за 5 месяцаў гэтага года фактары рызыкі для глабальнай эканомікі зведалі істотныя змены, і бліжэйшым часам эканомікі многіх краін могуць сутыкнуцца з новымі праблемамі. А паколькі нашая эканоміка экспартаарыентаваная — з праблемамі сутыкнёмся і мы.

Ну і, канешне, маё любімае. У часе мінулай прэзідэнцкай кампаніі Аляксандр Рыгоравіч абяцаў нам новае пакаленне мабільнай сувязі 5G да 2020-га. Ужо лета згаданага года, дык дзе абяцанае 5G?

На тыдні паведамілі, што рабочая група пры Мінсувязі разгледзела і падтрымала прапанаваныя Міністэрствам падыходы да ўкаранення ў Беларусі мабільнай сувязі пятага пакалення. Яе задачай з’яўляецца выпрацоўка стратэгіі стварэння ў краіне сетак 5G.

Разумееце? Згодна з абяцаннем Лукашэнкі, 5G ужо павінна быць у нас у кішэні, а мы яшчэ нават стратэгію стварэння гэтай сеткі не выпрацавалі.

Дык можа, сапраўды, — на Мальдзівы і не перашкаджаць?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: