На Мікалая Дзядка завялі новую адміністрацыйную справу

... ужо трэцюю за апошнія сем месяцаў. Аб гэтым журналіст НЧ і актывіст анархісцкага руху паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

"Завялі новую адміністратыўку, на гэты раз за "размещение экстремистских материалов в социальной сети Вконтакте". Разлік на тое што СМІ надакучыць аб гэтым пісаць і на сістэматычны пераслед перастануць звяртаць увагу", — піша ён.

Аб якіх канкрэтна матэрыялах ідзе гаворка — невядома. У каментары НЧ Мікола Дзядок адзначыў, што гэта могуць быць матэрыялы забароненых анархісцкіх груп:

"Пратакол я яшчэ не бачыў. Але час ад часу рэпошчу матэрыялы анархісцкіх сайтаў і груп, якія прызнаныя экстрэмісцкімі: "Прамень" і "Анархічны чорны крыж". Можа, прычапіліся да гэтага. А можа, і да чаго іншага. Пакуль дакладна я не ведаю".

Аб узбуджэнні справы анархіст даведаўся з позвы, якая прыйшла на ягоны адрас:

"24-га студзеня ўвечары прыходзіць позва з'явіцца 25-га студзеня зранку ў Фрунзенскі РУУС. Але саму позву я пабачыў толькі 26-га. Таму, вядома, нікуды не пайшоў".

Узмацненне ціску супраць сябе Мікалай Дзядок звязвае з неабходнасцю ГУБАЗіКу зарабляць "палкі" на новых адміністрацыйных справах супраць "экстрэмістаў":

— Я не думаю, што тут ёсць нейкі хітры план. Не схільны і звязваць гэта, прынамсі пакуль, з выбарамі ці Еўрапейскімі гульнямі. Гэта выкананне паказчыкаў, якія даводзяцца зверху. У ГУБАЗіКа, які складае ўсе гэтыя матэрыялы, есць разнарадка трымаць пад прэсам уяўных "лідараў", ці публічных персонаў, хто адкрыта называе сябе анархістам. Аднак яны выдатна разумеюць, што ані пасля гэтай, ані пасля наступнай, я не спыню сваёй дзейнасці і публічнага пазіцыянавання, таму кіруюцца жаданнем дагадзіць начальству найперш. У той жа час, лічу, ёсць жаданне адправіць меседж у публічную прастору:

 "Вось што бывае з анархістамі. Звяжацеся з імі — праблем не абярэцеся".


Каб людзі баяліся і трымаліся надалей ад радыкалаў.

Яшчэ можна адзначыць, што такое частае завядзенне справаў, а з мінулага суду і месяцу не прайшло, гэта спроба збіць хвалю ўвагі СМІ, зрабіць справы за экстрэмізм руцінай, аб якой нецікава пісаць. Як вынік — зніжэнне ўвагі грамадства да анарха-актывістаў, а для саміх актывістаў — пачуццё ізаляцыі і бездапаможнасці. Думаю, на гэта таксама ёсць разлік".

"Матэрыялы, за якія мяне асудзілі, я выдаляць ніадкуль не збіраюся. Гэта мая прынцыповая пазіцыя ў абарону свабоды слова", — дадае Мікалай.

Нагадаем, гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа супраць журналіста НЧ за апошнія сем месяцаў.

  • 12 ліпеня 2018 Мікола Дзядок быў затрыманы ля дома АМАПам і дастаўлены ў Фрунзенскі РУУС, а пасля ў суд Фрунзенскага раёну, дзе яму прысудзілі 20 базавых велічынь за "Дэманстрацыю нацысцкай сімволікі" (калажы і скрыншоты, у якіх высмейваецца нацызм).

  • 27 снежня 2018 Міколу Дзядка судзілі па тым жа артыкуле — за фота людзей са сцягам арганізацыі "Misantropic divizion", які ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Фота было прымацаванае да паста ў Фэйсбуку, дзе Мікалай крытыкуе людзей, якія дазваляюць сабе фота з сімпатызантамі неанацызму. Штраф — 40 базавых велічынь.

  • 17 студзеня 2019 позна ўвечары памежнікі знялі Міколу Дзядка з аўтобусу Вільня-Мінск, калі ён вяртаўся з вучобы, пасля чаго ўчынілі асабісты дагляд. Прычына праверкі не была ўдакладненая, але сам Дзядок звязвае гэта з унясеннем яго ў спісы "экстрэмістаў".


Артыкулы Мікалая Дзядка ў "Новым Часе"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!