На парозе санкцый

Маштабныя падзеі тыдня — тэракт у піцерскім метро, сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, — засланяюць навіны, якія могуць істотнга паўплываць на наша жыццё.

Вось, напрыклад, група дэпутатаў Сейма Літвы зарэгістравала праект так званага «закону Магніцкага», які забараніў бы ўезд у краіну замежнікам, звязаным з буйнамаштабнай карупцыяй, адмываннем грошай ці парушэннямі правоў чалавека. У «чорны спіс» трапляюць не толькі расійскія чыноўнікі, але і сам кіраўнік Расіі, піша delfi.lt.

Цяперашнія палажэнні Закона аб прававым статусе іншаземцаў пра тое, што замежніку можа быць забаронены ўезд у Літоўскую Рэспубліку на тэрмін больш за пяць гадоў, калі  ён уяўляе пагрозу для бяспекі дзяржавы або для грамадскага парадку ў дзяржаве, дапаўняюцца іншымі ўмовамі. Згодна з законапраектам, асоба трапляе ў «чорны спіс», калі маецца інфармацыя або сур’ёзная падстава падазраваць, што гэты чужынец датычны да буйнамаштабнай карупцыі або адмывання грошай, або да парушэнняў правоў чалавека, у выніку чаго асоба, у дачыненні да якой было здзейснена парушэнне правоў чалавека, памерла ці атрымала сур’ёзныя раненні, была неабгрунтавана асуджана па палітычных матывах, або для яе мелі месца іншыя сур'ёзныя негатыўныя наступствы.

Таксама падставай для забароны ўезду ў Літву для асобы было б тое, што яна можа ўяўляць пагрозу для бяспекі або грамадскага парадку не толькі Літвы, але і любой іншай дзяржавы — сябра Еўрасаюза або NАТО. Гэтыя папраўкі зрабіла група кансерватараў, у тым ліку іх лідар Габрыэлюс Ландсбергіс, сацыял-дэмакрат, старшыня парламенцкага Камітэта па замежных справах Юозас Бернатоніc, «аграрый», старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Вітаўтас Бакас і іншыя.

Але гэты праект закону тычыцца не толькі грамадзян Расіі. «Устаноўкі праекта не накіраваныя на нейкую канкрэтную краіну — яны ўніверсальныя, як і правы чалавека, таму могуць прымяняцца ў дачыненні да любога замежніка, які выконвае, удзельнічае або дапамагае ажыццяўляць грубыя парушэнні правоў чалавека за мяжой ці ўдзельнічае ў злачынствах, звязаных з адмываннем грошай», — сказана ў тлумачэнні да законапраекту.

Фактычна, гэта азначае, што пад забарону наведвання Літвы падпадаюць і беларускія чыноўнікі, і Аляксандр Лукашэнка персанальна ў першую чаргу — калі гэты закон будзе прыняты. Бо знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Дзмітрыя Завадскага і Анатоля Красоўскага належным чынам не расследаваныя.

Пад забарону ўезду ў нашу паўночную суседку могуць трапіць сябры ЦВК, суддзі, якія выносілі прысуды, напрыклад, па апошніх падзеях, і тым самым «выконвалі, удзельнічалі або дапамагалі ажыццяўляць грубыя парушэнні правоў чалавека», супрацоўнікі міліцыі і АМАПу, і гэтак далей. Карацей, калі гэты законапраект будзе прыняты, мы атрымліваем не што іншае, як узнаўленне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія паўсталі ў нас пасля падзей 2010 года.

Не варта забывацца яшчэ і на тое, што Літва — наш асноўны выхад да Балтыйскага мора. І невядома, як гэты законапраект у выпадку яго прыняцця адаб’ецца на тым жа «Беларускаліі» альбо Беларускай чыгунцы.

Карацей, гэты законапраект можа несці як палітычныя, так і асабістыя, і эканамічныя наступствы для беларускіх ўладаў.

У той жа час Беларусь адзначае маленькую гадавіну. Год таму, 14 красавіка 2016-га, набыло моц палажэнне, згодна з якім замежныя пасылкі коштам больш за 22 еўра і вагой больш 10 кілаграмаў пачалі абкладацца мытнай пошлінай. У Дзяржаўным мытным камітэце з гэтай нагоды падбілі вынікі. Апынулася, што «пад мыту» трапіў толькі 1% пасылак з 12,7 мільёна міжнародных паштовых адпраўленняў.

Але за перавышэнне лімітаў на пасылкі з-за мяжы беларусы ў мінулым годзе заплацілі ў дзяржбюджэт не так ужо і мала — 2,4 мільёна рублёў, што па курсе Нацбанка складае каля 1,2 мільёна долараў.

«Часцей за ўсё перавышэнне нормы адбываецца па цане за кошт паступлення некалькіх пасылак аднаму адрасату на працягу каляндарнага месяца. У асноўным налічэнне мытных пошлін здзяйснялася мытнымі органамі на падставе звестак аб кошце тавараў, названым адпраўніком у дакументах, якія суправаджаюць міжнародныя паштовыя адпраўленні», — расказалі ў ДМК.

Лепш бы яны маўчалі. Зараз беларусы будуць больш уважліва замаўляць тавары праз інтэрнэт на якім-небудзь Аliexpress, каб гэтыя пасылкі адна з другой «не перасякаліся».

А яшчэ мы даведаліся, куды ідуць гэтыя падаткі з пасылак, падатак «дармаедаў» і іншыя нашы плацяжы. Не, мы і так пабачылі гэта на свае вочы 25 сакавіка, калі па сталіцы праехаліся новыя вадамёты, браневікі і джыпы з незразумелымі металічнымі канструкцыямі. Але зараз журналісты паглядзелі ў дакументы.

На працягу сакавіка Дэпартамент фінансаў і тылу МУС размясціў на сайце дзяржаўных закупак icetrade.by чатыры заяўкі на закупку новага транспарту. 13 сакавіка Галоўнае ўпраўленне камандуючага ўнутранымі войскамі апублікавала запыт на сем тыпаў аўтамабіляў. У гэтым спісе 11 легкавых аператыўных аўтамабіляў (Geely Emgrand 7 або аналаг), два мікрааўтобусы на 18 месцаў (сіняга колеру), чатыры МАЗа серыі 531605 для перавозкі асабовага складу, 5 патрульных УАЗаў, 5 аўтазакаў ГАЗ-2705, адзін грузавы МАЗ і адзін аўтамабіль для сапёрна-піратэхнічнай групы.

24 сакавіка была размешчана заяўка на 28 матацыклаў. Патрабаванне да транспартнага сродку — 4-тактавы рухавік аб'ёмам не менш 790 см3. 27 сакавіка МУС размясціла заяўку на спецаўтамабіль са сталым поўным прывадам.

У заяўцы ад 28 сакавіка — заказ на 10 легкавікоў. У дакументах удакладняецца, што, згодна з указам «Аб упарадкаванні набыцця службовых легкавых аўтамабіляў», кошт аўто не павінен перавышаць суму, эквівалентную 25 000 еўра з улікам мытных і іншых плацяжоў.

Аб'ём бюджэту для кожнага лота ў заяўках не пазначаны. Але самі можаце здагадацца, колькі ўсё гэта каштуе. Адных легкавікоў — мінімум на паўмільёна долараў. І гэта — нашы падаткі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: