На перамовах у Менску Украіну ўпершыню прадставяць прызначэнцы Зяленскага

5 чэрвеня ў Менску адбудзецца першая сустрэча трохбаковай кантактнай групы мірнага ўрэгулявання ў Данбасе пасля змены ўлады ва Украіне, паведамляе Радыё Свабода
Дэлегацыю Украіны на гэтай сустрэчы ўзначаліць другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які вернецца на працу ў менскую групу пасля васьмімесячнай паўзы.

У гуманітарнай падгрупе, якая абмяркоўвае, у прыватнасці, вызваленне затрыманых, Украіну будзе прадстаўляць экс-амбудсмэн Валерый Луцкоўскі, які таксама мае досвед працы ў трохбаковай кантактнай групе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 4 чэрвеня ў Бруселі абвясціў, што нядаўна прызначаны начальнік Генеральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Руслан Хамчак возьме ўдзел у пасяджэнні групы 5 чэрвеня.

Трохбаковая кантактная група ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе ў сераду ў Менску абмяркуе пытанне прыпынення агню ды абмену палоннымі, паведаміў Уладзімір Зяленскі на сумесным брыфінгу з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбергам у Бруселі, дадаўшы, што Украіна будзе актыўна працаваць у гуманітарных і эканамічных пытаннях.

Зяленскі: нязменны стратэгічны прыярытэт Украіны – сяброўства ў Еўразвязе і NATO
3 чэрвеня Уладзімір Зяленскі заявіў, што другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма зноў будзе прадстаўляць Кіеў у трохбаковай кантактнай групе.

Замірэнні, пра якія дамаўляліся на сустрэчах трохбаковай кантактнай групы ў Менску, парушаліся амаль адразу. Апошнім часам нават такіх дамоўленасцяў дасягаць не ўдавалася альбо расейскія гібрыдныя сілы заяўлялі, што адмяняюць іх у аднабаковым парадку. Пры гэтым бакі адмаўляюць віну ў парушэннях і абвінавачваюць праціўнікаў у правакацыях.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасля расейскай акупацыі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў збройнай падтрымцы баевікоў. Крэмль адхіляе гэтыя абвінавачанні і заяўляе, што ў Данбасе могуць быць расейскія «добраахвотнікі».

Паводле дадзеных ААН, па стане на канец снежня 2018 году падчас канфлікту з усіх бакоў было забіта каля 13 тысяч чалавек, амаль 30 тысяч былі параненыя.

Трохбаковай кантактнай групай з'яўляецца ўпаўнаважаная група прадстаўнікоў Украіны, АБСЕ і Расеі для мірнага ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!