На пікеце блогера Ціханоўскага ўтварылася вялікая чарга

У Мінску на плошчы каля Камароўскага рынку праходзяць пікеты за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.
На пікеты выйшлі Уладзімір Няпомняшчых, Вольга Кавалькова, а таксама прыхільнікі жонкі гомельскага блогера Святланы Ціханоўскай. Пікеты трох прэтэндэнтаў праходзяць адначасова, стаяць асобна адзін ад аднаго. Падтрымаць патэнцыйных кандыдатаў прыйшоў Сяргей Ціханоўскі, а таксама палітык Мікалай Статкевіч.

Самой Святланы Ціханоўскай на пікеце няма. Блогер сказаў, што не ведае, прыедзе яна ці не.

Раней Ціханоўскі распавёў журналістам, што, па сутнасці, гэта будзе яго кампанія, Святлана — тэхнічны кандыдат. Ініцыятыўную групу блогера, нагадаем, ЦВК не зарэгістраваў, таму зараз блогер — кіраўнік ініцыятыўнай групы жонкі. Збіраць 100 тысяч подпісаў група Святланы Ціханоўскай не плануе, стратэгія блогера — байкот выбараў, «калі ў іх будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, а галасы падлічваць — Ярмошына».
На пікет Ціханоўскі у Камароўкі яшчэ да афіцыйнага пачатку (у 12 гадзін) сабралася каля дзвюх соцень чалавек. Людзі абмяркоўвалі стаўленне беларусаў да палітыкі.

 Шмат наракаем, шмат гаворым, а трэба дзейнічаць, — сказаў адзін з тых, хто прыйшоў.

— Усе думаюць, што беларусы ў гародах сядзяць, але няма, мы прыйшлі, — адзначыла жанчына.


Сяргей Ціханоўскі, які прынёс падпісныя лісты за Святлану, папрасіў усіх трымаць дыстанцыю. Амаль усе людзі ў масках. Адна з прыхільніц блогера папрасіла людзей, якія жадаюць пакінуць свой подпіс, стаць у чаргу.

— Каб доўгая была, каб ад метро нас было відаць, — засмяялася яна.

Людзі працягваюць падыходзіць, па дадзеных на 12.00, чарга да падпісных лістоў расцягнулася ад уваходу на рынак да Дома мэблі.

На пікет прыйшоў Мікалай Статкевіч. Ён заявіў, што як давераная асоба Уладзіміра Няпомняшчых і Вольгі Кавальковай гатовы абмеркаваць, што рабіць беларускаму народу.

Уладзімір Няпомняшчых, чыю ініцыятыўную групу зарэгістравалі, заявіў, што сёння ў Беларусі выбараў няма, а таксама назваў сябе пратэстным кандыдатам і заклікаў не хадзіць на выбары.

Пакуль на сваім пікеце выступала Вольга Кавалькова, людзі пакідалі подпісы за Святлану Ціханоўскую. Некаторыя прыйшлі з двума пашпартамі.

— У мяне бабуля на самаізаляцыі, але хоча свой голас пакінуць, можна?

— На жаль, не.

— Прапусціце мяне, калі ласка, наперад. У пляменніка дзень нараджэння, мяне сямёра дзяцей чакаюць, — просіць малады чалавек.

 Мы не чакалі, што столькі людзей прыйдзе, — прызнаўся Ціханоўскі.

На пытанне мужчыны: «Так мы за вас пакідаем подпісы або за Святлану?», Сяргей Ціханоўскі адказаў: «Я не ведаю, за каго вы пакідаеце свае подпісы».

Праз 40 хвілін чарга расцягнулася амаль да ўваходу на станцыю метро плошчу Якуба Коласа.

Сяргей Ціханоўскі прайшоўся ўздоўж чаргі, сабраў вакол сябе некалькі дзясяткаў чалавек і выступіў перад імі. Блогер заявіў, што ў бліжэйшыя 20 дзён плануе са сваёй камандай ездзіць па краіне і размаўляць з людзьмі.

— Гэта будзе мірны працяглы пратэст, можа, усебеларуская забастоўка. Бачыце, колькі людзей прыйшлі паставіць свой подпіс, яны яго ставяць супраць фальсіфікацый і дыктатур, людзі стаміліся. Мы па законе маем права праводзіць такія пікеты, мы і карыстаемся гэтым правам, — заявіў Ціханоўскі.

Блогер заклікаў людзей не ўдзельнічаць у выбарах.

— Назіральнікамі можна пайсці, вам будзе дрэнна, як было дрэнна мне на лістападаўскіх выбарах: калі яўка была 15%, а намалявалі 74%, — сказаў блогер.

Нагадаем, збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты стартаваў 21 мая. У тэрмін да 19 чэрвеня 15 ініцыятыўных груп павінны сабраць па 100 тысяч подпісаў, каб іх вылучэнца зарэгістравалі ў якасці кандыдата.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: