На слуханнях па Беларусі ў Кангрэсе ЗША прапанавалі санкцыі супраць сяброў Лукашэнкі на Блізкім Усходзе

Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле Святланы Ціханоўскай.

6 траўня ў Камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША адбыліся слуханні, прысвечаныя дэмакратыі і правам чалавека ў Беларусі, піша «Свабода».

Слуханні адбываліся ў онлайн-фармаце, іх вялі амерыканскія кангрэсмены, якія актыўна падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў: Джэймс Макговерн і аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» Крыстафэр Сміт.

Адкрываючы слуханні, кангрэсмен Сміт, у прыватнасці, сказаў, што выбары 2020 году ў Беларусі былі скрадзеныя і сапраўднай пераможцай на іх была Святлана Ціханоўская.

Кангрэсмен Макговерн, адзначыў, што Беларусь была названая найбольш небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў. Ён заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць блогера і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка, журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, а таксама ўсіх журналістаў і іншых палітычных вязняў.

Міжнародная канферэнцыя па Беларусі

Святлана Ціханоўская ў сваім выступе расказала пра масавыя рэпрэсіі і катаванні ў Беларусі. Яна адзначыла, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году беларусы ясна бачылі альтэрнатыўных кандыдатаў — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу — але тых пасадзілі ў турму альбо прымусілі пакінуць Беларусь.

«На гэты час ужо больш за 35 тысяч арыштаў, больш за 3 тысячы крымінальных спраў, як найменш 8 чалавек былі забітыя, тысячы выпадкаў жорсткага збіваньня і катаванняў — і ніводнай справы супраць вінаватых у гвалце рэжыму», — сказала Ціханоўская.

Паводле Святланы Ціханоўскай, для палітычнага развязання ў Беларусі неабходныя тры крокі:

1. Нацыянальны дыялог і прымірэнне на аснове вызвалення ўсіх палітычных вязняў і аднаўлення іх правоў;

2. Новыя свабодныя і справядлівыя выбары;

3. Рэформа палітычнай сістэмы, аднаўленне вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека.

Святлана Ціханоўская заклікала ЗША надалей ізаляваць Лукашэнку, арганізаваць міжнародную канферэнцыю па развязанні палітычнага крызісу ў Беларусі, а таксама павялічыць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных СМІ і бізнэсаў.

Адказваючы на пытанне кангрэсмена Сміта, Святлана Ціханоўская сказала, што санкцыі з'яўляюцца эфектыўным інструментам ціску на Лукашэнку. Паводле яе, народ Беларусі ўжо пакутуе і таму гатовы падтрымаць санкцыі супраць рэжыму.

Санкцыі супраць расійскіх алігархаў

Дэйвід Крэймер, даследчык з Міжнароднага ўнівэрсітэту Флорыды і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, у сваім выступе заклікаў да санкцыяў не толькі супраць беларускіх бізнэсоўцаў, якія фінансуюць Лукашэнку, але і блізкіх да Лукашэнкі расійскіх алігархаў, а таксама расійскіх прапагандыстаў, найперш з тэлеканалу RT.

У прыватнасці, ён назваў Міхаіла Гуцэрыева, Германа Грэфа, расійскія банкі ВТБ, ВЭБ і «Газпромбанк», а таксама кампаніі «Газпром», «Слафнефть», «Роснефть» і «Уралкалий».

Сярод паплечнікаў Лукашэнкі, якія маюць быць асноўнымі мішэнямі санкцый, ён назваў Віктара Шэймана, Аляксея Алексіна, Мікалая Вараб'ёва, Аляксандра Зайцава, Аляксандра Машэнскага і Ўладзімера Пефціева.

Акрамя таго, паводле Крэймера, мішэні санкцыяў таксама маюць быць на Блізкім Усходзе, у прыватнасці ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, з якім Лукашэнка мае шчыльныя бізнэс-сувязі. «Эміратам і іншым у рэгіёне трэба выбіраць: падтрымліваць Лукашэнку ці застацца ў добрых адносінах са Злучанымі Штатамі».

Даць ясны сігнал Расіі

Дэйвід Крэймер таксама адзначыў, што трэба даць ясныя сігналы Расіі пра непрымальнасць захопу Беларусі — захопу вайсковымі ці эканамічнымі сродкамі.

Дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве Адам Эбэргард у сваім выступе, у прыватнасці, адзначыў, што ўплыў Расіі, які і раней быў вялікім, вырас яшчэ больш у сувязі з дзеяннямі Лукашэнкі і міжнароднай ізаляцыяй Беларусі. Паводле яго, Лукашэнка — асноўная крыніца слабасці беларускай незалежнасці. Адам Эбэргард падкрэсліў што вельмі важна падтрымліваць нацыянальную свядомасць беларусаў.

Аналітык, рэдактар сайту Window on Eurasia Пол Гоўбл у сваім выступе адзначыў, што многія на Захадзе не хочуць памятаць, што хоць Лукашэнка і з'яўляецца намінальным аўтарам аўтарытарнай сістэмы ў Беларусі, яна была зробленая ў Маскве. Паводле Гоўбла, тыя людзі на Захадзе, якія хочуць бачыць Беларусь сапраўднай дэмакратыяй, мусяць засвоіць урок, што без сваёй краіны дэмакратыі быць не можа.

Пазней у дыскусіі, Пол Гоўбл сказаў, што беларусы мусяць атрымаць ясны сыгнал — пасьля змены ўлады яны маюць шанцы стаць паўнавартаснымі чальцамі міжнароднай супольнасці, у тым ліку ў NATO і еўрапейскай эканомікі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: