На судзе ў Расіі палітвязню Грыбу выклікалі хуткую

У Растове-на-Доне пачаліся дэбаты па справе Паўла Грыба, але судовае пасяджэнне перапынілі з-за дрэннага самаадчування ўкраінскага палітвязня.
Як паведамляе «Громадське», па словах украінца, ён адчувае сябе дрэнна. Кажа, што належнай медыцынскай дапамогі яму не аказваюць.

«З часу мінулага пасяджэння, калі я захварэў, ніхто нічога не зрабіў, мяне вязуць сюды і кажуць, што я здаровы. Я прашу вас перанесці паседжанне. Я не павінен тут сядзець і пакутаваць з хваробамі», — сказаў Грыб.

Ён адзначыў, што не здольны ўдзельнічаць у дэбатах, скардзіцца на млоснасць і боль.

«Сёння раніцай вывелі ў асобны пакой. Там нічога няма, зачынілі проста. Гэта робіцца для таго, каб паглядзець мае паперы. Ёсць для таго спецыяльныя людзі. Гэта мяне наўмысна вывелі, паглядзелі. І ў мяне там нічога такога няма. Заявы, апошняе слова», — дадаў Грыб.

Палітвязень таксама адзначыў, што ён лічыць сваю справу выключна палітычным.

«Я думаю, што гэта палітыка. І думаю, што калі гэтую справу толькі пачыналі, ніхто не думаў, што так атрымаецца», — сказаў ён.

Зараз у Паўночна-Каўказскім ваенным акруговым судзе абвешчаны перапынак. Паўлу Грыбу выклікалі хуткую дапамогу.

Сваякі палітвязня неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што ў калоніі, дзе ўтрымліваецца Грыб, недаацэньваюць яго крытычны стан і ігнаруюць наяўнасць цяжкіх захворванняў. Бацька ўкраінскага палітвязня Ігар Грыб паведаміў, што ў Паўла з'явіліся сімптомы хваробы Альцгеймера і пачатковая стадыя цырозу печані.

Як вядома, Павел Грыб знік у канцы жніўня 2017 года. Яго сваякі заявілі, што ён паехаў у Беларусь на сустрэчу са знаёмым, аднак пазней прапаў без вестак. Беларусь афіцыйна пацвердзіла ўезд Грыба 24 жніўня ў краіну.

7 верасня 2017 года яго бацька Ігар Грыб са спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад Міністэрства замежных спраў Украіны, паведаміў, што яго сына утрымліваюць у СІЗА ў Краснадары. Дырэктар Дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч распавёў, што Грыб быў затрыманы 25 жніўня. Расія абвінавачвае Паўла Грыба ў «схіленні да тэрарызму».

Паводле ATR

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!