На «выбарах» у Беларусі галасуюць нябожчыкі

Пра гэта паведамляе назіральніца кампаніі назірання «Права выбару» Вольга Булай, піша БелаПАН.



Сёння, 11 кастрычніка, выбарчая камісія №8, што ў Оршы, паведаміла, што галасаваць дома запісалася 350 чалавек з 1904 выбаршчыкаў. Гэтая лічба складае больш за 18% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на дзялянцы.

Камісія прыняла пастанову адправіць дзве мабільныя групы ў колькасці па два чалавекі кожная для галасавання дома. Першая мабільная група, якая складаецца з чальцоў выбарчай камісіі, павінна ахапіць 300 выбаршчыкаў, другая — 50.

Назіральнікаў кампаніі «Права выбару» для назірання працэдуры галасавання дома ніхто з сабой не ўзяў, аднак яны здолелі прасачыць за тым, куды паехала мабільная група, якая павінна абысці 50 выбаршчыкаў. Калі камісія абыходзіла адрасы грамадзян, якія запісаліся для галасавання дома, пяты з такіх грамадзян выявіўся памерлым яшчэ ў верасні.

У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 54 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь для таго, каб прагаласаваць дома, выбаршчык павінен звярнуцца да чальцоў камісіі ў вуснай або пісьмовай форме да пачатку галасавання.

Варта таксама адзначыць, што каб паспець да ўсіх 300 выбаршчыкаў, якія пажадалі прагаласаваць дома, камісія павінна выдаткоўваць на кожнага з іх па 2,4 хвіліны без перапынку на абед. Чарговы рэкорд выбарчай кампаніі пакажуць вынікі галасавання ў канцы дня.

Паводле: Хартыя 97

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-12 14:10:12
Эх, няма газеты "Навінкі"! Уяўляю, які б яны матэрыял падрыхтавалі пра зомбі!