Набег пікапаў: у Мінску вырашылі «касплеіць» падзеі ў афрыканскім Чадзе

«Belarus Security blog» піша пра тое, што раскрытая змова «юрыста і пушкініста» працягвае абрастаць падрабязнасцямі ў выкананні дзяржпрапаганды. І гэтыя падрабязнасці вельмі нагадваюць гульню ў «Чадскі варыянт».


І чым больш становіцца падрабязнасцяў, тым больш уся гісторыя зрушваецца з разраду «канспіралогія» праз «фейк» да катэгорыі «казкі», піша BSBLOG. Мінулыя выходныя падкінулі новых «дэталей». Найважнейшымі з іх стала абнародаванне «бюджэту» ўсёй задумы ў USD 11 млн. і ўварванне 150 пікапаў з кулямётамі з тэрыторыі Літвы як спосаб ліквідацыі Лукашэнкі. Паглядзім уважліва, што не так з гэтай гісторыяй.

Уводная. Маем USD 11 млн. (з якіх USD 1 млн. быў зарэзерваваны для снайпера, чыя куля павінна трапіць у Лукашэнку) і 150 пікапаў з кулямётамі. З іх дапамогай неабходна ўварвацца ў Беларусь з тэрыторыі Літвы і арганізаваць штурм адной з дзяржрэзідэнцый у Мінску з мэтай забойства Лукашэнкі і яго набліжаных. Уся аперацыя спланаваная спецслужбамі ЗША з ведама вышэйшага палітычнага кіраўніцтва гэтай краіны. Гэта значыць, яе распрацоўвалі прафесіяналы высокага ўзроўню.

Бухгалтэрыя не б’ецца. Небраніраваны новы пікап з буйнакаліберным кулямётам каштуе не менш за USD 50 тыс. за штуку. Усяго USD 7,5 млн. толькі на тэхніку і ўзбраенне. Плюс паліва і боекамплект.

Далей: сам пікап не ездзіць і не страляе. Значыць, патрэбныя людзі, экіпаж: кіроўца, кулямётчык і яшчэ 2-3 стралкі на кожную машыну. Разам не менш за 600 чалавек.

Складанасць аперацыі патрабуе адпаведнага падбору выканаўцаў: гэта павінны быць прафесіяналы высокага ўзроўню. Яны каштуюць нятанна. А кадравых вайскоўцаў не накіруеш, таму як такія дзеянні злачынныя з пункту гледжання і міжнароднага права, і ўнутранага заканадаўства саміх ЗША. Акрамя таго, рызыка страт высокая.

А гэта значыць, што прыцягнутым выканаўцам трэба плаціць і за іх прафесіяналізм, і за рызыку, і за факт злачыннасці самога дзеяння. У ідэале, пасля ўдзелу ў падобнай аперацыі яны павінны сысці з бізнесу і не «свяціцца». То-бок узнагароджанне павінна забяспечваць камфортнае жыццё выканаўцы на працягу наступных 30 гадоў. У гэтых умовах USD 5 млн. — ніжняя мяжа ўзнагароджання. Кожнаму ўдзельніку.

Усяго: бюджэт аперацыі не можа быць менш за USD 3 млрд.

Ці ёсць шанец? Такім чынам, уварванне пачалося. 150 пікапаў з прафесійнымі галаварэзамі зламалі гераічны супраціў аднаго з пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы і на поўнай хуткасці імчацца ў бок Мінска, каб задаць спякоты аднаму «цвёрдаму арэшку» (па вызначэнні амерыканскай і польскай разведак паводле «радыёперахопу» беларускай выведкі).

Увогуле, ёсць прамая сувязь паміж хуткасцю перамяшчэння і якасцю дарогі. Так што калону пікапаў, што блукае па прасёлках, можна ў якасці варыянту не разглядаць. Толькі маланкавы рывок па трасе ад мяжы да Мінска. Па дарозе будзе шэраг буйных мастоў і мінімум адна развязка. Знішчэнне якіх здольнае спыніць набег. На асобных участках траса ідзе праз лясныя масівы, якія абмяжоўваюць магчымасці па разгрупаванні тэхнікі. І спрашчаюць яе знішчэнне з паветра.

Відавочна, што ад моманту пачатку атакі будуць прыняты меры па яе спыненні. У паветра будуць паднятыя дзяжурныя пары Су-25 у Лідзе, МіГ-29 / Су-30СМ у Баранавічах і верталётаў Мі ў Мачулішчах. Якіх у прынцыпе можа быць дастаткова для разгрому калоны пікапаў ці, як мінімум, іх прыпынення за кошт знішчэння збудаванняў транспартнай інфраструктуры на маршрутах руху.

Але выкажам здагадку, што ўсе бомбы, ракеты і снарады паляцелі міма. І злосная арда амерыканскіх наймітаў набліжаецца да Мінска. Хто ж іх тут сустрэне? Ці ёсць сілы для адпору? Сёе-тое ёсць:

Мінскі гарнізон міліцыі — не менш за 9 тысяч чалавек, худа-бедна, але ўмеюць страляць.

120-я мехбрыгада можа выставіць не менш за дзве батальённыя тактычныя групы, у кожнай 1-3 танкавыя роты і 2-3 мотастралковыя з артылерыяй — усяго не менш за 2 тыс. чалавек і пад сотню адзінак бронетэхнікі з гарматным узбраеннем.

У межах Мінскай кальцавой аўтадарогі ёсць і іншыя ваенныя часткі, плюс клеркі Мінабароны, плюс курсанты і выкладчыкі Ваеннай акадэміі і ваенных факультэтаў ВНУ. Гэта яшчэ каля 5 тысяч узброеных людзей.

Не забываемся пра КДБ, СБП і ААЦ. А гэта яшчэ 2-3 тысячы.

Зразумела, што ў значнай меры гэтыя людзі з’яўляюцца офіснымі работнікамі. Але яны маюць навыкі абыходжання са зброяй і іх шмат. Значна больш, чым тых, хто ўварваліся (19 тысяч супраць ўмоўна 600-750, няхай нават 1000).

І гэта толькі тое, што можна сабраць у Мінску. А ёсць яшчэ Барысаўскі і Жодзінскі гарнізоны, брыгада спецназа ў Мар'інай Горцы. Дадаткова не менш за 5 тысяч чалавек якія могуць прыбыць у Мінск да падыходу да сталіцы калоны пікапаў.

Пры гэтым трэба памятаць, што задача тых, хто ўварваўся — не ўвязвацца ў вулічныя баі з праціўнікам, які пераўзыходзіць іх па колькасці разоў у 25-30, а ліквідаваць Лукашэнку. Якога яшчэ трэба знайсці ў адной з некалькіх рэзідэнцый. Дый хто сказаў, што ён застанецца ў Мінску?

Увогуле, задума з уварваннем 150 пікапаў з Літвы рэалістычных шанцаў на поспех не мае. Затое нагадвае байкі камуністычнай прапаганды пра сотні замахаў на Фідэля Кастра, арганізаваных амерыканцамі, падчас якіх ні адзін волас з барады камандантэ не ўпаў. Як шанцуе, аднак…

Але не толькі кубінскія казкі прыходзяць на памяць.

Мы гэта ўжо бачылі. У Заходняй Афрыцы ёсць краіна Чад, названая ў гонар аднайменнага возера.

Апошнія гадоў 40 краіна ваюе. У асноўным гэта грамадзянскія войны. Але была ў яе гісторыі вайна з Лівіяй. Сябар Лукашэнкі нябожчык Кадафі адправіў у Чад механізаваныя злучэнні з танкамі і іншай бранятэхнікай, каб пад шумок чарговай грамадзянскай вайны анэксаваць частку тэрыторыі суседняй краіны.

Французы ў адказ перадалі тагачаснаму чадскаму ўраду некалькі соцень пікапаў «Таёта» з усталяванымі на іх буйнакалібернымі кулямётамі і супрацьтанкавымі ракетамі. Скарыстаўшыся ўмовамі рэльефу мясцовасці, чадскія войскі ў 1986-1987 гадах ганебна, ушчэнт разграмілі лівійцаў. «Нагнуўшы» ашалелага Кадафі так, што пасля гэтага ён ужо «не разагнуўся» і ваенных авантур не ладзіў. Гісторыя стала вядомая як «Вайна “Таёт”».


З тых часоў у Чадзе так і ваююць: на пікапах. А грамадзянскія войны там заключаюцца, па-сутнасці, у бітве за сталіцу Нджамену: праціўнікі кіруючага рэжыму з тэрыторыі суседніх краін ўрываліся на гэтых самых узброеных пікапах на чадскую тэрыторыю і імкліва прасоўваліся ў напрамку сталіцы. Ну, а далей — як пашанцуе. Да нядаўняга часу не шанцавала.

Але ў красавіку 2021 года нешта памянялася. З 1990 года Чадам кіраваў Ідрыс Дэбі, які абвясціў сябе маршалам і фарсіў на афіцыйных мерапрыемствах у маршальскім мундзіры. І тут цікавая паралель з Беларуссю: Лукашэнка таксама прыдумаў сабе мундзір галоўнакамандуючага з пагонамі, вельмі падобнымі да пагонаў савецкіх маршалаў.

Далей: таварыш маршал Дэбі 11 красавіка «выйграў» чарговыя прэзідэнцкія выбары з вынікам больш за 79% галасоў. Чамусьці знайшліся незадаволеныя гэтым фактам, якія з тэрыторыі суседняй Лівіі і пры замежнай падтрымцы пачалі ўварванне на чадскую тэрыторыю. Традыцыйна, на пікапах.

«Цвёрды арэшак» Дэбі выступіў насустрэч ворагу асабіста і загінуў у баі ад снайперскай кулі. Зменшага, такая афіцыйная версія.

Увогуле, ствараецца ўражанне, што ў Мінску сёй-той вырашыў асабліва не затлумляцца і проста касплеіць (разыграць) чадскія падзеі. Праўда, там гэта рэальная і павучальная ў многіх аспектах гісторыя. А тут мы маем балаган, які кепска пахне.

Пераклад НЧ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: