Надзея Гацак патрабуе пазбавіць рэгістрацыі Андрэя Савіных за падман выбаршчыкаў

Старшыня аргкамітэту Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Надзея Гацак, якая зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты ў Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96, звярнулася ў ЦВК са скаргай на непраўдзівыя звесткі ад свайго апанента – дыпламата Андрэя Савіных.
Надзея Гацак

Надзея Гацак

Справа ў тым, што на сайце ЦВК Беларусі і Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Мінску змешчаная інфармацыя пра тое, што Андрэй Уладзіміравіч з’яўляецца Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Турцыі.

Разам з тым гэтая інфармацыя з’яўляецца непраўдзівай. Яшчэ больш за месяц таму, 12 верасня, ён быў звольнены з гэтай пасады прэзідэнцкім указам № 331, а на ягонае месца быў прызначаны Віктар Рыбак.

«Такім чынам, Савіных А.У. ужо больш за месяц не з’яўляецца Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы. Тым больш ён не з’яўляўся ім на момант падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты. Не з’яўляўся ён ім падчас асноўнага этапу збору подпісаў, але тым не менш працягваў называць сябе тым, кім больш не з’яўляецца, — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы. На маю думку свядомая падача такіх непраўдзівых звестак падчас збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдата мае на мэце стварэнне неканкурэтных перавагаў у параўнанні з іншымі кандыдатамі ў дэпутаты на акрузе», — гаворыцца ў скарзе.

У сувязі з гэтым Надзея Гацак патрабуе пазбавіць рэгістрацыі Андрэя Савіных, які ўвёў у зман выбаршчыкаў падчас збору подпісаў і падаў непраўдзівыя звесткі ў акруговую выбарчую камісію для рэгістрацыі сябе кандыдатам у дэпутаты.

Таксама лідарка МХД патрабуе прыцягнуць да адказнасці членаў Чкалаўскай акруговай выбарчай акругі № 96, «якія не справіліся са сваімі абавязкамі і зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты чалавека, які прадставіў непраўдзівыя звесткі пра сваю працу».

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!