«Нафта ў абмен на пацалункі» — рэальнасць або метафара?

Для таго, каб быць роўным дэ-юрэ, неабходна быць роўным дэ-факта. Але ў Саюзнай дзяржаве адзін заснавальнік пераўзыходзіць іншага па ўсіх паказчыках мінімум на парадак. Адсюль цалкам лагічная прапанова ўвайсці ў склад Расіі «шасцю абласцямі».


«Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе», — любіла нагадваць нядбайным студэнтам у гады маёй маладосці выкладчыца нямецкай мовы Варатніцкая. На жаль, не памятаю яе імя. З тых часоў, як я здаваў «тысячы», прайшло амаль паўстагоддзя. Апраўданне слабае, але іншага ў мяне няма.

Калі меркаваць па шматлікіх каментарах незалежных беларускіх экспертаў, з аналагічнай сітуацыяй можа сутыкнуцца і вяровачка беларускай незалежнасці, прычым, самым бліжэйшым часам.

«Бабіч як папярэднік аншлюсу. Ствараецца ўражанне, што з прызначэннем новага амбасадара ў Мінску Масква ўзяла курс на паглынанне Беларусі». Пад такім кідкім загалоўкам 31 жніўня апублікавала артыкул расійскае агенцтва «Росбалт». Артыкул быў аператыўна растыражаваны беларускімі СМІ. Зразумела, недзяржаўнымі.

Варта прызнацца, што тэма аншлюсу («аншлюс» па-нямецку — «далучэнне», «саюз») усплывае не ўпершыню. Падобна міне з гадзіннікавым механізмам, яна была закладзеная ў так званую Саюзную дзяржаву ўжо ў момант яе стварэння.

«Роўнасць для роўных», — сцвярджаў Арыстоцель. Разумны быў дзядзька. Для таго, каб быць роўным дэ-юрэ, неабходна быць роўным дэ-факта. Але ў Саюзнай дзяржаве адзін заснавальнік пераўзыходзіць іншага па ўсіх паказчыках мінімум на парадак. Адсюль цалкам лагічная прапанова ўвайсці ў склад Расіі «шасцю абласцямі».

Імперыі бываюць розныя

Я не з’яўляюся прыхільнікам расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, але неяк так атрымалася, што ў канцы верасня прачытаў на «Партызане» яго артыкул «Чарговы правал».

«Зимой и летом одним цветом», — гэта не загадка пра ялінку. Так расійскі палітолаг апісвае беларуска-расійскія адносіны. Але больш правільна было б казаць не пра міждзяржаўныя адносіны, а пра стасункі кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, што пацвярджае ўжо першы абзац «Чарговага правалу»: «Шэсць гадзін перамоваў і ніводнага рашэння — аглушальны вынік сёмай за 2018 год сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Беларусі, што адбылася 21 верасня».

Правал ідзе за правалам, што, аднак, не перашкодзіла Беларусі імпартаваць з Расіі па льготных коштах энергетычных тавараў за апошнія восем гадоў (2010–2017 гады) на $ 98,5 мільярда. Гэтыя дадзеныя я запазычыў са «Статыстычнага штогодніка – 2018», апублікаванага ў канцы верасня.

Каб чытачы зразумелі глыбіню правалу, да апошніх дадзеных «Белстата» далучу разлікі Міжнароднага валютнага фонда. Прыводжу фрагмент артыкула «Утоены рахунак на $100 мільярдаў: як Расія ўтрымлівае беларускую эканоміку», запазычаны на сайце РБК: «МВФ у верасні 2016 года ацэньваў агульную падтрымку беларускай эканомікі з боку Расіі ў $106 мільярдаў толькі за перыяд 2005–2015 гадоў, або каля $9,7 мільярда на год. У розных гадах аб’ём «агульнай чыстай падтрымкі» ад Расіі вар’іраваўся ад 11% да 27%».

У якасці эксперта НІСЭПД аўтар гэтых радкоў на працягу шэрагу гадоў рыхтаваў штомесячны аналіз асноўных сацыяльна-палітычных і эканамічных падзей у Беларусі («Инфофокус»). Натуральна, не заставаліся па-за ўвагай шматлікія беларуска-расійскія эканамічныя «войны». Але кожны раз, прагназуючы перспектывы іх вырашэння, аўтар лічыў, што апошняе слова застанецца за беларускім бокам, і амаль ніколі не памыляўся.

Заўважу, што пры гэтым не было ніякай патрэбы ў інсайдарскай інфармацыі. Амаль беспамылковыя прагнозы рабіліся выключна на падставе разумення прыроды расійскай дзяржавы.

Сучасная расійская дзяржава, як і яе гістарычныя папярэднікі, з’яўляецца імперыяй. Мяркую, навіной гэта ні для каго не з’яўляецца. Але ў адрозненне ад імперый еўрапейскіх дзяржаў XVIII–XX стагоддзяў, своеасаблівых бізнес-праектаў, якія ствараліся для здабывання прыбытку з заморскіх калоній, Расійская імперыя — ідэакратычная. Яе асноўнай мэтай было прасоўванне месіянскай ідэі: першапачаткова праваслаўя, пазней — камунізму.

За прэтэнзіі на месіянства даводзіцца плаціць. І Расія плаціла. Плаціла ў мінулым. Плаціць і сёння. Самы свежы прыклад — Крым, «далучэнне» якога нятанна абышлося расійскім падаткаплатнікам.

У другой палове XX стагоддзя пад еўрапейскімі бізнес-імперыямі была падведзена тлустая рыса. Гуманізм тут калі і адыграў сваю ролю, дык далёка не галоўную. Уся справа ў росце нацыянальнай самасвядомасці каланізаваных народаў, барацьба з якой істотна падвысіла выдаткі краін-метраполій. Прыбыткі ад эксплуатацыі змяніліся стратамі, што і прывяло да згортвання імперскіх бізнес-праектаў.

Замены камуністычнай ідэалогіі Расія не знайшла. Інтэлектуальная імпатэнцыя тут не пры чым. Ідэалогіі — гэта атрыбут індустрыяльнага свету з яго масавай вытворчасцю, разлічанай на масавага спажыўца, якому прапаганда лёгка ўнушала спрошчаную «карціну свету».

Але ў постіндустрыяльным свеце з яго базавым сацыякультурным тыпам чалавека, нацэленага на самарэалізацыю, такі нумар больш не праходзіць. Прыклад — Беларусь. Колькі б бюджэтных рэсурсаў ні накіроўвалася на падтрымку дзяржаўных СМІ, іх уздзеянне на мадэрнізаваную частка грамадства («меншасць») нікчэмнае.

Сатырык і эканамічны рост

Расія, што страціла месіянскую ідэалогію, але так і не сфармавала тое, што сёння прынята называць «мяккай сілай», тым не менш, не пазбавілася ад патрэбы ў імперскай палітыцы. Тут напрошваецца прамая аналогія з фантомнымі болямі (суб’ектыўнае адчуванне існавання канечнасці пасля яе ампутацыі).

Адсутнасць «мяккай сілы» кампенсуецца сілай «жорсткай». Натуральна, пад раздачу, галоўным чынам, трапляюць бліжэйшыя суседзі.

Але хто ў сучаснай Расіі пакутуе ад фантомных боляў? Наіўна было б пры адказе на гэтае пытанне засяроджваць увагу на вузкай групоўцы так званага «кіруючага класа», а тым больш на яго персанальным лідары.

Класік расійскай сацыялогіі Юрый Лявада наступным чынам вызначаў асноўныя рысы савецкага чалавека, ад якіх так і не здолеў пазбавіцца чалавек постсавецкі: прымусовая самаізаляцыя, дзяржаўны патэрналізм, імперскі сіндром (вылучана. — С.Н.) і эгалітарысцкая іерархія (эгалітарызм — канцэпцыя, якая прадугледжвае стварэнне грамадства з роўнымі магчымасцямі для ўсіх яго чальцоў).

Да гэтага спісу-мінімуму варта дадаць патрэбу ў аўтарытарным лідары, на якога постсавецкі чалавек ускладае адказнасць за прыняцце ўсіх значных рашэнняў у жыцці грамадства і дзяржавы. Але якія рэальныя магчымасці лідараў у сучасным свеце, я праілюструю на прыкладах, запазычаных з інтэрв’ю расійскага эканаміста Алега Грыгор’ева.

Першы прыклад звязаны з пасляваенным «нямецкім цудам», які ў грамадскай думцы звязаны з імем першага федэральнага канцлера ФРГ Конрада Адэнаўэра. Здавалася б, тут няма падставы сумнявацца. Але з чыім тады імем варта звязаць «італьянскі цуд»? Тэмпы росту італьянскай эканомікі ў тыя ж гады былі не ніжэйшыя за нямецкія. І гэта ва ўмовах, калі ўрады мяняліся як пальчаткі. Адных толькі міністраў эканомікі і фінансаў было не менш за 20! Каму канкрэтна прыпісаць поспех?

Другі прыклад эканаміст Грыгор’еў узяў, што называецца, «з жыцця». У 2005 годзе на губернатарскіх выбарах у Алтайскім краі сатырык Міхаіл Еўдакімаў перамог дзеючага губернатара Аляксандра Сурыкава, чым і паспрыяў змене апошнім адміністрацыйнай кар’еры на дыпламатычную (пасол Расіі ў Беларусі ў 2006–2018 гадах).

Каманда Еўдакімава была сабраная з варагаў паводле выпадковага прынцыпу. У прыватнасці, на ролю дарадцы па эканоміцы быў запрошаны Грыгор’еў. Яму і даю слова: «Калі прыйшоў Еўдакімаў, усе чакалі, што ўсё пачне развальвацца. Сапраўды, каманда, якая з ім прыйшла, нічога не разумела, нікога не ведала, спрабавала торгаць за нейкія нітачкі. Яны нічым не кіравалі, па меншай меры, у першы час. Пры гэтым у рэгіёне пачаўся эканамічны бум, пайшлі нейкія інвестыцыі».

Гэты парадокс дарадцы па эканоміцы патлумачыў адзін з мясцовых алігархаў: «Прыйшла новая каманда, мы спачатку крыху затаіліся, думалі, зараз будуць выклікаць, але ніхто не выклікаў, указанняў не даваў, ні за што справаздачы не патрабаваў. І мы пачалі самі прымаць рашэнні, дамаўляцца — вось і пайшоў эканамічны рост».

* * *

Не здзіўлюся, што і асобныя дасягненні «беларускай мадэлі» (Парк высокіх тэхналогій, сотавая сувязь) маюць месца быць не дзякуючы намаганням яе галоўнага архітэктара, а насуперак ім. Не варта перабольшваць яго ролю і ў датацыйнай падтрымцы з боку Расіі.

«Нафта ў абмен на пацалункі» — гэта прыгожая метафара, і не больш за тое. Нікому, нідзе і ніколі яшчэ не ўдавалася абменьваць мільёны тон нафты на сумнеўныя паслугі эратычнага характару. У лепшым выпадку, на пярсцёнак з дыяментам.

Сацыяльна-эканамічныя законы носяць аб’ектыўны характар. Таму не варта перабольшваць уклад так званых «нацыянальных лідараў» у агульны баланс поспехаў і паразаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-15 01:36:42
Нікалюка лячы не лячы, а ён усё роўна ў 75 лят ГарыПаганяйлам стане.

Ішоў бы ты Сярожа ды пакіраваў крыху БССР / РБ, а я б за цябе артыкулу папісваў у НЧ. Бясплатна.
  • ВР
  • 2018-10-15 10:57:12
"СяГРей"? :)
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-15 11:56:26
Вычакае Расея час, паверне Ўкраіну ад Захаду да нас і сябе, вось тады пагаворым пра шэсць беларускіх абрасцей у складзе РФ. А мой родны Мінск пакінем вольным горадам.
Я ўжо сто разоў казаў, што аблядзянення з Расеяй было б нам добрая справа, бо рэсурсаў у Рашкі нямерана, а ў нас няма, калі не лічыць бел-чырвона-белыя панты, якіх як у бяздомнага сабакі блох. Але аблядзялення РБ і РФ не адбудзецца таму, што пасля Белавежжа-1991 мы і расейцы ідзем у розныя цывілізацыі: мы засталіся з дзяржаўнай уласнасцю і будуем дзяржаўны капіталізм, а расейцы пайшлі ў капіталізм Дзікага Захаду, пры гэтым ментальнасць і ў іх, і ў нас засталася савецкая / постсавецкая. Не турбуйцеся, бел-чырвона-белыя змагары! Хутчэй вы ізноў пад Польшчай і панамі будзеце, чым мы пад Рашкай.

Каментаваць