Наіўнасць паміж Масквой і Вашынгтонам

Будапешцкі мемарандум — розгаласны дакумент, якія падаваўся як прадстаўленне з боку Расіі, ЗША ды Вялікабрытаніі гарантый Беларусі і Украіне непарушнасці іх суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, — быў падпісаны 25 гадоў таму. Аднак падзеі апошніх гадоў ва Украіне і тыя, што могуць адбыцца неўзабаве ў Беларусі, ператварылі яго ў сімвалічную дыпламатычную дэкларацыю.

Тым не менш, адны працягваюць апеляваць да Будапешцкага мемарандуму і маральна-палітычна ўшчуваць сусветныя дзяржавы-лідары за невыкананне, другія — шкадаваць наконт яго паспешлівага падпісання, а трэція — даводзяць, што змест мемарандума мае неадназначнае юрыдычнае трактаванне. Што ж такое Будапешцкі мемарандум, і ці сапраўды гэта ўжо састарэлы гістарычны дакумент, не варты актуальнай увагі і надзеяў?

Будапешцкі мемарандум — гэта міжнародная дамова, якая была заключаная 5 снежня 1994 года ў сувязі з далучэннем Беларусі, Украіны ды Казахстану да «Дамовы пра нераспаўсюджанні ядзернай зброі» і выдаленні са сваіх тэрыторый усіх ядзерных узбраенняў. Дакладней, гэта тры мемарандумныя дакументы аднолькавага зместу, падпісаныя гэтымі краінамі з аднаго боку і ЗША, Вялікабрытаніяй і Расіяй з другога. Зацытуем Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі.

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя абавязаліся «паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існуючыя межы Рэспублікі Беларусь». У прыватнасці — «устрымлівацца ад пагрозы сілай або яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь і што ніякія іх узбраенні ніколі не будуць выкарыстаны супраць Рэспублікі Беларусь, акрамя як у мэтах самаабароны або якім-небудзь іншым чынам у адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».

Апроч таго, гаворка вялася аб устрыманні «ад эканамічнага прымусу, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагі любога роду». Было замацавана і «абавязацельства дабівацца неадкладных дзеянняў Савета Бяспекі ААН па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь як дзяржаве — удзельніцы Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, якая не валодае ядзернай зброяй, у выпадку, калі Рэспубліка Беларусь стане ахвярай акту агрэсіі або аб’ектам пагрозы агрэсіі з прымяненнем ядзернай зброі».

Подпісы 25 гадоў таму пад Будапешцкім мемарандумам паставілі: з брытанскага боку — Джон Мэйджар, ад ЗША — Біл Клінтан, ад Расіі — Барыс Ельцын, ад Украіны — Леанід Кучма, ад Казахстана — Нурсултан Назарбаеў, ад Беларусі — Аляксандр Лукашэнка. Ён на той момант пабыў на пасадзе прэзідэнта краіны ўсяго толькі некалькі месяцаў, і ўвогуле паездка ў Будапешт, дзе тымі днямі адбылася Канферэнцыя па раззбраенні і Нарада па бяспецы і супрацы ў Еўропе, стала яго першым замежным візітам. Калі не лічыць візіт у жніўні 1994-га ў Маскву.

 

Памылковае падпісанне?

Уладзімір Глод, тады палітычны аглядальнік урадавага інфармагенцтва БЕЛТА, які лятаў у сталіцу Венгрыі адным самалётам з кіраўніком Беларусі і тагачасным міністрам замежных справаў Уладзімірам Сянько, прыгадваў у размове з аўтарам гэтых радкоў, што Лукашэнка заўважна хваляваўся. Падчас афіцыйных сустрэчаў паводзіў сябе сціпла, прыглядаючыся і не вытыркаючыся на першыя планы. І вось акурат на першы замежны візіт прыпала падпісанне такога важнага дакумента пра вывад ядзернай зброі з Беларусі. Пазней Аляксандр Лукашэнка не раз закранаў гэтую тэму — не хаваючы шкадавання. У прыватнасці, называў Будапешцкі мемарандум «ганебным дакументам», што яму «давялося падпісваць гэтую дамову, бо няма было куды падзецца: ціснулі і Расія, і амерыканцы — выводзьце ядзерную зброю, бо паабяцалі».

Сапраўды, змест мемарандуму рыхтаваўся да яго прэзідэнцтва. Яго падпісанне Лукашэнка назваў памылкай, бо на ядзернай зброі можна было зарабіць больш, а «вялікія “свядомыя” без усялякіх умоваў вывелі і аддалі бясплатна». Карацей, і тут Лукашэнка панаракаў на палітычных супернікаў, хаця подпіс пад Будапешцкім мемарандумам выводзіў усё ж уласнаручна.

Дарэчы, першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч паставіўся крытычна да падпісання Будапешцкага мемарандуму ў такім фармаце, у якім ён з’явіўся і застаўся. «Быў мемарандум, дэкларацыя, — казаў ён у інтэрв’ю ўкраінскім СМІ. — Гэта розныя рэчы: дэклараваць і заключыць дамову. Напрыклад, пагадненне аб стварэнні СНД: яно падпісана і ратыфікавана дзяржавамі. А тут было выказана меркаванне кіраўнікоў, што гарантамі з’яўляюцца нейкія краіны. Але ніхто гэтага не праводзіў праз заканадаўства Брытаніі ці Злучаных Штатаў. Таму гэта такі пратакол аб намерах».

 

Мемарандум што дышла

Дарэчы, у англамоўным варыянце мемарандумнага тэксту ўжываецца слова «assurances», якое можна перакласці як «запэўніванні». А гэта бліжэй да абяцанняў, чым да гарантыяў. Памылкай падпісанне Будапешцкага мемарандуму называлі і прэзідэнты Украіны — Кучма, Краўчук, Юшчанка. Амерыканскія палітыкі пасля крымскіх падзеяў так і казалі: Будапешцкі мемарандум — не пагадненне аб гарантыях бяспекі, а абяцанне паважаць суверэнітэт і цэласнасць, а таму ЗША яго не парушалі. Эксперты ж кажуць, што памыліліся і самі ЗША, калі прымусілі нас і ўкраінцаў вывесці ўсю ядзерную зброю ў Расію.

Натуральна, што з 2014 года тэма Будапешцкага мемарандуму ва Украіне абмяркоўвалася вельмі часта. З закідамі на адрас Масквы, але МЗС Расіі адказваў, напрыклад, так: «У мемарандуме мы абавязаліся ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ці палітычнай незалежнасці Украіны. І гэта палажэнне абсалютна выкананае. Ні напярэдадні, ні падчас прыняцця насельніцтвам Крыму лёсавызначальных рашэнняў па статусе паўвострава ніводнага стрэлу на яго тэрыторыі не прагучала. Пераважная большасць насельніцтва Крыму і Севастопаля праз свабоднае волевыяўленне рэалізавала права на самавызначэнне, і Крым вярнуўся ў Расію».

Пазней быў такі каментар: «Мы працягваем паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў тых межах, якія склаліся пасля рэферэндуму ў Крыме і пасля яго ўз’яднання з Расійскай Федэрацыяй».

Між тым, некалькі разоў да Будапешцкага мемарандуму апелявалі і ў Беларусі. Прычым, што цікава, — і апазіцыя, і ўлады! У першым выпадку пагроза бачылася ў агрэсіўных планах Расіі, у другім — крытыцы падвяргаўся Вашынгтон. Напрыклад, МЗС Беларусі абвінавачваў ЗША ў парушэнні Будапешцкага мемарандуму пасля ўвядзення санкцый, якія былі названыя «захадамі эканамічнага прымусу».

Акурат пункт Будапешцкага мемарандуму пра запэўніванне «ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагі любога роду», можна звязаць з беларуска-расійскімі інтэграцыйнымі працэсамі ў межах так званай Саюзнай дзяржавы. Нездарма днямі грамадскія і палітычныя лідары Беларусі разам з радай БНР прынялі сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасці Беларусі», у якой звяртаюць увагу на небяспечны намер Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падпісаць 8 снежня пакет дарожных мапаў дзеля «паглыбленай інтэграцыі».

У гэтай заяве згаданы і прыняты ў сталіцы Венгрыі 25 гадоў таму дакумент: «Мы заклікаем дэмакратычныя дзяржавы свету, у тым ліку тыя, што падпісвалі Будапешцкі мемарандум, а таксама Еўрапейскі саюз асудзіць любыя спробы Расійскай Федэрацыі абмежаваць суверэнітэт Беларусі, выкарыстоўваючы адсутнасць у Беларусі дэмакратычна выбранай улады, а таксама выступіць з ініцыятывай гарантый незалежнасці Беларусі на міжнародна-праўнай аснове».

На жаль, рэчаіснасць паказала, што Будапешцкі мемарандум — мёртвы дакумент, а таму апеляванне да яго, хай і маральнае, але наіўнае. Усё залежыць ад нас саміх.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: