«Найвышэйшая форма прызнання»: заходнія СМІ пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам

Усе сусветныя інфармацыйныя выданні паведамляюць пра сустрэчу Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Джо Байдэнам.


Падборку матэрыялаў пра гэтую сустрэчу зрабіла «Радыё Свабода».

«Bloomberg»

Байдэн сустрэўся з лідаркай беларускай апазіцыі ў выгнанні, каб выказаць сваю падтрымку, піша «Bloomberg». Выданне нагадвае, што прэзідэнт ЗША сустрэўся са Святланай Ціханоўскай у Белым доме ў час, калі гэтую постсавецкую краіну ахапіў новы віток рэпрэсій супраць апазіцыі, СМІ і грамадзянскай супольнасці. «Bloomberg» называе сустрэчу «хоць сімвалічнай, але дэманстрацыяй падтрымкі».

Усе амерыканскія выданні цытуюць запіс Джо Байдэна ў Twitter пасля размовы з Ціханоўскай на сустрэчы, якой не было ў яго публічным раскладзе: «Злучаныя Штаты разам з народам Беларусі ў яго імкненні да дэмакратыі і ўсеагульных правоў чалавека».

На мінулым тыдні амерыканскія медыя крытыкавалі Байдэна за тое, што ён не знайшоў часу для Святланы Ціханоўскай, якая мела шмат сустрэч на высокім узроўні, у тым ліку ў Белым доме. СМІ нагадвалі словы Байдэна, што «бітва паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам вызначыць наша стагоддзе», а таксама яго абяцанне правесці Саміт за дэмакратыю, накіраваны на барацьбу з карупцыяй і аўтарытарызмам і прасоўванне правоў чалавека.


«Christian Science Monitor»

«Беларусь можа падацца незразумелай: былая савецкая рэспубліка з 9,5 мільёнамі чалавек, якою бязлітасна кіруе блізкі хаўруснік Уладзіміра Пуціна. Але гэта ключавы буфер паміж Усходам і Захадам, Расіяй і Польшчай. Так што няздольнасць Джо Байдэна сустрэцца са Святланай Ціханоўскай на мінулым тыдні здавалася прапушчанай магчымасцю, — піша «Christian Science Monitor». — Калі яна выехала з Вашынгтона ў Нью-Ёрк на выхадных, здавалася, гэта так. Сёння яна павінна была ляцець у Сан-Францыска, але раптам апынулася ў пакоі Рузвельта ў Белым доме і паціснула руку спадару Байдэну».

Паводле слоў высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі Байдэна, Ціханоўская вярнулася ў Вашынгтон да кансультанта па нацыянальнай бяспецы ЗША Джэйка Салівана (з якім ужо сустракалася на мінулым тыдні), і прэзідэнт «ненадоўга зазірнуў на іх сустрэчу».

«Сустрэча Байдэна і Ціханоўскай была аформленая як спантанная, якая не ўваходзіць у штодзённы графік прэзідэнта і не адбываецца ў больш афіцыйным Авальным кабінеце. Але яна атрымала поціск рукі і фота, якое не прапусцяць ні Лукашэнка, ні Пуцін», — піша выданне.


CNN

CNN нагадвае, што чальцы нядаўна створанага двухпартыйнага «Кокуса сяброў Беларусі» раілі Байдэну сустрэцца з Ціханоўскай, падкрэсліваючы, што такая сустрэча «дашле сігнал Лукашэнку, яго хаўруснікам і свету, што ЗША не мірацца з такімі палітычнымі рэпрэсіямі і гвалтам, якія адбыліся ў Беларусі».

Амерыканскія СМІ пералічваюць, што ў рамках маштабнага турнэ па ЗША за апошнія два тыдні Ціханоўская сустрэлася з шэрагам прадстаўнікоў адміністрацыі, у тым ліку з дарадцам Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам, дзяржаўным сакратаром Энтані Блінкенам, кіраўніцай Агенцтва міжнароднага развіцця (USAID) Самантай Паўэр і выканаўцай абавязкаў генеральнага дырэктара Агенцтва глабальных медыя ЗША (USAGM) Келу Чао. Але сустрэча Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША раней не пацвярджалася.


«Der Spiegel»

Нямецкі часопіс «Der Spiegel» залічыў сустрэчу да шэрагу галоўных сусветных падзей мінулага дня і адзначыў, што гэта «найвышэйшая форма прызнання» і «вялікі гонар» для Святланы Ціханоўскай, а таксама адначасова і сігнал для Лукашэнкі. Сустрэчай з Ціханоўскай амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў асаблівую важнасць беларускай тэмы: Ціханоўскай удалося сустрэцца з Байдэнам нават раней, чым прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, «хаця Украіна пачуваецца здраджанай сваімі партнёрамі пасля нямецка-амерыканскага пагаднення аб “Паўночным патоку – 2” і Зяленскі дамагаецца сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам многія месяцы, аднак будзе прыняты ў Белым доме толькі 30 жніўня», — піша «Spiegel».

Пра сустрэчу Святланы ЦІханоўскай з Джо Байдэнам пішуць таксама «Independent», «Reuters», «Los Angeles Times», паведамляюць усе вядучыя інфармацыйныя агенцтвы свету.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: