Намеснік старшыні БНФ абмяркуе сітуацыю ў Беларусі на сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства

8-9 снежня ў Тбілісі адбываецца Восьмая сесія Парлямэнцкай асамблеі Усходняга партнёства (Еўранэст). Падчас сэсіі пройдзе пасяджэнне рабочай групы па Беларусі дзеля абмеркавання бягучай палітычнай сітуацыі ў нашай краіне.
unian.net

unian.net

У мерапрыемствах парламенцкай асамблеі Еўранэст Партыю БНФ будзе прадстаўляць намеснік старшыні Аляксей Янукевіч. Таксама да ўдзелу запрошаныя і прадстаўнікі іншых дэмакратычных партыяў і рухаў. Як паведамляецца, афіцыйная Палата прадстаўнікоў на сесію не запрошаная. Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў, з чым прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі едуць у Тбілісі:

— Гэта будзе першае пасяджэнне Еўранэст пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі і менавіта ацэнка вынікаў выбараў будзе важным пунктам абмеркаванняў. Партыя БНФ, як і іншыя арганізацыі-удзельніцы кампаніі назірання “Права выбару-2019”, ужо агучыла сваю ацэнку гэтай кампані як найгоршай за апошнія часы. Парламенцкія выбары ў Беларусі былі крокам назад нават у параўнанні з ранейшымі кампаніямі – як па зроўні незаконных маніпуляцыяў падчас падліку галасоў, так і па маштабах пераследу кандыдатаў ды актывістаў.

Апроч таго, мы паведамім парламентарам пра пераслед і застрашэнне назіральнікаў, якія фіксуюцца ўжо пасля выбараў. Вельмі важна, каб гэтыя негатыўныя тэндэнцыі з боку рэжыму былі вядомыя парламентарам Еўропы і атрымалі належную ацэнку. Але ў цяперашнім палітычным кантэксце калі мы бачым непрыхаваны шантаж з боку Масквы і замах на ліквідацыю нашай краіны як суверэннай дзяржавы, пытанне легітымнасці заканадаўчага органа ўлады набывае дадатковую важнасць.

Вынікі назірання за выбарамі, як нацыянальнага так і міжнароднага, сведчаць, што новы склад парламента Беларусі сфармаваны адміністратыўным чынам, ён не можа лічыцца легітымным выразнікам волі беларускага народа. Таму Палата прадстаўнікоў сёмага склікання, які і мінулы склад парламента, не можа заняць прызначаныя для Беларусі крэслы ў парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства. Гэтаксама не павінныя прызнавацца за легітымныя любыя патэнцыйныя рашэнні гэтага парламенту, якія могуць быць скіраваныя на здачу элементаў беларускага суверэнітэту ў выглядзе зацвярджэння злачынных “дарожных картаў”, якія цяпер у таямніцы распрацоўваюцца і абмяркоўваюцца паміж Мінскам і Крамлём.

Таму менавіта сёння і менавіта гэтая сесія Еўранэсту мае вельмі сур’ёзнае палітычнае значэнне. Праз яе мы звяртаемся і да цяперашніх уладаў Беларусі: дэмакратызуйце краіну, будуйце нацыянальную дзяржаву, спыняйце небяспечныя для народа гульні ў інтэграцыю – памылковасць ранейшага курса на бяздумную прывязку да Расіі відавочная ўжо ўсім.

Гарантам незалежнасці Беларусі з’яўляецца не Лукашэнка, і не прызначаныя ім дэпутаты – гарантам незалежнасці з’яўляецца беларускі народ, які зрабіў трыццаць гадоў таму гістарычны выбар на карысць суверэннай дзяржавы. Дык няхай жа цяпер дзяржава абапіраецца на свой народ, а не на сумнеўныя ўгоды з крамлёўскімі рэваншыстамі. А палітычная воля народа выяўляецца вельмі проста – праз правядзенне свободных выбраў і праз прыняццё законаў паўнавартаснымі народнымі прадстаўнікамі ў нармальным парламенце, якія атрымалі мандаты ў выніку выбараў, а не з ласкі адміністрацыі. Гэта базавыя рэчы, але менавіта сёння іх важна паўтараць на міжнароднай арэне – сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Парлямэнцкая асамблея Еўранэст ёсць парламенцкім вымярэннем праграмы Ўсходняга партнёрства. Створаны ў 2009 годзе орган складаецца з 60 дэпутатаў Еўрапарлямэнту і па 10 дэпутатаў ад кожнай з шасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства. Каб браць удзел у Еўранэсце, парламент мусіць быць абраны ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў, ён павінны прызнаваць абавязацельствы па абароне і прасоўванні правоў чалавека і асноўных свабодаў, плюралістычнай дэмакратыі і вяршэнства закона. Сяброўства Беларусі ў Еўранэсце было аўтаматычна прыпыненае праз адсутнасць у краіне парламенту, які б адпавядаў гэтым крытэрам Еўранэст.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: