Нас тычыцца ўсё

Легендарная беларуская «талерантнасць» і цярплівасць грунтуюцца, па вялікім рахунку, на абыякавасці. «Нас гэта не тычыцца». «Я палітыкай не цікаўлюся». «Гэта не мая справа». Такія выразы можна чуць бясконца.

Насамрэч, свет змяніўся. Ён зараз глабальны — і значна больш глабальны, чым мы можам сабе ўявіць. Нас тычыцца ўсё. Няважна, на якой адлегласці адбываюцца падзеі ці прымаюцца рашэнні: сто метраў альбо тысячы кіламетраў. Яны ўсё роўна аказваюць на нас уплыў, які мы нават не ўяўляем.

На мінулым тыдні Міністэрства фінансаў ЗША прадставіла ў Кангрэсе так званы «крамлёўскі даклад». Дакумент быў пададзены з патрабаванняў закону «Аб суп­рацьдзеянні супернікам Амерыкі з дапамогай санкцый». У ім названыя імёны 114 чыноўнікаў і 96 бізнесоўцаў, якія маюць цесныя кантакты з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным. Верагодна, што гэтая папера стане падставай для распрацоўкі персанальных санкцый у дачыненні да Пуцінскіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў.

Падавалася б, дзе Мінск, а дзе Вашынгтон і Масква? Аднак, не. У спіс Мінфіну ЗША трапілі зусім, як гаворыць Аляксандр Рыгоравіч, «не чужыя нам» асобы. Напрыклад, гэта асабісты сябра Лукашэнкі Міхаіл Гуцэрыеў, які, як кажуць, прывёз Баскава і Лепса на стары новы год да беларускага правадыра. Апошнім часам Гуцэрыеў заявіў сябе ў якасці інвестара ў лічбавых тэхналогіях. Яго інвестыцыйны фонд Larnabel Enterprises і кампанія VP Capital Віктара Пракапені абвясцілі пра сумесную рэалізацыю праектаў у галіне штучнага інтэлекту. Гуцэрыеў пабудаваў у Мінску гатэль «Рэнесанс», тэрмінал у аэрапорце і рэзідэнцыю каля Радашковічаў.

Трапілі ў гэты спіс і іншыя «сябры Сінявокай». Гэта Аляксей Мілер, кіраўнік «Газпрому», якому належыць «Газпром-Трансгаз Беларусь», што выконвае тэхнічныя функцыі ў перапампоўцы газу ў Заходнюю Еўропу. «Газпром» усё ніяк не дабудуе ў Мінску свой цэнтр, закладзены на месцы знесенага аўтавакзалу «Маскоўскі». Гэта Алена Батурына, што будуе ў Мінску кватэры — найбольшы аб’ём будоўляў жылля сканцэнтраваны ў мікрараёнах Лябяжы і Маскоўскі. Апроч таго, яе кампаніі па-за тэндэрнымі ўмовамі пастаўлялі пластыкавыя крэслы для стадыёну «Дынама» ў Мінску і лядовых палацаў па ўсёй Беларусі. Герман Грэф, кіраўнік расійскага «Сбербанка», якому належаць 98% статутнага капіталу ААТ «БПС-Сбербанк». Грэф збіраецца дабудаваць «псеўда-Кемпінскі» ля цырка ў сталіцы.

Яшчэ некаторыя — Уладзімір Патанін, Алег Дзерыпаска, Ігар Сечын, Сулейман Керымаў, — зараз непасрэднага дачынення да Беларусі не маюць, аднак раней мелі ў краіне свае праекты, якія да часу «адкладзеныя ў шуфляду». Той жа Керымаў да скандалу з «Уралкаліем» збіраўся нават прыватызаваць «Беларуськалій».

Фактычна, «крамлёўскі спіс» азначае праблемы ў гэтых бізнесоўцаў. Вялікія гэта праблемы ці малыя — мы пабачым у будучыні. Але гэтыя праблемы могуць адбіцца на праектах у Беларусі. Не дабудуюць ні «Газпром-цэнтр», ні «псеўда-Кемпінскі». Альбо, у самым прымітыўным прыкладзе: амерыканская сістэма Visa заблакуе карткі «БПС-Сбербанка» — і нашы працоўныя не атрымаюць заробак.

Падавалася, «крамлёўскі спіс» нас не тычыўся?

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі ў каментары «Салідарнасці» з гэтай нагоды заўважыў яшчэ адну цікавостку. За два дні да публікацыі спісу ЗША абвяшчалі пра намер увесці дадатковыя абмежаванні супраць абаронна-прамысловага комплексу Расіі. А між тым, каля 90% беларускага ВПК ідзе на экспарт у Расію: як дэталі, так і гатовыя камплектуючыя — напрыклад, шасі Мінскага завода колавых цягачоў альбо оптыка «БелОМО». Узнікнуць праблемы ў Расіі — спыніцца МЗКТ. Хаця дзе Вашынгтон, а дзе Мінск?

А некаторыя праблемы мы ствараем сабе самі. І вылазяць яны досыць нечакана.

Памятаеце, як айчынныя чыноўнікі ўвялі абавязковую сертыфікацыю тавараў ЕАЭС для беларускіх прадпрымальнікаў? Як страйкавалі рынкі, як іпэшнікі скардзіліся, што ні ў каго такой сістэмы няма, і на Чаркізаўскім рынку ім не могуць выдаць адпаведныя сертыфікаты? Як усе доўга пісалі пра гэтае незразумелае «ноў-хаў», а зрабіць з гэтым так нічога і не маглі?

Дык вось, скіраваная супраць ІП палітыка вылезла нам бокам адтуль, адкуль не чакалі. Пад тую ж сертыфікацыю трапілі расійскія кампаніі. Саюз удзель­нікаў спажывецкага рынку (СУПР), Рыбны саюз, Нацыянальная мясная асацыяцыя Расіі, «Саюзмалако», «Русбрэнд» і іншыя нават паскардзіліся прэм’еру Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву. Яны пішуць, што абавязковая ў Беларусі працэдура дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы імпартнай прадукцыі закранае прыкладна 150 таварных пазіцый. І Мінск не дапускае «неэкспертызаваныя» тавары на свой рынак.

Беларусь адмаўляецца адмяняць абавязковую экспертызу нават па патрабаванні Еўразійскай эканамічнай камісіі, чым, па меркаванні прамысловых саюзаў, падрывае асноўныя прынцыпы развіцця рынку ЕАЭС. Расійскія вытворцы лічаць, што ў адказ Расіі таксама варта вывучыць магчымасць усталявання дадатковых гандлёвых абмежаванняў.

А калі Сінявокая, каб пазбегнуць тых абмежаванняў, адменіць сертыфікацыю для расіян? Гэта азначае, што яна пяць гадоў займалася глупствам у дачыненні да айчынных гандляроў. Давядзецца зноў ламаць сістэму, дазваляць іпэшнікам працаваць без сертыфікатаў, якія беспадстаўна, як высвятляецца, патрабавалі. Што рабіць з канфіскаванай «несертыфікаванай» прадукцыяй? Якія іскі чыноўнікі атрымаюць за тую беспадстаўную, як высвятляецца, канфіскацыю? Хто за гэтую шкоду, нанесеную айчыннаму дробнаму бізнесу, будзе адказваць і хто будзе яе кампенсаваць?

І яшчэ цікавая замежная навіна. Bloomberg склаў штогадовы рэйтынг інавацыйных эканомік свету — Innovation Index. Ён улічвае сем крытэраў, сярод якіх колькасць тэхналагічных публічных кампаній, навуковы патэнцыял і гэтак далей. У яго патрапілі ўсе суседнія з Беларуссю краіны. Польшча заняла ў спісе 21 месца, Расія — 25, Літва — 34, Латвія — 40, Украіна — 46 месца. А вось Беларусі ў рэйтынгу няма. Няма — і ўсё тут.

Значыць, нешта не так у нас з «IT-краінай». І не скажаш: «Дзе мы, а дзе Bloomberg».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць