Наталля Ільініч: «Калі ціск не спыніцца — буду здымацца з выбараў»

Настаўніца Наталля Ільініч, кандыдатка ў дэпутаты ад Партыі БНФ па Пухавіцкай акрузе №65, сутыкнулася з ціскам адразу ж пасля таго, як зарэгістравала ініцыятыўную групу: спачатку ёй выпісалі вялікі адміністратыўны штраф, які кандыдатка абскардзіла, а потым на яе пікеты па зборы подпісаў былі здзейсненыя напады невядомых асобаў.

Фота www.nv-online.info


Пасля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты перашкоды для перадвыбарчай актыўнасці апазіцыйнага палітыка выйшлі на новы ўзровень: цяпер іх стварае акруговая выбарчая камісія, усялякім чынам уцягваючы Наталлю Ільініч у канфлікты і спрэчкі. Як адзначае сама кандыдатка, цяпер яна больш часу марнуе на скаргі ў абласную камісію ды ЦВК, чым на працу з выбаршчыкамі.

Спачатку акруговая камісія адцэнзуравала фотаздымак, прадстаўлены кандыдаткай для размяшчэння на агульных плакатах: на ім Наталля Ільініч была сфатаграфаваная на фоне нацыянальнага гербу Пагоня і надпісу "Партыя БНФ", аднак шляхам рэдактарскіх маніпуляцыяў нацыянальны фон з фотаздымку знік.

Потым старшыня акруговай выбарчай камісіі Пухавіцкай акругі Зміцер Матусевіч запатрабаваў, каб біяграфічныя звесткі кандыдатка пераклала з беларускай на рускую мову — маўляў, праўладныя кандыдаты падалі свае матэрыялы для агульных плакатаў на рускай мове, і менавіта на ёй будуць выкладзеныя звесткі ўсіх кандыдатаў. Наталлі Ільініч давялося скардзіцца ў ЦВК дзеля таго, каб дамагчыся гарантаванага Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам права весці агітацыю на дзяржаўнай беларускай мове.

Аднак найбольшыя спрэчкі разгарнуліся вакол біяграфіі кандыдата, якая мусяць быць размешчаная на агульных плакатах, што будуць выдадзеныя акруговай камісіяй. Тут праз рэдактуру камісіі з біяграфіі Наталлі Ільініч зніклі ўсе дадзеныя, якія характарызуюць яе са станоўчага боку і якія могуць быць важныя для выбаршчыкаў: камісія выкрасліла звесткі пра тое, што спадарыня Наталля нарадзілася ў сям’і настаўнікаў, што яна — настаўнік вышэйшай катэгорыі, што зараз займаецца аграэкатурызмам, рэдагуе настаўніцкі метадычны сайт aacenka.by і з’яўляецца сябрам Таварыства беларускай школы. Ну і што ўжо зусім незразумела — з плаката пасля правак камісіі знік сказ: “Пісьменніца Святлана Алексіевіч, лаўрэат Нобеля–2015, падтрымала маю кандыдатуру і ўвайшла ў ініцыятыўную групу”.

"Я лічу, што выкрасленая з маёй біяграфіі інфармацыя важная, бо сведчыць, што пасля звальнення са школы за ўдзел у Плошчы 2010 года я не загінула, а здолела навучыцца зарабляць, знайсці прымяненне сваім сілам і рэалізавацца без дзяржавы. Гэта інфармацыя сведчыць пра салідарнасць у нашым раз’яднаным грамадстве і пра наяўнасць грамадскіх арганізацый. “Актыўная ацэнка” паспяховы праект Таварыства беларускай школы, а сёння ўжо падхоплены і “Настаўніцкай газетай” і Міністэрствам адукацыі", — кажа Наталля Ільініч.

Як выглядае, агульны накірунак дзеянняў камісіі (спробы выдаліць беларускую мову, выдаленне Пагоні з плакатаў, рэдактура біяграфіі) скіраваны на тое, каб прадставіць апазіцыйнага кандыдата безасабовым маргіналам. Такім чынам, на гэтай акрузе ствараецца зручны фон для праўладнага кандыдата  Валерыя Гайдукевіча, былога намесніка міністра ўнутраных справаў.

Наталля Ільініч  падала скаргу на незаконную цэнзуру біяграфічных дадзеных у абласную выбарчую камісію.

Сілы марную не на агітацыю, падрыхтоўку выступленняў, а на мышыную валтузню, рэзюмуе кандыдат у дэпутаты. Калі не даб’юся ўнясення звестак пра Алексіевіч і настаўніцкі метадычны сайт у агульныя плакаты, то буду здымацца з гэтага спектакля пад назвай “выбары”, — сказала Наталля Ільініч у інтэрв’ю карэспандэнту газеты "Народная Воля".

31 жніўня а 7:17 раніцы кандыдацкі выступ Наталлі Ільініч прагучыць у эфіры радыё “Мінская Хваля”. А ўжо 5 верасня, літаральна за дзень да пачатку датэрміновага галасавання, у судзе Пухавіцкага раёна будзе разгледжаная скарга кандыдаткі на адміністратыўны штраф, якім яна была пакараная напачатку выбарчай кампаніі.

 

Прэсавая служба Партыі БНФ

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: