Наталля Шарыпа: «Людзі баяцца ставіць подпісы і не вераць дэпутатам»

Кампанія па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты — першая ў жыцці жыхаркі Віцебска Наталлі Шарыпы, удзельніцы руху «Маці 328» і прыхільніцы кампаніі «Гавары праўду». За 4 дні яна з удзельніцамі ініцыятыўнай групы сабрала каля 200 подпісаў, каб балатавацца на выбарах. За бліжэйшыя тры тыдні жанчыны хочуць сабраць яшчэ тысячу.
З назіранняў падчас размоваў з патэнцыйнымі выбарцамі ўразіла тое, што людзі нават не ўяўляюць, дзеля чаго і як працуюць дэпутаты Парламента, кажа Наталля Шарыпа:

— Смярдзючыя пад’езды, няспраўная каналізацыя, заснежаныя двары — гэта ўсё, думаюць, праца дэпутата. Я ім кажу: «Нават калі я стану дэпутатам, я ж не буду чысціць вашу каналізацыю! Ёсць жыллёвы кодэкс, чытайце, вывучайце, пішыце заявы! Людзі маюць права шмат чаго рабіць самі, проста яны пра гэта не ведаюць!

Шмат хто з віцяблянаў апасаецца паведаміць свае пашпартныя дадзеныя збіральнікам подпісаў, не давяраюць нават рэгістрацыйнаму пасведчанню, дзівіцца Наталля Шарыпа.

Сябра яе ініцыятыўнай групы Вікторыя Пёрышкіна адзначае, што дыялог часам дапамагае наладзіць размова пра праблему з распаўсюдам наркотыкаў :

— Людзі не давяраюць нашай уладзе, у адзін голас цвердзяць, што гэтая ўлада нічога не робіць. Але як толькі даведваюцца, што Наталля — стваральніца нашай віцебскай групы «Маці 328», то хочуць аддаць свае подпісы за гэтую жанчыну.

Разам са сваёй ініцыятыўнай групай Наталля Шарыпа практыкуе методыку збору подпісаў «ад дзвярэй да дзвярэй» — ходзіць па кватэрах выбарцаў. Верагодна, зладзіць і пікет у цэнтры горада. Ужо вядома, што яе патэнцыйным канкурэнтам на выбарах — пры ўмове рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Парламента — будзе рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!