Як у Беларусі фальсіфікуюць выбары. Датэрміновае галасаванне

У Беларусі пачалася падрыхтоўка да выбараў кіраўніка дзяржавы, што маюць адбыцца сёлета. Пакуль адны спрабуюць вызначыцца з «адзіным» кандыдатам ад апазіцыі, іншыя адзначаюць, што сэнсу ў выбарах няма і аб’яўляюць ім байкот. Бо галоўная праблема — у непразрыстай сістэме падліку галасоў на выбарчых участках і фальсіфікацыях.

У рэдакцыю «Новага Часу» трапілі нататкі Ірыны Гусевай, якой давялося быць назіральніцай на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў лістападзе 2019 года. У першай частцы мы публікуем яе ўражанні ад датэрміновага галасавання, да якога часцей за ўсё гучаць прэтэнзіі ў несумленнасці.

*****

Назіральнікам давялося стаць упершыню — прыйшлося падхапіць «сцяг барацьбы», які выпаў з рук мужа. Раней назіральнікам заўсёды быў ён, але ж цяпер такой магчымасці не мае.

На выбарчым участку было доўга і часта сумна, народ ішоў млява. На месцы я сядзела, што называецца «ад і да» і нікуды не адыходзіла. Над вухам крычэў «клапатліва» ўключаны камісіяй тэлевізар. Канешне, самі яны ўсё гэта не глядзелі, а мне ж бясконцыя дэбільныя серыялы заміналі ў вольны ад назірання час (якога аказалася звышдастаткова) заняцца чым-небудзь інтэлектуальным — напрыклад, удасканаленнем замежнай мовы. Менавіта так і прыйшла думка запісаць гэтыя нататкі. А ўсялякія вонкавыя цяжкасці і раздражняльнікі натхненню толькі спрыялі.

Датэрміновае галасаванне

Дзень першы, аўторак. Станіслаўскі дакладна бы сказаў: «Не веру!»

Ранак першага дня датэрміновага галасавання. На ўчастак прыбёг у прамым сэнсе натоўп карэспандэнтаў — збіраюцца здымаць галасаванне юнай веласіпеднай чэмпіёнкі і пачатак выбараў.

Старшыня натхнёнае грае ролю «сумленнага і законапаслухмянага». Вельмі пафасна выклаў на стол Канстытуцыю і прыцягнуў усеагульную ўвагу да гэтага жэсту. Потым чамусьці спрабаваў прыбраць, як нелігітымныя, улёткі з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў. Давялося яму сказаць, што такая інфармацыя можа знаходзіцца на ўчастку ў момант галасавання. Пагадзіўся і зноў расклаў на століку ўлёткі. Ролю сваю адыгрывае фальшыва. Станіслаўскі дакладна бы сказаў: «Не веру!».

Не веру і я, але гатовая падтрымаць гульню. У мяне няхай будзе роля прынцыповага і скурпулёзнага назіральніка. Уключылася ў гульню з журналістамі і ў натоўпе карэспандэнтаў выпадкова выявіла аднаго «бяспашпартнага» тэлеаператара. Той «неабдумана» размясціўся каля мяне са сваёй камерай з лагатыпам дзяржтэлеканала (ці то Беларусь 3, ці то Беларусь 4), а я заўважыла, што ён не скіраваўся рэгістравацца разам з астатнімі карэспандэнтамі да стала сакратара. Майго грознага пытання «вы што, прыйшлі на здымку без службовага пасведчання?» вельмі спалохаўся і адразу пайшоў «хавацца» за спіны калег у супрацьлеглы кут памяшкання. Паказала на яго старшыні і той прытворна пагражаў яго выдаліць. У выніку не выгнаў і пасля тэатральных «пагрозаў» ды маёй настойлівасці сказаў, што гэта яго рашэнне.

Ды я і не разлічвала ўсур’ёз, што дзяржаўны карэспандэнт будзе выдалены з участку. А вось старшыні няма чаго было казаць «гоп», ведаючы, што не зможа «пераскочыць». Так адразу ўся фальш яго гульні і вылазіць вонкі. Добра, не будзем чапляцца да правінцыйнага спектаклю — «піяніст», у сэнсе старшыня, гуляе так, як умее.

Прайшлі ўрачыстыя здымкі, чэмпіёнка прагаласавала. Камісія адарыла яе за гэта нейкім пачварным крышталёвым салатнікам. Яго, падобна, хто-небудзь з сябраў камісіі прыцягнуў з дому як лішні ў сям’і. Ганьба: ні цэтліка, ні ўпакоўкі, дызайн — савок часоў застою. Але для іх гэта не галоўнае, бо бюджэт камісіі зэканомлены і яны могуць купіць што-небудзь каштоўнае для сябе.

І што ж ты, мілая дзяўчынка, будзеш рабіць з гэтым «сувенірам» у сваім інтэрнаце? Толькі дадому не вязі — у мамы тваёй такога хламу за жыццё сабралася поўна, і цяжкі ён. Лепш разбі на шчасце, прама зараз!

Старшыня працягвае адыгрываць ролю законапаслухмянага — прыгожай фразай «я вам слова не даваў» нібыта спыніў выпад у мой адрас ад камісійнай дамы. «Мы, што з-за яе да ночы павінны бюлетэні лічыць?», — менавіта такой была яе рэакцыя на маю прапанову аб празрыстым спосабе падліку галасоў.

Да абеду прайшло 9 выбарцаў, вечарам калега налічыла цэлага аднаго. Усяго 10 выбарцаў праявілі электаральны энтузіязм першага дня галасавання.


Дзень другі, серада. Гэтыя назіральнікі, як жонка Цэзара, — па-за падазрэннямі

Дзень аказаўся больш багатым на падзеі і ўражанні, праявіліся першыя прыкметы нервовасці камісіі.

Сяджу моўчкі, нікуды не адыйсці нават. Камісія такога відавочна не чакала. Для іх было адкрыццём, што назіральніца (жанчына!) 4 гадзіны запар можа моўчкі сядзець на месцы, не выходзіць пагуляць па крамах, не есць, не п’е і не адбягае ў туалет. Да ўсяго іншага гэтая «апазіцыянерка» нешта там падазрона запісвае сабе ў сшытак.

Увогуле, мае паводзіны сталіся для іх поўнай нечаканасцю. А вось мне было зусім не цяжка трымаць сухую галадоўку з раніцы ўсе гэтыя дні. Зрабіла для сябе выснову — таму і не атрымліваецца вытрымліваць строгую дыету жадаючым схуднець, бо галадаць трэба за ідэю, а не з-за лішніх сантыметраў на таліі ды залішніх кілаграмаў на азадку. Для арганізма такія дробязныя мэты — не аргумент. Мэта ж патрэбна высокая і тады ўсё лёгка атрымаецца. Вунь ірландцы ў 1981 годзе па 66 дзён галадалі, а мне трэба ўсяго толькі 6 па паўдні пратрымацца!

У нашым «спектаклі» сёння галоўную ролю ў апанентаў грае камісійная дама пенсійнага ўзросту. Тая, учорашняя, што не хацела галасы да ночы лічыць.

Пачатак дзяжурства. Камісійныя дама падымае мяне з назіральніцкага крэсла словамі: «не бойцеся — я вам нічога дрэннага не зраблю, мне трэба гадзіннік падвесці». Залазіць на крэсла і папраўляе адсталыя гадзіны. Толькі цяпер звяртаю ўвагу на тое, што над стэндам вісіць даволі незвычайны гадзіннік. Цыферблат прымацаваны да гнуткага кардоннага альбомнага аркуша з лагатыпам «Палесдрук». Гэты дзіўны дэвайс забяспечаны пластмасавым механізмам, на выгляд яўна не беларускім, а кітайскім. Такія гадзіннікі паказваць дакладны час не здольныя па азначэнні. Але хто ж такі гадзіннік сюды павесіў? Нейкае нехарактэрнае абсталяванне для класа спартыўнай падрыхтоўкі, а цяпер — участка для датэрміновага галасавання. Камісійная дама тут жа дала адказ на маё маўклівае пытанне і з гонарам распавяла ўсім прысутным, што гадзіннік ейны асабісты, што прынесла яна яго з дому адмыслова для выбараў. Але навошта? Наяўнасць гадзінніка хіба неабходны атрыбут на выбарчым участку? Проста час глядзець — так ва ўсіх тэлефоны ёсць. Там час больш дакладны, з сеткай сінхранізаваны. Так ці інакш, але ўскосна пацвердзілася мая версія пра паходжанне падарункавага салатніка — відаць, з таго ж дома, што й гэты небарака-гадзіннік.

Разам са мной дзяжураць новыя назіральнікі, мужчына і жанчына з той жа вучэльні, прыйшлі без верхняга адзення ў адрозненне ад учорашніх назіральнікаў, якія прыходзілі ў куртках. Жанчына села бліжэй да мяне і ў мяне пачаўся дакучлівы кашаль. Такая непрыемная рэакцыя майго арганізма на некаторыя віды парфумы, нават калі самога паху і не адчуваю.

Камісійная ж дама імгненна адрэагавала: «Вы нас тут заразіце за гэтыя дні! Я вельмі адчувальная да інфекцыі!». Тлумачу, што гэта алергія на пахі. Не верыць, спрабуе даказаць, што ніхто з прысутных ніякай парфумерыяй не карыстаўся. Цікава — адкуль гэта яна пра ўсіх ведае? І што, зараз ёсць людзі, што зусім бы не карысталіся дэзадарантамі, парфумай, сродкамі да, для і пасля галення? А я нікога ў сваіх часовых пакутах не абвінавачваю, паступова спраўляюся з накатваючай хваробай. Пракашлялася і вырашаю для сябе, што трэба заўтра ўзяць з сабой на дзяжурства медыцынскую маску. Будуць настойваць на маёй «заразнасці» — адзену маску і буду сядзець у ёй. Мяне гэта не збянтэжыць, а наведнікаў відавочна пазабавіць. А вось выдаліць мяне з участку па прычыны маёй хваравітасці ў вас, камісіянтаў, не атрымаецца! Не дачакаецеся!

Наступны акт «спектакля» — камісійная дама падскоквае да мяне са словамі: «Вы нас здымаеце на камеру!» Паказвае на тэлефон, які ляжыць паверх майго партфеля, што стаяў пад маім крэслам. Дэманструю выключаны тэлефон, паказваю ёй на залішнюю ейную падазронасць. Жанчына не супакойваецца: «А можа ў вас у партфелі бомба?!». З усмешкай прапаную ёй агледзець мой партфель. Мой спакойны ды добры настрой яе відавочна бесіць. Напэўна, разлічвала, што слова за слова і мы «счэпімся». У выніку камісійнай даме даводзіцца адпраўляцца на сваё месца. Я ж не магу не ўсміхацца — яе выпад мяне вельмі пацешыў. Няўжо яна не магла штосьці больш разумнае прыдумаць? А яе версія — ну, поўнае трызненне. Тэлефон, які ляжыць, наогул нічога здымаць з-пад крэсла не здольны. Ды й сядзець верхам на «бомбе» мне няма чаго, не ў джыхадзе ж удзельнічаем, а ў «сумленных і справядлівых» беларускіх «выбарах». Але, падобна, у дамы было такое заданне — стандартным для ўлады спосабам (праз нібыта відэаздымку) прычапіцца да «апазіцыянеркі». А з «бомбай» хутчэй за ўсё ўжо пайшоў яе экспромт і бягучая імправізацыя. Па прычыне таго, што здарыўся аблом іх заезджанай версіі пра «незаконную» відэаздымку «апазыцыянерамі» на выбарчых участках.

У той жа самы час астатнія назіральнікі (як і сябры камісіі) увесь час «калупаюцца» ў сваіх тэлефонах — чытаюць, гуляюць. Трымаюць у руках далучанымі і накіраванымі як раз у бок стала камісіі. Але я ўсю дыспазіцыю разумею «правільна». Гэтыя назіральнікі, як жонка Цэзара, — па-за падазрэннямі.

Да-а... З інтэлектам і крэатывам у гэтай камісіі — не вельмі каб вельмі. Ну, а што б прыдумала на іх месцы я? Перш за ўсё, не дэманстравала б у дачыненні да праціўніка агрэсію, а зусім наадварот — выяўляла б знакі крайняй прыязнасці, спагады і бацькоўскага клопату.

Пачаставала б хатняй катлеткай, храбусткім салёным агурком. І абавязкова дэсерт — салодкі піражок з якім-небудзь карысным напоем. Ну, вось хоць бы модны чай для пахудання ў прыгожай бліскучай упакоўцы (але з характэрным і абавязковым для гэтага роду напояў мачагонным і слабільным эфектам).

Адначасова ім трэба было весці са мной шчырыя гутаркі, спачуваць «нялёгкай долі» назіральніка, пастаянна скардзіцца і наракаць на цяжкі лёс членаў камісіі. Кшталту, самі ў камісію не хацелі, прымусілі, калі не пагодзімся — звольняць і т.п.

І ўсёёё! Справа будзе зроблена. Непрыяцель (назіральнік) дэмаралізаваны і часткова выведзены са строю, у сэнсе часова выдалены за межы ўчастка. Туалет тут знаходзіцца на іншым паверсе, таму за час вымушанай адсутнасці апазіцыйнага назіральніка на ўчастку цалкам паспелі б «прагаласаваць» чалавек 200-300. А як вы дакажаце, што іх не было? Такім вось чынам, план і па датэрміновай яўцы, і па колькасці галасоў за патрэбнага кандыдата можна было выканаць за 1 дзень. Але я, натуральна, дзяліцца з камісіяй сваімі ідэямі не буду. Ды і не пракацілі бы падобныя фокусы са мной. Так што, хлопцы, як вы самі ўмееце, так і працуйце. У кожнага з нас — свая гульня.

Галасаванне зноў млявае, працы няма ні ў мяне, ні ў камісіі. Сакратар, а затым і камісійная дама па чарзе сыходзяць з участку, пакінуўшы камісійнага мужчыну аднаго. Паказваю яму на парушэнне — менш за два чалавекі знаходзіцца ў камісіі, што працуе на выбарчым участку. Маўчыць, хітра ўсміхаецца. Праўладная назіральніца паспяшалася яму на дапамогу са словамі «бо няма нікога». Аналагічным чынам прарэагавалі і вярнуліся нетаропка сяброўкі камісіі, калі мужчына паведаміў ім аб маёй заўвазе. Назірала іх рэакцыю, стоячы ў калідоры ў дзвярах. Выйшла і вырашыла патэлефанаваць маме, але хай думаюць, што гэта «неадкладнае данясенне ў цэнтр».

Вядома, вы, хлопцы, маеце рацыю. Вядома, няма тут нікога. 5 чалавек раніцай, 6 будзе ўвечары, за 7 гадзін працы ўчастка 11 выбарцаў. Гэта што, хіба наплыў наведнікаў? Але дзеля справядлівасці адзначым — электаральны энтузіязм насельніцтва ўзрос-такі на 10 % у параўнанні з папярэднім днём галасавання (+1 чалавек!).

Заключным акордам дня было гучнае падзенне гадзінніка са сцяны дакладна ў момант заканчэння майго дзяжурства. Камісійная дама — адразу з абвінавачваннем у мой адрас: «Будзеце цяпер плаціць, вы наш гадзіннік зламалі!» Спакойна цікаўлюся: «Яякім чынам зламала?» Добра, што я нават прыўстаць з крэсла не паспела, а то б сапраўды сталі даставаць з псаваннем іх маёмасці.

Так, ці ведаеце вы, што калі б вашыя гадзіннікі зваліліся на мяне, а не побач, я б вас сама абвінаваціла ў наўмыснай дыверсіі супраць мяне. А можа, вы, камісійная дама, адмыслова з раніцы парушылі трываласць іх мацавання на сцяне? Так што, сваімі падаючымі гадзіннікамі вам мяне не запалохаць. Толькі зноў павесялілі. А самім гадзіннікам падзенне са сцяны толькі на карысць пайшло — зараз яны «паказваюць» дакладны час ужо 2 разы на суткі, а не 1 раз (у момант падвядзення), як было з раніцы.

Спектакль другога дня датэрміновага галасавання скончаны. Камісійная дама, бурчыць, збірае абломкі гадзінніка. Заслона.

Дзень трэці, чацвер. «Мы можа і дрэнныя, але таксама людзі!»

Рэзюмэ дня — гістэрыка ў камісіі ўнутрана нарастае і перыядычна выплюхваецца вонкі.

Зноў сяджу моўчкі, па прычыне адсутнасці выбарцаў назіраю за камісійнай дамай, якая дзесяць разоў пералічыла некалькі чыстых бюлетэняў у сябе на стале і дзесяць разоў переслінавала лісты спісаў выбаршчыкаў. Дама не вытрымлівае, выбухае: «Што яна на мяне глядзіць? Я звяраю колькасць!» Ды што там спраўджваць — усяго 10 выбарнікаў да абеду. Можна было за чатыры гадзіны вывучыць прозвішчы і нават падрабязнасці іх біяграфій.

У адказ на гэты пасаж з усмешкай прашу прысутнага пры гэтым старшыню засцерагчы мяне ад бессэнсоўных нападак члена камісіі. Адказ старшыні быў проста шэдэўральным — «а вось не буду агароджваць», «а вось цярпіце іх нападкі», «як вы да нас, так і мы да вас». Цікаўлюся ў старшыні, што ён мае на ўвазе пад апошняй фразай. Звяртаю яго ўвагу на тое, што я трэці дзень сяджу моўчкі (!) і выконваю ўскладзеную на мяне функцыю назірання. Камісійная дама не сцішаецца — «вось менавіта моўчкі», «лепш бы вы размаўлялі», «у нас усякія былі назіральнікі і дрэнныя, і добрыя, але такіх яшчэ не было».

Я так разумею, раней у іх не было такіх, якія сапраўды назіраюць, лічаць прагаласаваўшых выбарнікаў, фіксуюць іх колькасць. А прыходзілі да іх дагэтуль толькі назіральнікі, якія сумна або нават цяжка адбывалі грамадскую нагрузку і таму пастаянна спрабавалі адыйсці па сваіх справах, такіх тут і зараз хапае.

У дурныя дыялогі, зразумела, не ўступаю, адказваю агульнай рэплікай усім, што размаўляць я тут буду толькі са старшынёй або асобай, якая яго замяшчае. Зрэшты, старшыня са мной размаўляць не гарыць жаданнем, а спешна збіраецца сыходзіць, гучна (для мяне!) папярэджвае камісію аб неабходнасці прысутнасці не менш як 2 сябраў на ўчастку. Камісійная дама ў адказ бубніць, што з-за мяне яна цяпер не зможа схадзіць у туалет і будзе насіць памперс, а таксама будзе мыцца святой вадой кожны вечар. Апошнюю фразу ўспрымаю як камплімент. Не меркавала, што магу хоць каго-небудзь настолькі напалохаць, а ўжо напалохаць хоць аднаго з фальсіфікацыйнай-выбарчай камісіі наогул ганарова і залікова.

У 14 гадзін чакаю ля выхаду старшыні і задаю яму пытанне: «Чаму цалкам канстытуцыйны працэс назірання выклікае агрэсію сябраў камісіі, прычым, агрэсію вамі ўхваленую?. Яго адказ выяўляе яго гістэрыку: «Не буду адказваць на гэтае пытанне! Мы можа і дрэнныя, але таксама людзі!». Уцякае. Услед яму заўважаю, што дрэннымі іх я яшчэ не назвала, а ён сябе ўжо назваў, а сябар камісіі мяне. Увогуле, без усялякіх абвінавачванняў з майго боку старшыня ўжо сам сябе абвінаваціў — ведае котка, чыё сала з’ела.

Электаральная актыўнасць працягвае нарастаць — ужо цэлых 15 выбарнікаў за дзень. Камісія чамусьці ўвечары сарамліва прыпіша дваіх, па іх дадзеных 17 за дзень.

Дзень чацвёрты, пятніца. Электаральная актыўнасць насельніцтва згасла — 8 выбарнікаў за дзень

З раніцы прыходжу раней камісіі, вахцёр на ўваходзе спрабуе спыніць словамі «там нікога яшчэ няма». Адказваю, што нічога страшнага, пастаю побач з міліцыянтам. Падымаюся на другі паверх, аглядаюся. Участак размешчаны на другім паверсе спартыўнай вучэльні ў кабінеце асноў тэорыі спорту і спартыўнай падрыхтоўкі. Ключы ад кабінета відавочна маюцца не ў адзіным экземпляры. Ні на ноч, ні на абедзенны перапынак кабінет ні разу не апячатваўся. У першы дзень назірання спытала ў старшыні — чаму не апячатвае. Адказаў, што ніколі гэтага не рабіў і заканадаўства не патрабуе. Мой каардынатар пацвердзіў — не патрабуе. Вядома, а які сэнс? Што, хтосьці старшыню не пусціць у гэты кабінет ў пазаўрочны час? Ён сам потым і скрыню з сейфам такой жа паперкай заклеіць, можа і апячатаць усё хоць сто разоў — пячатка ж ягоная. Камісія з раніцы падпісала штук 50 бланкаў бюлетэняў для галасавання. Аптымісты, аднак. Ды не, вядома, проста да фальсіфікацыі рыхтуюцца. Ідзе другая гадзіна галасавання, выбарнікаў няма.

Праўладная назіральніца міла гутарыць з камісіяй, сябруе, абменьваецца газетамі для чытання, спрабуе падгледзець, што ж я там, у нататнік пішу. Не імкніцеся, мой почырк вам не разабраць. Учорашні «назіральнік» зараз заняты ў фае планаваннем абсталявання выбарчага ўчастка на 17 лістапада. Гэта ўсё мясцовыя работнікі вучэльні, назіранне ажыццяўляюць без адрыву ад вытворчасці ў свой працоўны час.

Цікава, а што думае Дзяржкантроль з нагоды такога выкарыстання працоўнага часу? Ад працы іх відавочна не вызвалілі, зарплата будзе налічаная. Але праца ў іх, як высветлілася, не асабліва напружаная, гадзіны чатыры ці больш вольнага часу можна лёгка знайсці і прысвяціць «назіранню» за выбарамі.

Учорашняя назіральніца нават адпрошваецца ў старшыні сысці з участку крыху раней. Няўжо папрацаваць усё ж такі захацела? Хутчэй за ўсё асабістыя справы вырашаць. Старшыня, заўважыўшы мой яхідны погляд, злёгку збянтэжыўся і адказаў, што ён назіральнікамі не камандуе. Каго ты спрабуеш надурыць? Гэта мною вы не камандуеце. А гэтыя назіральнікі ўсе свае, з звязкі, «правільных» назіральнікаў, зручных для камісіі. Некаторыя з іх, нават, тыя, што прыходзілі з вуліцы, вітаюцца па-сяброўску за руку з сябрамі камісіі. Таксама свае. Старшыня — дырэктар іншай вучэльні, сакратар і частка камісіі — яго супрацоўнікі. Намеснік старшыні — дырэктар гэтай спартыўнай вучэльні, дзе і месціцца выбарчы ўчастак, некаторыя сябры камісіі яго супрацоўнікі. Яшчэ адзін вонкавы камісійны мужчына з нейкай установы спартовага кшталту. Злітаваны калектыў павязаны «крывёю», у сэнсе сумеснымі фальсифікацыямі. А электаральная актыўнасць насельніцтва да пятніцы згасла — 8 выбарнікаў за дзень.

Дзень пяты, субота. Пазл ў маёй галаве цалкам склаўся

Ну вось, усё і праяснілася, усё само расклалася па паліцах.

Пры маёй спробе зрабіць тэлефонам фотакопію вывешанага пратаколу папярэдняга дня датэрміновага галасавання з 8 прагаласаваўшых выбарнікаў старшыня рынуўся на «абарону» нібыта адкрытай і даступнай інфармацыі, практычна грудзямі засланіў пратакол. Пагражаў мне апошнім папярэджаннем і наступным выдаленнем з участку. Пагрозай не абмежаваўся — выбег да міліцыянта, праінструктаваў. Міліцыянт успрыняў «пагрозу стабільнасці» літаральна ды кiнуўся мяне неадкладна выдаляць. Старшыні давялося яго спыняць словамі, што гэта не зараз, гэта на перспектыву. Потым быў праінструктаваны намеснік старшыні на ўчастку аб тым, што мяне пры выпадку лепш наогул выгнаць. А як раз менавіта ў гэтага адзінага з усіх членаў камісіі яшчэ раней мною былі заўважаныя ў вачах рэшткі сумлення. Магчыма, менавіта таму выдаленая я не была. Але я і сама палічыла за лепшае не нарывацца. Нельга ж пакідаць калегу ў адзіноце напярэдадні асноўнага дня выбараў!

А інцыдэнт даў мне, нарэшце, адказ на пытанне, што цікавіла мяне ўсе мінулыя дні: чаму пры штодзённым праўдзівым вывешванні пратаколаў з нікчэмным адсоткам тых, хто прагаласаваў на большасці ўчасткаў горада, у СМІ гучаць пераможныя рэляцыі аб 27-30% датэрміновых выбаршчыкаў, у тым ліку і ў нашай вобласці? Кідок старшыні на абарону пратакола ад фотафіксацыі быў прама як подзвіг Матросава і ўсё патлумачыў.

І пазл ў маёй галаве цалкам склаўся:

Гэта для нас, незалежных назіральнікаў, гэтыя пратаколы вывешваюцца. Кшталту, пацешце сябе, а мы такія вось з сябе сумленныя хлопцы ў камісіі. Упэўнена, што наверх ішлі «правільныя», патрэбныя 27-30%. А ў скрыні для датэрміновага галасавання затым цудоўным чынам апынуцца замест 63 бюлетэняў 300, не менш. Кіраўніком выбаркама камісіям быў агучаны пасыл: «галоўнае не тое, што бачылі члены камісіі або назіральнікі, а тое, што ў скрыні».

А заклейванне прарэзаў і ахова міліцыянта гэта такі наіў. Сённяшні міліцыянт перад перапынкам сыходзячага старшыні спытаў, куды тут можна схадзіць паабедаць. Гэта значыць даў зразумець загадзя, што яго тут пасля 14-й гадзіны не будзе, ён збіраецца есці. Прыходзь маўляў, бяры (рабі) што хочаш.

Падзялілася з нашым каардынатарам сваімі здагадкамі аб двайной «бухгалтэрыі» ўчастковых камісій па справаздачных лічбах пра датэрміновае галасаванне. І што потым у выніковым пратаколе мы ўбачым зусім іншую колькасць датэрмінова прагаласаваўшых. Не верыць, кажа — «не можа быць, пратаколы жа вывешваліся». Не буду спрачацца. Але хоць я назіральнік і юны, а па жыцці — калач цёрты, і падобныя махінацыі пралічваю добра, бо сутыкалася не раз у іншых жыццёвых і працоўных сітуацыях. Пляваць яны хацелі і на выбарнікаў, і на пратаколы свае. Скажуць потым, што гэтых лічбаў не было. Увогуле, пажывем, пабачым.

Ледзь не забылася — у апошні дзень датэрміновага галасавання было 17 выбарнікаў. За ўвесь перыяд датэрміновага галасавання ў незалежных назіральнікаў зафіксаваны 61 выбарнік, па пратаколе камісіі — 63.

Працяг будзе

Падрыхтаваў да публікацыі Яўген Меркіс

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: