«Натуралізацыя» па-пуцінску

Рашэнне Крамля раздаваць расійскія пашпарты жыхарам часткі акупаванага ўкраінскага Данбасу мае не толькі палітычныя мэты, але і эканамічную падкладку. У Расіі — істотны дэмаграфічны крызіс, абцяжараны спойваннем народа, і дэфіцыт працоўнай сілы. Вырашацца праблема, адзначаюць эксперты, будзе за кошт мігрантаў з былога СССР.
Фота rusrand.ru

Фота rusrand.ru

Перадусім, з ліку так званага «славянскага насельніцтва». Гэта значыць, далейшых агрэсіўных захадаў з боку Масквы — ваенна-палітычных і эканамічных — варта засцерагацца не толькі Украіне, але і Беларусі.

Сур'ёзны дэмаграфічны крызіс у Расіі засведчыла апублікаванае на пачатку красавіка даследаванне Інстытуту сацыяльнага аналізу і прагназавання Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і Дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Аглядны перыяд даследавання — з 2015 года па сакавіка 2019-га.

П'юць і мруць

Звернем увагу на цікавыя высновы гэтага даследавання. Адзначаецца, што, напрыклад, за 2018 год «натуральнае змяншэнне насельніцтва Расіі склала 218,4 тысячы чалавек». Прычым гэты паказчык на 62% перавысіў негатыўныя лічбы 2017 года: «Такую сітуацыю забяспечылі як працяг скарачэння колькасці нараджэнняў, так і нязначнае зніжэнне смяротнасці насельніцтва».

Фота Reuters

Фота Reuters

Зрэшты, дэмаграфічная праблема ўласцівая апошнім часам многім краінам. Але істотны момант: «У 2018 годзе ў Расіі ўстаноўлены «антырэкорд» міграцыйнага прыросту насельніцтва, які знізіўся да 124,9 тысячы чалавек і не дазволіў кампенсаваць натуральнае змяншэнне насельніцтва, якое ўзмацнілася».
Пры гэтым адзначаецца, што аснова міграцыйнага кантынгенту — «замежныя працаўнікі з краінаў СНД, сярод якіх усё больш прадстаўнікоў Сярэдняй Азіі і менш — заходніх краінаў СНД».

Скарачэнне насельніцтва назіраецца ў большасці рэгіёнаў Расіі. Лідары па нараджальнасці — Тыва, Дагестан, Інгушэція, Алтай, Чачня. Самая горшая сітуацыя — у Мардовіі, Пензенскай, Тульскай, Тамбоўскай, Ленінградскай і «нашай» Смаленскай вобласці.

Каэфіцыенты смяротнасці максімальныя ў рэгіёнах з высокай доляй насельніцтва старэйшых узростаў (Пскоўская, Наўгародская, Цвярская, Тульская, Уладзімірская, Іванаўская вобласці). Найменшыя паказчыкі смяротнасці дэманструюць рэгіёны, якія характарызуюцца больш маладой структурай насельніцтва (Інгушэція, Чачня, Ханты-Мансійская і Ямала-Нянецкая аўтаномныя акругі, Дагестан).

Кажучы пра смяротнасць, даследчыкі б'юць трывогу ў звязку са спойваннем расіян. І без таго вялізныя раздробавыя продажы алкаголю летась выраслі на 8,5%. Прычым гарэлкі на 7%, а «чарнілаў» — на 40%, піва на гэтым фоне сталі купляць на 2% меней.

Рукі і мазгі для Масквы

Што да міграцыі: «Скарачэнне міграцыйнага прыросту ў 2018-м у параўнанні з мінулым годам адбылося ў абмене амаль з усімі краінамі, акрамя Азербайджана, Арменіі і Грузіі, але і з імі паказчык павялічыўся нязначна. Найбольш моцна паменшыўся прырост з Украінай і Узбекістанам, у мінулым найбуйнейшымі краінамі — міграцыйнымі донарамі Расіі». Дарэчы, Узбекістан стаў такім праз самы вялікі рост насельніцтва на былой постсавецкай прасторы, а Украіна — пасля Майдану і вядомых мілітарных падзеяў на паўднёвым усходзе.

У 2013 годзе ў Расію пераехалі 40 тысяч украінцаў, у 2014-м — ужо 94 тысячы, у 2015-м — ажно 146 тысяч. Пасля гэтага мігранцкая плынь пачала змяншацца, і летась у Расію «на стала» перабралася толькі 15 тысяч украінцаў.

Што да беларусаў, то ў 2018 годзе да Расіі паехала і «натуралізавалася» 7 тысяч нашых суайчыннікаў, «пікавымі» ж гадамі былі 2017-ы і 2012-ы — па 12 і 10 тысяч мігрантаў адпаведна. Для параўнання, летась пераезд у Расію здзейснілі 31 тысяча таджыкаў і 27 тысяч казахаў.

Ёсць яшчэ і часовая міграцыя, калі людзі едуць на заробкі. У 2018 годзе ў Расіі налічылі 650 тысяч працаўнікоў з Беларусі. Украінцаў утрая болей — 1 мільён 846 тысяч. Але гэта істотна меней, чым было некалькі гадоў таму, калі ў Расію на працу выязджалі да 2,5 мільёна грамадзян Украіны. Гэта значыць, што працоўныя мігранты пераарыентоўваюцца на Захад — на тую самую Польшчу. Там, напрыклад, ужо з’явіліся нават банкаматы з украінскай мовай.

Прагноз па «натуралізацыйным» міграцыйным патоку з Украіны аўтары згаданага даследавання Інстытуту сацыяльнага аналізу і прагназавання далі такі:

«Ці будзе зніжацца прырост з Украінай у далейшым, залежыць шмат ад чаго, у тым ліку ад эфектыўнасці змяненняў, прадугледжаных расійскім заканадаўствам аб грамадзянстве, якія ўводзяць пэўныя прэферэнцыі менавіта для грамадзян гэтай краіны, а таксама спрашчаюць бюракратычныя працэдуры для ўдзельнікаў Дзяржаўнай праграмы садзейнічання перасяленню суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой».

І вось неўзабаве Уладзімір Пуцін прымае рашэнне раздаваць грамадзянства Расіі жыхарам акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей па спрошчанай схеме!

Анексія людзей

Каментуючы вынікі вышэй згаданага даследавання, эксперт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч, які, дарэчы, пераехаў ва Украіну з Беларусі, зазначае:

«Адбываюцца маштабнае выміранне так званай «рускай» часткі Расіі і рост насельніцтва нацыянальных аўтаномій. Гэта значыць, ідуць змены «дэмаграфічнага партрэта» расіяніна. На першы погляд, дробязь, але гэта змяняе культурныя асновы, уклад жыцця, і нават уплывае на магчымасці эканамічнага развіцця. Бо на фоне чарговага вітку прамысловай рэвалюцыі ў РФ замест жыхароў, якія выраслі ва ўмовах індустрыяльнага ўкладу, прыходзяць грамадзяне, выхаваныя па законах даіндустрыяльнага грамадства».

Нездарма і скандальная прапагандыстка з канала «Russia Today» Маргарыта Сіманьян наўздагон абвяшчэнню пуцінскай «пашпартызацыі» прапанавала наагул даваць «грамадзянства для ўсіх рускіх». Інакш, маўляў, да 2040 года Расія стане «зусім іншай краінай — мусульманскай».


Па словах Тышкевіча, «пакуль нічога страшнага для Крамля няма — «запасу насельніцтва» хопіць яшчэ гадоў на 30, перш чым дэмаграфічныя працэсы стануць сур'ёзнай праблемай. Але лепш не чакаць, а вырашаць праблему: таму Крамлю патрэбен быў Крым (акрамя палітычных бонусаў для Пуціна), таму і далей РФ будзе падтрымліваць хаос на сваіх межах». Чаму? Бо «людзі бягуць ад хаосу. І такія міграцыйныя патокі Расіі патрэбныя. У першую чаргу з «еўрапейскай часткі былога СССР».

Такой самай думкі прытрымліваецца і палітычны аглядальнік, галоўны рэдактар «Еўрапейскай праўды» Сяргей Сідарэнка на старонках свайго выдання:

«У Расіі — жорсткі дэмаграфічны крызіс, які з часам будзе толькі нарастаць. Працоўных рук не хапае ва ўсіх галінах, і даследаванні паказваюць, што гэта толькі пачатак. Спробы стымуляваць нараджальнасць не даюць хуткага выніку. Адзіны варыянт — прыток мігрантаў. Пажадана — рускамоўных. Пажадана — славян, каб не ствараць дадатковай напружанасці.

Абяскроўлены ўкраінскі Данбас быў абраны, відавочна, найлепшым донарам. Бо ідэя заключаецца ў тым, што, атрымаўшы пашпарты і неабмежаваная права на працаўладкаванне ў Расіі, данчане і луганчане, не маючы працы дома, паедуць туды. А хтосьці — паедзе, каб ужо не вярнуцца.

Не маючы магчымасці забраць украінскую зямлю, расейцы забілі прамысловасць, частку заводаў — вывезлі на тэрыторыю Расіі, а цяпер маюць намер «анексаваць» людзей».

Ігар Тышкевіч прагназуе, што «чым больш відавочным будзе станавіцца дэмаграфічны крызіс, тым больш рэзка і актыўна будуць працаваць крамлёўскія сейбіты хаосу. Сёння яны занятыя Украінай. Але Беларусі і Казахстану, відавочна, не варта расслабляцца».

Крэмль разглядае жыхароў Украіны і Беларусі як «камфортнае насельніцтва, якое можна лёгка асіміляваць». Апрача таго, «пашпартызацыя» ад Пуціна — гэта ў тым ліку палітычны сігнал тым жыхарам нашых краінаў, якія лаяльна ставяцца да расійскага прэзідэнта і таго, што ён робіць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!