Навіны супраць дэмагогіі

«Генетыка — прадажная дзеўка імперыялізму!», — такая фраза прыпісваецца савецкаму акадэміку Трафіму Лысенку, які гэтую галіну навукі вельмі не любіў. Насамрэч гэтую фразу вынайшаў пісьменнік-сатырык Аляксандр Хазін. Аналагічныя пасажы ў СССР тычыліся кібернетыкі. А цяпер, слухаючы нашых урадоўцаў, кажуць, што «статыстыка — прадажная дзеўка аўтарытарызму».

Насамрэч, канешне, не. Не варта абвінавачваць усю навуку з-за таго, што яе скарыстоўваюць у мэтах стварэння нейкай паралельнай рэальнасці. Безумоўна, голыя лічбы выглядаюць добра, але толькі выглядаюць.

«Эканоміка адчувае сябе здаровай. Працягваецца эканамічны рост, якасны эканамічны рост. Магчыма, яшчэ ў нас няма пакуль афіцыйных дадзеных па ВУП, магчыма, у нас будзе зусім невялікае зніжэнне, менавіта ВУП, за кошт высокай базы мінулага года, і ў нас сельская гаспадарка дасць трохі горшы вынік за кошт больш нізкай ураджайнасці, з-за, як усім вядома, умоў надвор’я», — аптымістычна распавядае прэм’ер Галоўчанка.
Але ж, калі бачыш навіны, падаецца, што насамрэч — усё развальваецца. І «якасны рост» абстрактнай эканомікі адбываецца на руінах прадпрыемстваў і гаспадарак.

Вось, напрыклад, на тыдні мы даведаліся, што Расія з канца жніўня пастаўляе ў Беларусь электрычнасць «у даволі буйных аб'ёмах». Пра гэта распавёў не Галоўчанка, а расійскае «Інтэр РАО». У нашым жа Міністэрстве энергетыкі кажуць, што «імпарт расійскай электраэнергіі — гэта дадатковая мера для забеспячэння надзейнасці электразабеспячэння напярэдадні асенне-зімовага перыяду».

Але ж, па-першае, электрычнасць у банкі не закатаеш, і няма такіх паўэр-банкаў, якія б назапасілі ўсю расійскую энергію. Па-другое — дзе нашая БелАЭС? Мы ж будавалі яе менавіта для «энергетычнага суверэнітэту»? Мала таго, што ніякага суверэнітэту не атрымалася, паколькі паліва для АЭС мы ўсё роўна закупляем у Расіі, дык яшчэ і рэактар, які павінны былі запусціць яшчэ калі, адключаны ад энергасетак з ліпеня.
Падаецца мне, што зусім не для «энергетычнай незалежнасці» пабудавалі гэтую станцыю. Расіі трэба было «абкатаць» эксперыментальны рэактар, і пажадана — не на сваёй тэрыторыі (а раптам што здарыцца?). Яны гэта зрабілі, і нават на «запарогавых» магутнасцях. І пры гэтым за гэтыя даследаванні нам давядзецца яшчэ і заплаціць — бо крэдыт аддаваць трэба. А эфекту ад АЭС, якую «запусцілі» амаль год таму (афіцыйны запуск адбыўся, нагадаю, 7 лістапада 2020 года), мы і не атрымалі.

«Наша Ніва» на тыдні паведаміла, што ўлады ў чарговы раз абмяркоўваюць магчымасць продажу сваёй долі сотавага аператара МТС — дзяржаве належыць 51% акцый мабільнага аператара. Нібыта, разглядаецца продаж беларускага МТС адной з турэцкіх кампаній. Прычым, крыніцы «Нашай нівы» кажуць, што разам з МТС улады хацелі б прадаць і «Белтэлекам», якому фармальна і належаць тыя 51% МТС.

Кажуць, што за беларускую долю хочуць 300 мільёнаў долараў. Пры гэтым выданне адзначае, што гэта «малаімаверная сума, бо прадаць актыў у Беларусі ўжо даволі складана».

Цікава, што раней беларускія ўлады ацэньвалі беларускую долю МТС у 900 мільёнаў долараў мінімум. То-бок, зніжка атрымалася — у тры разы. З гэтай нагоды тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» напісаў, што «акрамя дзяржаўных бываюць яшчэ і асабістыя, прыватныя інтарэсы. І звычайна бывае, што чым большая зніжка пры продажы дзяржаўнага срэбра, тым прыватны інтарэс цікавейшы».

Мы не будзем казаць пра магчымы карупцыйны складнік, але нельга не заўважыць, што на фоне такой інфармацыі ў «МТС-Беларусь» змяніўся дырэктар. Шматгадовага кіраўніка Уладзіміра Карповіча змяніў сын кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі Уладзіслаў. Маскоўскія ж акцыянеры, роўна як і менеджмент кампаніі, даведаліся пра гэтае прызначэнне з навінаў.

Ну і, можа быць, добрая навіна. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што разглядае магчымасць закупу 100 тысяч доз амерыканскай вакцыны Pfizer. Праўда, калі Мінздароўя пра гэта заявіла, то зрабіла агаворку: яны павінны быць упэўненыя, што ў Беларусі знойдзецца столькі ахвотных прышчапіцца гэтай вакцынай.
Такі падыход сведчыць, што вакцына будзе, хутчэй за ўсё, не бясплатнай. Але і тут ёсць «але». Справа ў тым, што вакцына Pfizer не сертыфікаваная тым жа беларускім Мінздароўя. Спачатку яна павінна прайсці нацыянальную сертыфікацыю, а таму... Хутка амерыканскай вакцыны чакаць не даводзіцца.

Прыгожая навіна прыйшлі да нас з санкцыйнага «Нафтану». «Гігант беларускай нафтахіміі», «флагман беларускай прамысловасці» і гэтак далей-далей-далей абвясціў пра тое, што прадае… Дровы! «У цяперашні час ААТ “Нафтан” здзяйсняе рэалізацыю дроў і дзелавой драўніны асобнымі лотамі», — напісана на сайце прадпрыемства ў запрашэнні для пакупнікоў.

Гэта, падаецца, усё, што трэба ведаць пра наш «беларускі эканамічны цуд». Пры гэтым вядома, што расійскія пастаўшчыкі нафты з прадпрыемствам працаваць адмаўляюцца, а статыстыка па продажы нафтапрадуктаў — закрытая.

Але на тыдні ўрад, урэшце, вызначыўся з «нашым адказам на санкцыі». І гэты адказ проста палыхае навізной. Па-першае, санкцыйным прадпрыемствам далі, па выразе міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, «танныя грошы». Па-другое, па словах таго ж Пархомчыка, санкцыі — гэта нагода актыўна заняцца замяшчэннем імпарту. «Гэта якраз штуршок і магчымасць нашым прадпрыемствам паглядзець на пытанні імпартазамяшчэння, тэхнічных рашэнняў. Гэта значыць знайсці замену камплектуючых ад тых, хто кінуў нам пэўны выклік. І сёння нашы канструктарскія школы вырашаюць такія задачы. Не хацелася б раскрываць цяпер нашы тэхнічныя планы, але мы будзем здзіўляць — і вас, і грамадскасць», — заявіў ён.

Імпартазамяшчэнне і дырэктыўнае крэдытаванне — гэта наш адказ на санкцыі, аказваецца. Прычым той адказ, які і без санкцый ужываецца дзесяцігоддзямі, і гэтымі ж дзесяцігоддзямі не мае ніякага поспеху.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: