Выбары: навошта гэты цырк?

Вызначыліся. Аляксандр Лукашэнка падпісаў два ўказы пра выбары. Савет рэспублікі будзе абраны 7 лістапада гэтага года, а новая Палата прадстаўнікоў — 17 лістапада. Парламенцкую выбарчую кампанію можна лічыць афіцыйна адкрытай. Праўда, незразумела, навошта і каму гэта трэба.

Фота deseretnews.com

У некаторых беларускіх праваабаронцаў ужо даўно ўзнікала думка пра тое, што выбары любога ўзроўню (можа быць, апроч прэзідэнцкіх) у нашай краіне трэба адмяніць. Асноўны аргумент — галасы на іх не лічаць, а дэпутаты не з’яўляюцца прадстаўнікамі народа, бо прызначаюцца па загадзя зацверджаным спісе. І гэта ні для каго не сакрэт. Таму ці не лепш было б, у мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў, не праводзіць гэтую «паказуху», а проста прызначыць дэпутатаў адпаведным указам кіраўніка дзяржавы?

Адна толькі экалагічная эканомія чаго вартая: замест 7 мільёнаў паперак-бюлетэняў сапсуецца ўсяго адна (!) паперка на адпаведны ўказ. А яшчэ пяць паперак на спіс дэпутатаў заменяць безліч «макулатуры» ў выглядзе перадвыбарчых улётак. А ўжо колькі мы зэканомім на працы выбарчых камісій, якіх не будзе! Канешне, крэдыт на АЭС за кошт адмены выбараў мы не выплацім, але ашчадзіць грошай зможам істотна.

Другое: мала хто памятае «сваіх» дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і добра ўяўляе, чым яны займаюцца. З мінулых выбараў 2016 года прынамсі я на інфармацыйным стэндзе ля свайго пад’езда не бачыў аніводнай аб’явы, дзе б дэпутат ППНС па маёй акрузе запрашаў бы мяне (і іншых выбаршчыкаў) на справаздачу аб сваёй дзейнасці.

Дарэчы, хто-небудзь памятае не толькі прозвішча дэпутата, але і яго абяцанкі ў перыяд перадвыбарчай кампаніі? Таксама не? А дарма — пашукайце ў інтэрнэце. Зараз прачытаць іх перадвыбарчыя праграмы — абрагочашся. Усе абяцалі «падтрымку моладзі», асабліва таленавітай, захаванне (калі не паляпшэнне) сацыяльных стандартаў, новыя працоўныя месцы, падтрымку малому бізнесу і гэтак далей.

Але высветлілася, што дэпутаты, калі раскідваліся абяцанкамі, не ведалі, што нічога не вырашаюць — нават тады, калі гэтага ад іх патрабуе грамадства. Грамадства патрабавала апошнім часам шмат чаго. Адмены «дармаедскага дэкрэта» (узрушэнні 2017 года прыйшліся на працу парламента менавіта гэтага склікання); непрыняцця «закона Раўкова», які скасоўвае адтэрміноўкі службы ў войску (супраць закона было сабрана 10 тысяч подпісаў); палёгкі па сумнавядомым артыкуле 328 за незаконны абарот наркотыкаў (ініцыятыва «Маці 328» праводзіць пікеты да сёння); людзі крытыкавалі павышэнне пенсійнага ўзросту…

Можа быць, «закон Раўкова», тэрмінова прыняты парламентарамі, — гэта і ёсць падтрымка таленавітай моладзі? А павышэнне пенсійнага ўзросту і «дармаедскі дэкрэт» у новым выглядзе — гэта «сацыяльны стандарт»?

З іншага боку — што чакаць ад дэпутатаў, калі яны не могуць абараніць нават самі сябе! Кіраўнік краіны па-валюнтарысцку вырашыў скараціць тэрмін іх паўнамоцтваў ледзь не на чвэрць — хто-небудзь выказаўся супраць? Хіба толькі Канапацкая заявіла, што для гэтага няма законных падстаў, астатнія праглынулі — як мае быць.

Фота vgr.by

На добрую справу, павінна было быць інакш. Кожны дэпутат мусіў устаць і сказаць: «Мяне на гэтую пасаду абраў народ, мае выбаршчыкі. І калі тэрмін дэпутацтва скарачаецца — гэта не мае паўнамоцтвы заканчваюцца. Гэта заканчваюцца паўнамоцтвы маіх выбаршчыкаў па ўдзеле ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў шляхам дэлегавання мне паўнамоцтваў! То-бок, парушаюцца не мае правы, а правы маіх выбаршчыкаў, а на гэта я пайсці не магу!»

Ніводны дэпутат не згадаў пра тое, што ён на пасаду АБРАНЫ, і што парушаюцца правы тых, хто яго абіраў. Затое Лукашэнка наконт скарачэння тэрміну дзеяння парламента гэтага склікання заявіў: «Парламентары з намі пагадзіліся. Яны ў гэтым плане, дэпутаты нашы, малайцы». А некаторыя з іх, з дэпутатаў, не саромеючыся прызнаваліся «ў кулуарах» ка­рэспандэнту расійскай «Независимой газеты», што «скарачэнне іх цяперашняга дэпутацкага тэрміну ўлады змякчылі абяцаннем абрання ў новы (парламент новага склікання. — НЧ)».

То-бок, мы і атрымалі адказ, ад каго залежыць абранне дэпутата, а ад каго не залежыць. І, на вялікі жаль, яно не залежыць ад выбаршчыкаў.

Такім чынам, што ў высновах? Дэпутаты нічога не вырашаюць, свае абяцанкі не выконваюць, іх прызначаюць, а не абіраюць. Навошта тады гэты цырк у выглядзе бачнасці выбараў?

Можа, мы хочам нешта некаму прадэманстраваць? Напрыклад, сумленныя і празрыстыя выбары Еўропе? Дык яны ўжо не сумленныя, бо праводзяцца з парушэннем вызначаных законам тэрмінаў.

Марнаваць грошы на выбары мае сэнс тады, калі яны — сапраўдныя. Калі ёсць сумленны падлік галасоў, калі дэпутаты сапраўды абіраюцца і адстойваюць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. А калі «дэпутат» — толькі назва для прызначанага чыноўніка, дык навошта нам такія выдаткі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!