Не браты па зброі — «Новая газета» пра тое, чаго чакаць ад вайны Расіі і Беларусі

«Лукашэнка сцвярджае, што Расія і Беларусь застануцца саюзнікамі ў любым выпадку, "хто б ні быў ва ўладзе ў Беларусі ці Расіі". Не выключана, што гэтая заява можа быць неўзабаве правераная на практыцы»,  — піша «Новая газета».



Прысяга беларускіх навабранцаў. Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС

У артыкуле «Не браты па зброі. Што беларуская армія можа супрацьпаставіць расійскай» «Новая газета» прааналізавала стан армій дзвюх саюзніцкіх пакуль краі і распавяла, што можа здарыцца ў выпадку вайны Расіі і Беларусі. Прапануем вам пераклад гэтага артыкула расійскага выдання:

Аляксандр Лукашэнка кіруе ўжо 26 гадоў, але яго перавыбранне на 6-ы тэрмін 9 жніўня аказалася няпростай справай і прывяло да сур'ёзнай унутранай дэстабілізацыі і адначасова да ўскладнення адносін з Масквой.

У эмацыйным і сумбурным пасланні (фактычна, перадвыбарнай прамове) 4 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў тым, што яна ўжо не лічыць беларусаў «братамі», а разглядае як «партнёраў». І дадаў шмат іншых непрыемных словаў пра спробы знешніх сілаў дэстабілізаваць рэспубліку і ліквідаваць самога Лукашэнку як аснову беларускай стабільнасці, а таксама пра засланых з Расіі наймітаў-кантрактнікаў, з якіх 33 былі арыштаваныя і даюць прызнальныя паказанні ва ўмелых руках беларускага КДБ, пакуль іншыя хаваюцца ў лясах, але іх абавязкова знойдуць.

«І памятайце: у нас ёсць і міліцыя, і армія, і спецслужбы. Гэта дзеці тых, каго вы хочаце запрэгчы ў воз і паганяць пугай. Яны, людзі ў пагонах, вам гэтага зрабіць не дазволяць нават без мяне. Вы спазніліся роўна на чвэрць стагоддзя, — абвясціў Лукашэнка, відавочна, маючы на ўвазе Маскву. — Краіну мы вам не аддадзім».

У сённяшнім знешнепалітычным расійскім слоўніку слова «партнёр» — лаянкавае і, па сутнасці, з'яўляецца сінонімам слова «вораг». Вядома, пасля 9 жніўня сітуацыя можа паступова нармалізавацца, а цяперашняе абвастрэнне паспрабуюць і ў Мінску, і ў Маскве спісаць на перадвыбарчую гарачку. Але словы ўжо сказаныя, а яшчэ ў Віцебскай вобласці на ўсходзе Беларусі абвешчаныя вучэнні са зборам армейскіх рэзервістаў.

Беларускія ўзброеныя сілы створаныя на мабілізацыйна-міліцыйнай аснове і не разлічаны на нейкія сур'ёзныя баявыя дзеянні без прызыву і разгортвання значнай колькасці рэзервістаў. 

У беларускіх войсках мірнага часу служаць 45 500 вайскоўцаў і 19 500 чалавек цывільнага персаналу. У сухапутных войсках мірнага часу — 16 500 чалавек і ўсяго 2 паўнавартасныя механізаваныя брыгады плюс яшчэ 2 скарочаныя (кадраваныя). Вельмі невялікую рэгулярную прызыўную армію падмацоўвае больш за 300 000 рэзервістаў, якія падлягаюць мабілізацыі, з іх 120 000 — апалчэнцы тэрытарыяльнай абароны.

У складзе сіл спецаперацый  Узброеных сілаў Беларусі 6000 чалавек і 3 брыгады: дэсантная, дэсантна-штурмавая і спецназ. Затое ёсць цэлых 6 брыгадаў Унутраных войскаў, з іх адна — спецназ МУС. У арсенале беларускіх Узброеных сілаў даволі шмат танкаў, артылерыі і сістэмаў залпавага агню. Ёсць невялікая баявая авіяцыя, і ёсць ЗРК. Але амаль усё гэта ўзбраенне дасталася краіне ў спадчыну ад СССР, і мадэрнізаваных узораў няшмат.

Няма сучасных сістэм сувязі і кіравання, няма сучасных беспілотнікаў для карэкціроўкі агню артылерыі, сістэмаў залпавага агню і авіяцыі ў рэальным часе накшталт расійскіх «Фарпостаў» (паводле ізраільскай ліцэнзіі), якія забяспечылі разгром Узброеных сілаў Украіны пад Ілавайскам у 2014-м, пад Дэбальцава ў 2015-м і потым эфектыўна ўжываліся ў Сірыі. Беларускія абаронныя выдаткі — крыху больш за 1% ВУП, або дзесьці 50 мільярдаў расійскіх рублёў на год, — разоў у 70 менш за аналагічныя расійскія выдаткі.

Лукашэнка любіць раскошны мундзір галоўнакамандуючага, але прыярытэтам і асновай рэжыму заўсёды былі МУС, спецслужбы, ну і, можа, спецназ. Уласнае войска кіраўнік Беларусі паслядоўна скарачаў, а разам з ім — бессэнсоўныя, з яго пункту гледжання, выдаткі. Мінск цалкам меркантыльна разлічваў на саюз з РФ і на расійскі ядзерны парасон — гэтак жа, як многія еўрапейскія краіны разлічвалі на ЗША.

Расійскія выдаткі на войска, зрэшты, даюць вынік: падчас нядаўняй масіраванай раптоўнай праверкі боегатоўнасці з 17 па 21 ліпеня да 150 000 байцоў, па словах Сяргея Шойгу, паспяхова «рашылі задачы па арганізацыі манеўранай абароны і наступальных дзеянняў», у тым ліку на заходнім напрамку. Калі (тэарэтычна) будзе пастаўленая задача па «стабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі», то тамтэйшыя рэзервісты і сабрацца не паспеюць, як дзясяткі тысяч расійскіх салдат і тысячы адзінак тэхнікі будуць разгорнутыя і ўведзеныя, упраўленне беларускай абаронай абрынецца, і ўсё скончыцца.

 

Паказальныя выступы ў частцы ўнутраных войскаў. Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС

Каб яшчэ зэканоміць на абароне, Лукашэнка — сам сельскі ўраджэнец — прыдумаў замест дарагой рэгулярнай арміі шматлікую тэрытарыяльную абарону з патэнцыйных партызанаў. Апалчэнцы павінны, нібыта, арганізаваць магутную партызанскую вайну, як калісьці супраць немцаў. Але сучасная ўрбанізаваная Беларусь зусім не тая, што падчас змагання з фашыстамі, дый на Афганістан не падобная.

Гарадскія жыхары без доўгай і сур'ёзнай спецпадрыхтоўкі ў лясах доўга не выжывуць, і ад 120 000 лёгкаўзброеных апалчэнцаў асаблівай карысці не будзе.

У Маскве заўсёды лічылі, што Саюзная дзяржава з Беларуссю павінна ўрэшце прывесці да рэальнай інтэграцыі і ўвогуле гатовыя чакаць, хоць дзеянні Лукашэнкі выклікаюць нарастаючае раздражненне. Іншая справа, калі ў Мінску пачнецца сапраўдная дэстабілізацыя, як, напрыклад, было ў Кіеве ў лютым 2014-га, і тым больш паўстане пагроза рэальнага адрыву і геапалітычнай пераарыентацыі Беларусі. Падобныя надзвычайныя абставіны могуць паслужыць трыгерам для, здавалася б, неймаверных дзеянняў.

Татальная якасная і колькасная перавага ў сілах і ў гатоўнасці дзейнічаць рашуча і нечакана, са стратэгічным і тактычным апярэджаннем, як у Крыме ў 2014-м годзе, могуць спакусіць на рашэнне «беларускага» пытання адным кідком. Акрамя таго, ва Украіне і ў Крыме ў 2014-м аказалася нямала мясцовых вайскоўцаў і кіраўнікоў, што гатовыя перайсці на бок пераможцы. У Беларусі ў абстаноўцы параўнальнай дэстабілізацыі можна чакаць таго ж. Лукашэнка сцвярджае, што Расія і Беларусь застануцца саюзнікамі ў любым выпадку, «хто б ні быў ва ўладзе ў Беларусі ці Расіі». Не выключана, што гэтая заява можа быць неўзабаве правераная на практыцы.

Паводле novayagazeta.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: