«Не задаволіў фармат»: у Еўрапарламенце патлумачылі адмену сустрэчы з беларускімі дэпутатамі

У прэс-службе камітэту замежных спраў Еўрапарламенту Свабодзе адказалі, чаму дэлегацыя Эўрапарлямэнту 26 лютага адмяніла сустрэчу з беларускімі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў за 15 хвілін да пачатку.
Цягам 24–28 лютага ў Мінску і Гродне праходзіць візіт дэлегацыі Еўрапарламенту. 26 лютага дэлегацыя адмяніла запланаваную раней сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Што кажуць у Еўрапарламенце?

Сустрэчу адмянілі, бо беларускі бок не прапанаваў фармат, які б задаволіў дэпутатаў Еўрапарламенту, сказалі Свабодзе ў прэс-службе камітэту замежных спраў Еўрапарламенту.

«Цяпер Еўрапарламент не мае афіцыйных дачыненняў з Беларуссю. Але каб падтрымаць дыялог, у праграме візіту дэлегацыі былі сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу Беларусі. Але беларускі бок не прапанаваў фармат сустрэчы, на які б пагадзіліся дэпутаты Еўрапарламенту», — сказалі ў прэс-службе.

Што кажуць у Палаце прадстаўнікоў?

Паводле старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных, беларускія дэпутаты «былі гатовыя да дыялогу ў кантэксце нашых традыцыйных каштоўнасцей у беларускай знешняй палітыцы». Ён выказаў спадзяванне, што некалі еўрапейскія партнёры зразумеюць каштоўнасць «адкрытай палітыкі» беларускіх дэпутатаў.

Ананімная крыніца ў Палаце прадстаўнікоў паведаміла БелаПАН, што беларускі бок пра адмену сустрэчы апавясцілі за 15 хвілін да яе меркаванага пачатку.

«Відаць, у апошні момант варухнуўся стары стэрэатып, што раз не прызналі беларускі парламент, то не могуць зайсці на яго тэрыторыю. Гэта экзатычныя паводзіны, якія не ўкладаюцца ў межы цвярозага розуму, — адзначыў суразмоўца. — Адмаўляцца ад дыялогу, калі мы маем развіццё адносін з іншымі структурамі па розных тэмах, выглядае безадказным».

Што важна ведаць пра візіт дэпутатаў Еўрапарламенту ў Беларусь?

Дэлегацыя прыбыла ў Беларусь 24 лютага. Да 28 лютага новаабраныя чальцы Еўрапарламенту маюць пазнаёміцца з сітуацыяй у Беларусі і акрэсліць асноўныя кірункі супрацы. Акрамя Мінска, яны таксама наведаюць Гродна, дзе ацэняць рэалізацыю шэрагу праектаў, фінансавую падтрымку якіх ажыццяўляе Еўрасаюз.

Былі запланаваныя сустрэчы еўрадэпутатаў з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазіцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці.

Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: