Непазбежнае прэзідэнцтва

Чвэрць стагоддзя таму пасля доўгіх спрэчак, ваганняў і маніпуляцый у Канстытуцыі Беларусі быў замацаваны прынцып моцнай прэзідэнцкай рэспублікі.

3 сакавіка 1994 года дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь паведамілі, што ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12 склікання адбылося пайменнае галасаванне па асобных палажэннях праекта Канстытуцыі. У адпаведным імянным бюлетэне стаяла наступнае пытанне: «Ці прымаеце Вы главу 3 “Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь”, главу 4 “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь” і раздзел V “Мясцовае кіраванне і самакіраванне”?». Таксама паведамлялася, што галасаванне прайшло паспаяхова і большасць дэпутатаў падтрымалі гэтыя палажэнні. Пры ўсёй сваёй важкасці пытанні Вярхоўнага Савета і мясцовага кіравання і самакіравання адыйшлі на другі план. Грамадская думка была сфакусавана на адным: Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай. Але чаму так адбылося, чаму парламентарыі пайшлі на такі незвычайны крок?

Тры шляхі

Адзін з самых праблемных і вострых момантаў у палітычнай гісторыі Беларусі першай паловы 1990-х гадоў тычыўся распрацоўкі і прыняцця новай Канстытуцыі. Праца над новым праектам беларускага Асноўнага Закона стартавала летам 1990 года, калі была створана адпаведная Канстытуцыйная камісія, куды ўвайшлі дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 склікання і вядучыя эсперты-юрысты.

Перад заканадаўцамі і распрацоўшчыкамі праекта адразу паўстала шмат пытанняў (парламент, судовая сістэма, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, мова і інш.). Але ж, канешне, самы дыскусійны момант быў звязаны з прэзідэнтам.

Падчас распрацоўкі новага канстытуцыйнага праекта незалежнай Беларусі як сярод дэпутатаў і экспертаў, так і ў грамадскай думцы ў цэлым сфармаваліся тры асноўныя падыходы наконт увядзення ў краіне прэзідэнцкай пасады.

Першыя былі цвёрда ўпэўненыя, што ў Беларусі немэтазгодна і нават небяспечна ўводзіць прэзідэнцкую пасаду. У якасці аргументаў яны прыводзілі нізкую палітычную культуру насельніцтва, адносна невялікую тэрыторыю краіны, сталае супрацьстаянне выканаўчай і заканадаўчай улады ў Расіі і ва Украіне і інш. Прыхільнікі такога падыходу лічылі, што для Беларусі ідэальная мадэль кіравання — Вярхоўны Савет на чале са старшынёй з пашыранымі паўнамоцтвамі. Вось што, напрыклад, пісаў у Канстытуцыйную камісію ў лістападзе 1993 годзе народны дэпутат ад Беларускай рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Мікалай Коваль: «Для нашей республики, границы которой можно увидеть с крыши Овального зала (месца паседжанняў сесій Вярхоўнага Савета ў Доме Урада — Аўт.), председатель Верховного Совета может быть наделен всеми полномочиями. Примером может стать опыт близкого зарубежья, где ни в одной республике нет ни согласия ни мира между президентом и Верховными Советами. Дележ власти — не разделка кабанчика».

Супраць увядзення пасады прэзідэнта выступалі камуністы і іх палітычныя праціўнікі — дэпутаты парламенцкай апазіцыі БНФ.

Перспектывы прэзідэнцтва ў тыя гады скептычна ацэньвала пэўная частка насельніцтва, аб чым сведчаць шматлікія лісты на адрас беларускага кіраўніцтва і Канстытуцыйнай камісіі. У студзені 1994 года адзін з мінскіх пенсіянераў пісаў старшыні Вярхоўнага Савета Станіславу Шушкевічу: «У нас в народе, к сожалению, живет холуйская психология вождизма, преклонение перед сильной рукой».

Прыхільнікаў другога падыходу ўмоўна можна назваць цэнтрыстамі. Яны выступалі за ўвядзенне пасады прэзідэнта, аднак з абмежаванымі паўнамоцтвамі, накшталт такой мадэлі, якая існавала ў ФРГ. У такім разе прэзідэнт лічыўся б толькі главой дзяржавы, не выканаўчай улады і ажыццяўляў бы толькі прадстаўнічыя функцыі (наданне чыноў і званняў, прадстаўленне краіны за мяжой і інш.). Такую ідэю, падтрымліваў, напрыклад, Станіслаў Шушкевіч. З цягам часу гэта стала імпанаваць і парламенцкай апазіцыі БНФ.

Нарэшце, паплечнікі трэцяга падыходу выступалі за ўвядзенне пасады прэзідэнта, які б быў адначасова кіраўніком і дзяржавы, і выканаўчай улады. Яны даказвалі, што толькі «моцны» прэзідэнт здолее вывесці краіну з крызісу, перамагчы злачыннасць і карупцыю. Напрыклад, Дзмітрый Арцыменя, старшыня Гродзенскага аблвыканкама (забіты 20 верасня 1993 года) на паседжанні Канстытуцыйнай камісіі 10 лістапада 1992 года выказаўся за амерыканскую мадэль прэзідэнцтва.

На тым жа паседжанні дэпутат Віктар Ганчар казаў наступнае: «Мы развалим управление, это должен быть глава государства с жёсткими функциями. Давайте все-таки не уходить от обычаев нашего населения, менталитета. Мы жили столетиями в условиях жёсткой системы. Поэтому упаси нас Господь от того, что мы называем парламентской республикой. У нас её нет».

За ўвядзенне пасады прэзідэнта з пашыранымі паўнамоцтвамі выступалі дэпутаты Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Булахаў. Вось што заўважыў Лукашэнка на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета 22 чэрвеня 1990 года: «Вопрос о власти решают коротко и чётко».

Міф Аляксандра Лукашэнкі

У працэсе дыскусій вакол прэзідэнцкай пасады ўносіліся прапановы ўвесці пасаду віцэ-прэзідэнта. Іх ініцыятары былі супраць таго, каб прэзідэнта ў выніку немагчымасці выконваць яго паўнамоцты замяшчаў кіраўнік парламента.

Праўда, такія прапановы можна пералічыць па пальцах. У перыяд 1992-1993 гадоў прапановы наконт віцэ-прэзідэнта рабілі міністэрства юстыцыі, УУС Мінгарвыканкама і старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Мечыслаў Грыб.

У сувязі з гэтым неабходна развеяць міф, запушчаны ў грамадскую думку беларускім кіраўніком. 2 кастрычніка 2010 года на прэс-канферэнцыі для журналістаў расійскіх СМІ Лукашэнка зрабіў ледзь не сенсацыйную заяву: нібыта ён падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 1994 годзе прапанаваў тагачаснаму прэм’ер-міністру Вячаславу Кебічу ўвесці пасаду віцэ-прэзідэнта. Тады Кебіч становіцца прэзідэнтам, а ён, Лукашэнка — другім чалавекам у дзяржаве. Лукашэнка запэўніваў журналістаў, што Кебіч быццам бы спачатку згадзіўся, але потым адмовіўся.

Сведчанне беларускага кіраўніка не падмацавана аніякім крыніцамі: ні архіўным матэрыялам, ні перыядычным друкам таго часу. Невядома, навошта спатрэбіўся Лукашэнку падобны міф.

Што напісана пяром…

Усяго мелі месца тры афіцыйных публікацыі канстытуцыйнага праекта: снежань 1991 года, жнівень 1992 года і верасень 1993 года. Канстытуцыйныя праекты сведчылі пра сталае ваганне большасці дэпутацкага корпуса ў адносінах да прэзідэнта. Так, «снежаньскі праект» уводзіў інстытут «моцнага» прэзідэнта, які адначасова з’яўляўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Больш таго, прэзідэнт абвяшчаўся гарантам суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, правоў і свабодаў грамадзянаў. Пункт 1 артыкула 105 праекта надзяляў кіраўніка дзяржавы правам рабіць захады па ахове суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці правоў і свабодаў грамадзянаў.

А вось «жнівеньскі» праект адназначна замацаваў «слабага» прэзідэнта, які з гэтага часу з’яўляўся толькі кіраўніком дзяржавы. Палажэнне аб тым, што прэзідэнт прымае захады па ахове суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці правоў і свабодаў грамадзянаў, было выключана.

Аўтары «вераснёўскага» праекта зноў вярнуліся да ідэі «моцнага» прэзідэнта, надзяліўшы яго істотнымі паўнамоцтвамі. Прэзідэнт станавіўся кіраўніком не толькі дзяржавы, але і выканаўчай улады. Была рэаніміравана норма аб захадах па ахове суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці правоў і свабодаў грамадзянаў. Прэзідэнт атрымліваў права ствараць і скасоўваць міністэрствы, ведамствы і іншыя органы кіравання. Пры прэзідэнце ствараўся ўрад — Кабінет міністраў.

З інстытутам прэзідэнцтва ўзнікалі і непазбежныя спадарожныя пытанні: мінімальны і лімітавы ўзрост прэзідэнта, неабходную колькасць подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты і да т.п.

Спроба — не хвароба

Трэба адзначыць, што яшчэ летам 1991 года (шмат у чым у сувязі з масавымі выступамі насельніцтва супраць рэзкага павышэння коштаў) у Вярхоўным Савеце 12-га склікання мелі месца спробы заснаваць пасаду прэзідэнта. 21 мая 1991 года на адкрыцці 4-й сесіі старшыня парламенцкай камісіі па пытаннях работы Саветаў народных дэпутатаў і развіцці самакіравання Уладзімір Леўчык выступіў за ўвядзенне пасады прэзідэнта. У Вярхоўным Савеце з’явіліся прапановы (дэпутат Іван Каратчэня), каб прэзідэнт абіраўся на сесіі парламента (прыхільнікаў такога падыходу відавочна натхніў прыклад Гарбачова, які быў абраны прэзідэнтам на З’ездзе народных дэпутатаў). Аднак большасць дэпутатаў схілялася да думкі, што прэзідэнта трэба абіраць усенародна. 19 чэрвеня 1991 года за адпаведны артыкул 4 праекта закона «Аб прэзідэнце Беларускай ССР» прагаласавалі 189 дэпутатаў пры кворуме ў 173. А ідэю выбараў прэзідэнта на сесіі падтрымаў толькі 141 народны выбраннік.

Праўда, далей справа не пайшла. Успыхнуў жнівеньскі путч, а пасля яго падаўлення Вярхоўны Савет заняўся афармленнем незалежнасці Беларусі. Дэпутаты канчаткова схіліліся да думкі, што пост прэзідэнта трэба ўводзіць не асобным законам, а праз Канстытуцыю.

5 лютага 1993 года

Менавіта ў гэты дзень было прынята прынцыповае рашэнне аб увядзенні пасады «моцнага» прэзідэнта як кіраўніка выканаўчай улады. Што ж адбылося?

У гэты дзень было пададзена некалькі прапаноў наконт прэзідэнцтва. Напрыклад, Канстытуцыйная камісія ўнесла свае варыянты:
1) Беларусь — парламенцкая рэспубліка, у якой уведзены пост прэзідэнта, які не з’яўляецца кіраўніком выканаўчай улады;
2) Беларусь — прэзідэнцкая рэспубліка, у якой уведзены пост прэзідэнта, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы; 3) Беларусь — прэзідэнцкая рэспубліка, у якой уведзены пост прэзідэнта, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады.

Пры галасаванні першы варыянт набраў 23 галасы, другі — 67 і трэці — 136.

Прапаноўваліся і іншыя рашэнні, але яны не знаходзілі падтрымкі ў парламенцкай большасці. Напрыклад, за варыянт, паводле якога пасада прэзідэнта не ўводзіцца наогул, прагаласавалі 111 дэпутатаў.

Назіраючы такую неўзгодненасць калегаў, слова ўзяў дэпутат Віктар Ганчар. У сваім эмацыйным і палымяным выступе ён заклікаў дэпутатаў замацаваць палажэнне аб тым, што прэзідэнт — кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады. Ганчар запэўніваў дэпутатаў, што гэта «зусім не замацоўвае прэзідэнта як дыктатара»: «Праз юрыдычныя фармулёўкі, нарэшце, праз Канстытуцыйны Суд заўсёды можна будзе паставіць прэзідэнта на такую прыступку, калі ён будзе абмежаваны іншымі ўладамі». Прамова Ганчара сарвала апладысменты, а пры галасаванні гэтая фармулёўка набрала 190 галасоў.

Правалы, правалы

Аднак з інстытутам прэзідэнцтва паўсталі цяжкасці. Так, глава аб прэзідэнце не была зацверджана падчас паартыкульнага галасавання па праекце Канстытуцыі 25 мая 1993 года. Калі Шушкевіч паставіў на галасаванне фармулёўку пра тое, што прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады, «за» выказаліся толькі 127 дэпутатаў.

30 лістапада 1993 года падчас чарговага паартыкульнага абмеркавання за главу 4 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь» прагаласавалі 219 дэпутатаў пры кворуме ў 231. Булахаў сумна вымавіў, што праблемы з прэзідэнцтвам адкідваюць усю канстытуцыйную працу на паўтара года назад.

Дэпутат Анатоль Лябедзька прапанаваў стварыць Пагаджальную камісію, члены якой павінны былі весці працу з тымі дэпутатамі, якія выступалі супраць інстытута прэзідэнцтва. 2 снежня 1993 года пастановай Вярхоўнага Савета была створана Пагаджальная камісія ў складзе звыш дзесяці дэпутатаў.

19 студзеня 1994 года кіраўнік рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі Васіль Шаладонаў заявіў, што дзякуючы Пагаджальнай камісіі нібыта большасць дэпутатаў гатовыя разглядаць пытанне пра прэзідэнцтва. Аднак Шаладонава абверглі Лукашэнка і Трусаў, якія канстатавалі правал працы камісіі.

І яны мелі рацыю. Калі Шушкевіч паставіў на галасаванне назву главы 4 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь», то вынік быў несуцяшальны: «за» прагаласавалі 209 дэпутатаў пры кворуме ў 231 голас.

Цудоўнае вынаходніцтва

І тады прынцыпова іншы выхад са становішча прыдумала дэпутацкая група «Беларусь». Яе кіраўнік Генадзь Казлоў прапанаваў прагаласаваць па спрэчных палажэннях (у тым ліку і па прэзідэнцтве) праекта імяннымі бюлетэнямі на працягу некалькіх дзён. Пры гэтым Казлоў спаслаўся на досвед іспанскіх картэсаў і заявіў, што гэта падтрымліваецца Шаладонавым.
Імянны бюлетэнь Аляксандра Лукашэнкі. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Імянны бюлетэнь Аляксандра Лукашэнкі. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Станіслаў Шушкевіч таксама выказаўся ў падтрымку імяннога бюлетэня. Аднак Шушкевічу не было наканавана ператварыць такі план галасавання ў жыццё. 26 студзеня 1994 года яго большасцю дэпутацкіх галасоў адклікалі з пасады.

Новы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб гарэў жаданнем давесці канстытуцыйны працэс да лагічнага завяршэння, а таму актыўна лабіяваў імянны бюлетэнь. 22 лютага 1994 года выйшла адпаведная парламенцкая пастанова, згодна з якой найбольш спрэчныя палажэнні праекта Асноўнага Закона было мэтазгодна правесці шляхам падачы імянных бюлетэняў на працягу трох рабочых дзён з моманту абвяшчэння галасавання. У гэты ж дзень была сфарміравана Падліковая камісія на чале з Віктарам Ганчаром. Туды ўвайшлі Дзмітрый Булахаў, Міхаіл Мачуленка, Мікалай Скарынін і Баляслаў Сушкевіч.
 Імянны бюлетэнь Анатоля Лябедзькі. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

 Імянны бюлетэнь Анатоля Лябедзькі. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Як і чакалася, у бюлетэнь для імяннога галасавання было ўнесена пытанне: «Ці прымаеце Вы главу 4 “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь?”». Акрамя таго, бюлетэнь утрымліваў пытанні і па іншых найбольш спрэчных палажэннях праекта: Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і мясцовае кіраванне і самакіраванне.

Імянное галасаванне павінна было адбыцца 24, 25 лютага і 1 сакавіка 1994 года (26 і 27 былі выхаднымі днямі, а ў панядзелак, 28 лютага выдача імянных бюлетэняў не ажыццяўлялася). Іншымі словамі, дэпутат мог узяць імянны бюлетэнь 24 лютага і здаць яго 1 сакавіка, г.зн. імянное галасаванне расцягнулася амаль на тыдзень. Гэта стварала дадатковыя магчымасці прыхільнікам інстытута прэзідэнцтва для псіхалагічнай апрацоўкі дэпутатаў. Час выдачы і здачы бюлетэняў фіксаваўся максімальна дакладна.
Спісы дэпутатаў, якія атрымалі бюлэтэні для пайменнага галасавання. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

23 лютага 1994 у атмасферы вострых дыскусій Ганчар даказваў, што ніякіх парушэнняў у такім галасаванні няма: яно не таемнае, а імянное, для якога не абавязковая бесперапыннасць. Тым не менш, 24 лютага 1994 года Зянон Пазняк зачытаў зварот сарака дэпутатаў, у якім асуджалася галасаванне шляхам падачы імянных бюлетэняў. У заяве гаварылася, што такое галасаванне — спроба «нелегальна» ўвесці пасаду прэзідэнта.
Зараз, ужо будучы ў адстаўцы, супраць імяннога галасавання выступіў Шушкевіч. У адказ Лукашэнка заклікаў яго «очнуться, так как весна уже на улице».

Прыхільнікі ўвядзення інстытута прэзідэнцтва максімальна мабілізавалі сілы. Яны звярталіся да тых дэпутатаў, якія ўжо, як, напрыклад, лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, даўно не прымалі ўдзел у працы Вярхоўнага Савета.
Імянны бюлетэнь Уладзіміра Кавалёнка. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Імянны бюлетэнь Уладзіміра Кавалёнка. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

2 сакавіка 1994 года Віктар Ганчар агучыў вынікі галасавання. З 346 абраных дэпутатаў 296 атрымалі бюлетэні. У выбарчай урне апынуліся 288 бюлетэняў, з якіх 266 былі «за», 16 — «супраць», 6 бюлетэняў былі зафіксаваныя як несапраўдныя. Незапатрабаванымі апынуліся 50 бюлетэняў. У галасаванні не ўдзельнічала парламенцкая апазіцыя БНФ, прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ) і дэпутацкая група камуністаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Качана.

Старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб вітае Віктара Ганчара падчас пайменнага галасавання па асобных палажэннях праекта Канстытуцыі. Злева за сталом у акулярах — Мікалай Скарынін. Крыніца: Свабода, люты 1994 года.

Старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб вітае Віктара Ганчара падчас пайменнага галасавання па асобных палажэннях праекта Канстытуцыі. Злева за сталом у акулярах — Мікалай Скарынін. Крыніца: Свабода, люты 1994 года.

Такім чынам, пост прэзідэнта быў заснаваны. Да канчатковага прыняцця Канстытуцыі, якая адкрые шлях Лукашэнку да шматгадовай улады, заставаліся лічаныя дні.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!