Нешта пайшло не так

Беларуска-расійская гандлёвая вайна паціху набірае абароты. Пакуль не чуваць пра спыненне беларускіх нафтаправодаў на планавы рамонт, як патрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Але бакі ўжо прамацваюць глебу і выбудоўваюць планы, як яны будуць дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі.

Фота www.правдинформ.рф

Становішча Беларусі пакуль выглядае тут не найлепшым чынам. Нават калі мы спынім нафтаправоды, Расія знойдзе абходныя шляхі. Трывожным званочкам можа быць сітуацыя з расійскім «Газпрамам».

Справа ў тым, што палякі і немцы не ставяцца да Расіі з піетэтам. І таму з 4 па 13 красавіка спынілі на планавы рамонт газаправод «Ямал — Еўропа» (той самы, які праходзіць праз Беларусь). Паколькі газаправод быў спынены на Захадзе, на гэты перыяд павялічыліся пастаўкі газу праз ГТС Украіны — нягледзячы на вайну Расіі і Украіны — перадае РБК. З заканчэннем планавага рамонту пастаўкі газу праз Беларусь у ЕС увайшлі ў ранейшы рэжым.

Фактычна тое азначае, што гэтак жа можа здарыцца і з нафтай. Калі мы спынім на планавы рамонт свае нафтаправоды, знойдуцца абходныя шляхі.

Але і ў нас ёсць свае планы. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўласныя крыніцы, Беларусь пралічвае варыянты закупак нерасійскай нафты праз Украіну. Праблема ў тым, што набываць іранскую, казахскую або азербайджанскую нафту занадта дорага менавіта праз лагістыку. Таму, каб апраўдаць больш дарагую лагістыку, Беларусі трэба дамаўляцца пра зніжкі пры закупцы нерасійскай нафты.

Украінская чыгунка ўжо выказала гатоўнасць даваць значную зніжку, калі нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь чыгуначным транспартам. Кіраўнік аддзела аналізу і маркетынгавых даследаванняў кампаніі «Refinitiv» Аляксандр Шкурын паведаміў, што дысконт да цаны нафты, які можа прапанаваць Казахстан, верагодна, кампенсаваў бы дадатковыя лагістычныя выдаткі Беларусі на пастаўку нафты праз Украіну.

У Расіі тым часам працягваецца скандал з «шэрым» транзітам з Беларусі. На мінулым тыдні Рассельгаснагляд папрасіў ФСБ і Мінтранс РФ спыніць такі транзіт. Гаворка ішла пра больш за 30 беларускіх кампаній, якія пастаўляюць у Казахстан і Кыргызстан тавары жывёлагадоўлі праз расійскую тэрыторыю. І, нібыта, тая прадукцыя застаецца ў Расіі. Сярод згаданых кампаній было ТАА «Танкверт», і ў Рассельгаснаглядзе лічаць, што яму не выпадкова далі назву, сугучную з прозвішчам кіраўніка ведамства Сяргея Данкверта.

Кіраўнік кампаніі «Танкверт» Юрый Васкрасенскі сказаў, што назва — «супадзенне» і што яго фірма не супраць перайменавацца, а таксама заявіў: прэтэнзіі Рассельгаснагляду неабгрунтаваныя. Прадукцыю, якую Расія забараніла для паставак, кампанія возіць у Казахстан і перагружае ў Маскве. Далей яе вязуць расійскія перавозчыкі. І калі штосьці з Расіі, нібыта, не выязджае — вінаватыя расіяне.

Васкрасенскі пайшоў далей — паскардзіўся на Рассельгаснагляд у Еўразійскую эканамічную камісію і непасрэдна паслу Расіі ў Беларусі Міхаілу Бабічу. Прычым, Бабіча ён папрасіў звольніць Данкверта з займаемай пасады.

Але не толькі гандлёвай вайной з Расіяй жыве краіна. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў саспелі да рэвалюцыйнага рашэння. Амністыя, якая плануецца да Дня Перамогі, упершыню ў гісторыі можа быць прымененая да нарказлачынцаў, асуджаных па сумна знакамітым артыкуле 328. Дэпутат парламента Пётр Атрошчанка сказаў, што на пасяджэнні камісіі па нацыянальнай бяспецы ўсе 8 яе чальцоў прагаласавалі «за» такое рашэнне. Ініцыятыву станоўча ацанілі і ў МУС. Плануецца, што амністыя закране непаўналетніх і ўпершыню асуджаных па частках 1, 2, 3 артыкула 328.

Пётр Атрошчанка ў свой час узначальваў падраздзяленне па барацьбе з кантрабандай і міжнародным наркабізнесам Магілёўскага абласнога ўпраўлення КДБ. Сёння ён выступае за змякчэнне ніжняй мяжы пакарання па 328 артыкуле, нягледзячы на тое, што МУС катэгарычна супраць гэтай ініцыятывы. «Так, МУС супраць змякчэння пакарання. Але гэта — пазіцыя праваахоўнага ведамства, а ёсць яшчэ, я так скажу, здаровы сэнс. Думаю, бліжэйшым часам папраўка аб змяншэнні мяжы будзе ўнесеная, і пытанне здымуць з парадку дня», — паведаміў Атрошчанка.

Канешне, узнікне іншае пытанне: навошта МУС зняволіў столькі маладзёнаў, што іх зараз трэба амніставаць? Пытанне і да судоў, якія выносілі жорсткія прысуды. Насаджалі столькі, што зараз трэба выпускаць?

Тым часам Еўрапейскія гульні ўсё бліжэй. І нечакана паўстаюць новыя праблемы. 14 красавіка на мінскім стадыёне «Дынама» прайшоў першы ў гэтым сезоне футбольны матч: «Дынама–Мінск» — «Гарадзея». Гледачы са здзіўленнем убачылі, што газон на стадыёне, на які, згодна з тэндарамі, выдаткавалі 432 тысячы еўра, выглядае так, як быццам перад гульнёй на ім пасвіўся статак кароў. Сярод зялёнай травы відаць вялізныя пажухлыя пралысіны.

Газон на адрамантаваным стадыёне «Дынама» прыцягвае да сябе ўвагу не першы раз. Яшчэ падчас рэканструкцыі шмат пытанняў выклікала закупка пакрыцця для поля ў расійскай кампаніі «Крона Спорт» за 432 тысячы еўра. У тэндар было ўнесена некалькі сур’ёзных зменаў, а ў партфоліа ў фірмы-пераможцы апынуліся толькі газоны на трэніровачных арэнах. Аднак дырэктар «Крона Спорт» Аляксей Зайцаў сцвярджаў, што, калі даглядаць поле, яно можа праслужыць восем гадоў.

Але справа ў тым, што стадыён «Дынама» мае свае асаблівасці. Пад газонам — вялікі пласт пяску. З-за гэтага добра працуе дрэнаж: хутка сыходзіць вада, але разам з тым і карэньчыкам травы няма за што ўчапіцца. Па розуме, газон у такім стане — без стабілізуючай сеткі — павінен быў год проста паля­жаць, каб сфармаваўся шчыльны верхні пласт і каранёвая сістэма.

Аднак часу на ўмацаванне ў газона няма. Прэм’ер-міністр Сяргей Румас паабяцаў, што ўсе аб’екты да Еўрапейскіх гульняў будуць гатовыя да 15 траўня. Гэта значыць, газон трэба будзе тэрмінова замяніць. Цікава, хто нагрэў рукі на мінулым тэндары?

А між іншым, мы не такія ўжо і багатыя, каб мяняць газон. ВУП Беларусі за I квартал 2019 года склаў 1,1%. Урад у мэтавым праекце макрапрогнозу на 2019 год чакае росту ВУП краіны на ўзроўні 4%. Ці дабяжым да паказчыка?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!