Незалежнасць, адна на ўсіх

Сёння незалежная Беларусь, якая набліжаецца да свайго чарговага дня нараджэння, мае купу праблемаў: нязменнасць палітычных элітаў, нерэфармаваную эканоміку, міністра ўнутраных справаў з мундзірам НКУС у шафе, крытычны стан беларускай мовы. Але ад усяго гэтага ні краіна, ні дзяржава не перастаюць быць нашымі.
 


Кажуць, у паспяховых людзей ёсць традыцыя напярэдадні кожнага дня нараджэння… не, не напівацца ўшчэнт. Спачатку падвесці вынікі пражытага года, паспрабаваць зірнуць на сябе збоку. Магчыма, менавіта гэты момант і адрознівае паспяховых імяніннікаў ад менш паспяховых.

Мы як нацыя таксама адзначаем свой дзень нараджэння штогод. 27 ліпеня 1990 года Беларусь абвясціла пра сваю незалежнасць, нарадзілася наша сённяшняя дзяржава. Нехта паспрачаецца: маўляў, дзіця нарадзілася значна раней, 25 сакавіка 1918 года, іншыя згадаюць пра 3 ліпеня 1944-га, а хтосьці — і Полацкае княства.

Як бы там ні было, Беларусь, якой мы яе ведаем, са сваімі межамі, урадам, войскам і сімволікай, вядзе адлік менавіта ад 27 ліпеня. Гэта наша дзяржава, з усімі яе злыбедамі і хібамі, поспехамі і паразамі, замкамі і лядовымі палацамі, Маладым Фронтам і БРСМ, Арловым і Чаргінцом, Міхалком і Саладухай.

Як ні парадаксальна альбо, наадварот, лагічна, усім нам сёння патрэбная незалежнасць. Патрэбная як паветра, як нешта цалкам натуральнае. Магчыма, кожнаму яна патрэбная для свайго, кожны расшыфроўвае яе па-свойму.

Для кіраўніка дзяржавы гэта магчымасць дрэйфаваць да бясконцасці то ўправа, то ўлева, атрымліваючы з гэтага дывідэнды. Для бізнесоўца — магчымасць апаноўваць свой рынак, робячы паспяховы прадукт. Для актывіста ТБМ — магчымасць чуць сваю мову ў супермаркеце альбо на вуліцы. Для супрацоўніка МЗС — магчымасць быць супрацоўнікам МЗС, бо як няма незалежнай дзяржавы, няма і знешняй палітыкі.

За ўсе гэтыя гады наша незалежнасць неаднойчы ставілася пад сумнеў праз розныя саюзныя дамовы, кпіны, жаданні асобных суайчыннікаў то «аднаўляць СССР», то «здавацца на міласць Польшчы ў межах 1939 года». Неяк вытрымалі, перажылі. Але само слова замулялася. Незалежнасць… Ад каго? Для чаго? Амаль як з гербам «Пагоня»: куды і за кім гонімся?

Нехта нават паспеў сам сабе прыдумаць універсальную мантру: незалежнасці няма, ёсць «рэжым унутранай акупацыі» і толькі. Жыць з такой думкай нават прыемна, незалежна ад таго, ва ўнутранай эміграцыі альбо ў знешняй ты знаходзішся. Чаму? Бо калі мы «пад унутранай акупацыяй», то ўсё і так дрэнна, рабіць нічога не варта, можна пастаяць збоку і пачакаць, пакуль усё разваліцца, а труп твайго ворага, паводле старой кітайскай мудрасці, сам праплыве міма.

Але такая логіка больш нагадвае «ўнутраную шызафрэнію», непазбежную маргіналізацыю і самавыключэнне з усіх грамадскіх працэсаў. А навошта? Жыццё — попел, Лукашэнка вечны. Значыць, рука не задрыжыць, каб стрэліць — не, не ў кіраўніка дзяржавы, а ў самога сябе. Бо самаадчужэнне ад дзяржавы і грамадства інакш чым самазабойствам не назавеш. Значыць, і 25 сакавіка, і 3-га, і 27-га ліпеня — усё дарма. Дзяржава не патрэбная.


Мы можам разважаць пра тое, як бы выглядала Беларусь, калі б у 1994-м больш пашчасціла Зянону Станіслававічу, у 2001-м — Ганчарыку, у 2006-м — Мілінкевічу і гэтак далей. Так, сцяг і герб былі б іншымі. На грашах мы бачылі б вершніка на кані, і нават называцца яны маглі б не рублямі, а талерамі. Суддзі і пракуроры, імаверна, выносілі б выракі і зачытвалі абвінавачанні па-беларуску.

А што наконт праблемаў? Няўжо ўсё б пайшло роўна і гладка? Скажам, як бы мы ўспрымалі наш талер, калі б ён пачаў абясцэньвацца з такой жа хуткасцю, як рубель? Як бы мы глядзелі на беларускамоўных суддзяў, якія бралі б хабары і выносілі фальшывыя прысуды са шклянымі вачыма, не горш за сучасных рускамоўных? Як бы глядзелі на генералаў, у якіх на фуражках блішчэла б «Пагоня», але лаяльнасць і дзяржаўную таямніцу яны прадавалі б не горш за сваіх украінскіх калегаў у 2014-м (якія хадзілі пад сіне-жоўтым сцягам ды трызубам)?

Сёння незалежная Беларусь, якая набліжаецца да свайго чарговага дня нараджэння, мае купу праблемаў: нязменнасць палітычных элітаў, нерэфармаваную эканоміку, міністра ўнутраных справаў з мундзірам НКУС у шафе, крытычны стан беларускай мовы. Але ад усяго гэтага ні краіна, ні дзяржава не перастаюць быць нашымі. Не кажыце «ў гэтай краіне» альбо «гэтая дзяржава». Як бы ні было, гэта наша краіна і наша дзяржава. Незалежна ад таго, якім будзе прозвішча прэзідэнта, галоўнага пракурора альбо старшыні Цэнтрвыбаркама. Такая яна, незалежнасць.

Магчыма, усё напісанае вышэй нехта палічыць не вельмі сумленным ці назаве «здрадай». Магчыма, нашмат правільней займацца адно крытыканствам, смяяцца з БРСМ з арнаментамі, з Макея, на якой бы мове ён ні размаўляў, якую б вышыванку альбо пінжак ні насіў. Магчыма.

Жыццё маладой незалежнай рэспублікі (27 гадоў — гэта не так і багата) можна параўнаць са сталеннем падлетка. З усімі ягонымі цяжкімі і пераломнымі ўзростамі, скандаламі, збяганнем з дому і лясканнем дзвярыма. Выглядае, што так часцяком сябе паводзяць што прадстаўнікі ўлады, што апазіцыі. Дык, можа, усе аднолькава засталіся ў пераходным узросце?

Крыўдна, калі ініцыятыва таго ж Пятра Краўчанкі, выказаная на З’ездзе беларусаў свету — пра святкаванне юбілею БНР на дзяржаўным узроўні, — сустракаецца кпінамі. Маўляў, наша свята, наша незалежнасць, куды яны лезуць? Магчыма, ён проста сталейшы. Цяжка ўздыхне Пётр Кузьміч: «Сталейце, хлопчыкі і дзяўчаты, думайце, бо незалежнасць у нас на ўсіх адна».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: