Незалежныя назiральнiкi фiксуюць рэкордныя завышэннi яўкi на выбарчых участках

За чатыры дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 353 парушэнні выбарчага заканадаўства, паведаміў падчас онлайн-брыфінгу 15 лістапада намеснік старшыні Партыі БНФ, прэс-сакратар кампаніі Аляксей Янукевіч. Трансляцыя вялася на афіцыйнай старонцы «Правы выбару» у «Фэйсбуку», паведамляе БелаПАН.
Аляксей Янукевіч адзначыў, што па-ранейшаму пераважаюць такія парушэнні, як неналежнае забеспячэнне захаванасці скрыняў для датэрміновага галасавання, а таксама разыходжанне колькасці тых, хто прагаласаваў, названае ў пратаколах камісій, з дадзенымі назіральнікаў. Па факце гэтых і іншых парушэнняў за чатыры дні галасавання пададзена 204 скаргі.

Паводле слоў Янукевіча, камісіі «рэкорднымі тэмпамі» завышаюць яўку выбаршчыкаў на ўчасткі. Ён нагадаў, што, паводле звестак ЦВК, за чатыры дні яўка па ўсёй краіне склала 27,5%, але ў акругах, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі кампаніі «Права выбару», «назіральнікі налічылі значна менш».

«Самая нізкая лічба ў Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33, там яўка за чатыры дні склала 8,9%, а па дадзеных камісій — 14,8%, гэта значыць таксама значна ніжэй, чым у цэлым дае спадарыня Ярмошына, — адзначыў прэс-сакратар назіральнай кампаніі.— Самая высокая яўка — 18,5% — зафіксавана ў Коласаўскай акрузе № 106 у Мінску, куды вельмі інтэнсіўна ідуць галасаваць з інтэрнатаў студэнты. Яны сведчаць, што іх фактычна прымушаюць, вельмі настойліва заахвочваюць».

«Тое, што на акругах, дзе «Права выбару» вядзе назіранне, афіцыйныя лічбы яўкі значна ніжэй, чым сярэднія па краіне, якія абвяшчае Лідзія Ярмошына, сведчыць, што прысутнасць нашых назіральнікаў хоць і не стрымлівае камісіі ад маніпуляцый, усё ж змушае іх рабіць гэта больш абачліва і асцярожна», — заявіў Янукевіч.

Кампанія назірання «Права выбару» сфарміравана васьмю палітычнымі і грамадскімі структурамі: Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай партыяй «Зялёныя», Партыяй БНФ, аргкамітэтамі па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, рухам «За Свабоду» і незалежным прафсаюзам РЭП.

Прадстаўнікі кампаніі ажыццяўляюць татальнае назіранне на ўсіх участках дзевяці акругаў ва ўсіх абласных цэнтрах, Мінску і Бабруйску.

Датэрміновае галасаванне стартавала 12 лістапада і будзе доўжыцца да 16 лістапада. Выбарчыя ўчасткі адкрыты з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — 17 лістапада. У гэты дзень ўчасткі будуць працаваць з 8.00 да 20.00.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: