Няма сёння ў апазіцыі свайго Пазняка

Грамадскі дзяяч Лявон Баршчэўскі патлумачыў Радыё Рацыя, чаму ён падпісаўся пад зваротам да апазіцыі з заклікам аб’яднацца. 



svaboda.org


Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам, у якім заклікалі дэмакратычную апазіцыю да кансалідацыі.

Зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.

— Я паставіў свой подпіс пад зваротам пра аб’яднанне апазіцыі таму што гэтае пытанне ўжо, як кажуць, навязла ў зубах, і яно не вырашаецца на працягу 20 гадоў. Рэч абсалютна відавочная, што без аб’яднання не будзе ніякага руху наперад і ніхто не будзе лічыцца з такой апазіцыяй.

— Ці не падаецца вам, што гэта марная справа — спрабаваць аб’яднаць апазіцыю?

— Марнай справы няма з улікам таго, што проста трэба сказаць праўду ў твар тым, хто не хоча яднацца. А сказаць трэба так: “Калі ты супраць яднання, то ты альбо агентура, альбо інфантыльны чалавек”. У сітуацыі, куды коціцца краіна, мы не можам дазволіць сабе раскошу 5-7 партыямі сварыцца паміж сабой.

­

— Ці прыслухаюцца?

— Да заявы можа і не прыслухаюцца, але, можа быць, індывідуальныя перамовы нешта дадуць. Наколькі вядома, яны вядуцца. Трэба адраджаць апазіцыю, бо сёння яе фактычна ўжо няма. Засталіся нейкія дысідэнцкія групы — і не больш таго. Вось з гэтых групаў і трэба зрабіць рух, з якім будуць лічыцца.

— На ваш погляд, калі пачала дэградаваць беларуская апазіцыя?

— Пасля ад’езду за мяжу Зянона Пазьняка ў 1996 годзе. Калі ў першыя гады нешта адбывалася па інерцыі, то паступова гэта ішло ўніз. А пасля 2010 году, калі апазіцыя не знайшла слоў для пацярпелых людзей, каб вярнуць ім надзею, усё стала зусім дрэнна. Я мяркую, што апазіцыяй павінна стаць частка народу, а то ў нас гэта асацыіруецца толькі з групай нейкіх палітыкаў. І гэта самае галоўнае.

— У апазіцыі сёння няма моцнага лідара?

— Так, у іх няма свайго Зянона Пазьняка. Няма ні моцнай палітычнай фігуры, ні выразнай праграмы. Ёсць толькі нейкія агульныя рэчы кшталту “Беларусь — у Еўропу”. А гэтага мала. Неабходна дакладная пакрокавая стратэгія. На ўсе пытанні, якія сёння цікавяць людзей, неабходна даваць адказы грамадству.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-12-18 15:29:11
"Я мяркую, што апазіцыяй павінна стаць частка народу, а то ў нас гэта асацыіруецца толькі з групай нейкіх палітыкаў" - кірунак думкі мне падабаецца, але... У суразмоўцы
"РР" была магчымасць выправіць сітуацыю ў 2007-2009 гг. - два гады ён кіраваў партыяй БНФ. І Алесь Марачкін доўгі час займаў кіраўнічыя пасады ў БНФ. Ці я памыляюся?
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: