Няміга і «Бульбаш-хол»: што агульнага?

Ладзіць танцы на касцях — заўсёды было дрэннай прыкметай. І тым не менш, некаторыя, у пагоні за доўгім рублём, па-ранейшаму наступаюць на тыя ж граблі.


З дня трагічнай падзеі ў Мінску, калі ў 1999 годзе ў падземным пераходзе станцыі метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі, прайшло 19 гадоў. У той трагедыі вінаватых не знайшлі.

Па факце гібелі людзей пракуратурай горада была распачата крымінальная справа. Яна расследавалася два гады, абвінавачванне ў халатнасці было прад’яўлена начальніку міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Віктару Русаку і начальніку аддзела масавых мерапрыемстваў Міхаілу Кандраціну. Ім ставілася ў віну «няпоўнае выкананне ўскла­дзеных службовых абавязкаў пры ажыццяўленні мер аховы парадку». Але 25 сакавіка 2002 года суд Цэнтральнага раёна сталіцы прыняў рашэнне аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Інакш гэтая справа скончыцца і не магла. Бо яшчэ 31 мая на месцы гібелі людзей Лукашэнка заявіў, што гэта — «страшная і невытлумачальная» трагедыя. Ён падкрэсліў, што ён нікому не можа прад’явіць якіх-небудзь прэтэнзій: бездакорна дзейнічалі лекары, на месцы знаходзілася дастатковая колькасць супрацоўнікаў унутраных войскаў (150 міліцыянтаў, двое з іх загінулі), якія забяспечвалі правапарадак, і нават казаў, што не трэба шукаць прычыны ў тым, што віной усяму быў алкаголь...

Карацей, такая «проста трагедыя».

Таму не дзіва, што некаторыя пачалі бачыць у тых па­дзеях сэнс містычны. Узгадалі ўсё: і што трагедыя адбылася падчас Троіцы (маўляў, у храм трэба было ісці, а не таньчыць пад піва). І што ў часы Другой сусветнай вайны на Нямізе было яўрэйскае гета, дзе загінула безліч людзей. І «Слова пра паход Ігаравы»: «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны…» А некаторыя нават узгадалі Зянона Пазняка, які, праводзячы раскопы падчас будаўніцтва там метрапалітэну, нібыта казаў нешта кшталту: «Наенчыцеся вы яшчэ з гэтай станцыяй метро!»

Можна верыць у тую містыку ці не верыць. Але ў любым выпадку ладзіць танцы на касцях — заўсёды было дрэннай прыкметай. І тым не менш, некаторыя, у пагоні за доўгім рублём, па-ранейшаму наступаюць на тыя ж граблі.

Ці не адначасова з гадавінай трагедыі на Нямізе запланавана адкрыццё рэстарацыі «Паедзем, паядзім». Гэты «аб’ект грамадскага харчавання» знаходзіцца за 50 метраў ад Курапацкага лесу, у комплексе будынкаў, які ў прэсе атрымаў назву «Бульбаш-хол» і належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». «Радыё Свабода» напярэдадні адкрыцця паведамляла, што ў зале ўжо гатовыя інтэр’еры, стаяць сталы і лаўкі, музычная апаратура. Расстаўляюць бутэлькі са спіртовымі напоямі. У цэнтры залы каля барнай стойкі вялізная рэклама гарэлкі «Бульбашъ»…

Будаўніцтва комплексу за 50 метраў ад вызначанага месца масавых расстрэлаў пачалося ў 2012 годзе. Грамадскасць казала, што ён знаходзіцца ў ахоўнай зоне, дзе будоўля забароненая, але ў 2015 годзе Мінкульт скараціў ахоўную зону са 120 да 50 метраў — і аб’ект трапіў у зону «рэгуляванай забудовы». Пратэсты, звароты ў суд і пракуратуру не дапамаглі. Як не дапамаглі і прапановы грамадскасці перадаць комплекс на баланс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасці ў інтарэсах Курапатаў». Не далі плёну і спробы правесці перамовы з уладальнікамі аб’екта наконт таго, як зрабіць, каб і бізнес захаваць, і не парушаць маральныя нормы.

Тут і ўзнікаюць паралелі з Нямігай. Усе разумеюць, што ахоўная зона Курапатаў далёка не ўтрымлівае ўсе месцы масавых пахаванняў. Паводле меркавання гісторыка Ігара Кузняцова, там, дзе зараз стаіць рэстарацыя, зямелька таксама моцна палітая крывёю бязвінных ахвяраў. Ці палезе кавалак у горла тым, хто «паедзе паесці» ў гэты «аб’ект прыдарожнага сервісу», як сарамліва называлі яго падчас будоўлі?

Цікава, як будуць пачувацца наведвальнікі рэстарацыі, калі падчас дзелавога сняданку ці ўрачыстай вячэры ім раз-пораз на вочы будуць трапляць курапацкія крыжы? Хто ўвогуле даўмеўся будаваць «рэстарацыю з відам на могілкі»? Ці гэта такі чорны гумар? Калі гэта так, то жарт няўдалы.

Персанальна я ў такую рэстарацыю — не хадок. Не таму, што веру ў містыку, а таму, што весяліцца на месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў — блюзнерства.

Але ж насамрэч справа тут у іншым. У знакамітым выслоўі пра тое, што «хто забываецца на сваю гісторыю, асуджаны перажыць яе наноў». І ў выпадку з Нямігай, і ў выпадку з экс-«Бульбаш-холам» мы пачынаем не тое што забывацца — наўпрост ігнараваць гісторыю. Ператвараючы гістарычныя месцы трагедый у забаўляльныя пляцоўкі, мы самі правакуем зусім не містычны і не «кармічны» адказ. З пагардай ставячыся да ўласнай гісторыі, мы непазбежна трапляем пад уплыў гісторыі чужой. І вось некаторыя ўжо называюць нас «неданацыяй», а Беларусь — «недадзяржавай», у якой той уласнай гісторыі, нібыта, і няма.

Я не асабліва веру ў містыку, але, калі ў той рэстарацыі здарыцца нешта, падобнае на Нямігу 1999-га — не здзіўлюся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: