Нота амбасады Украіны ў «працы»: працягваецца пошук зніклага ўкраінца

МЗС Беларусі атрымаў ноту амбасады Украіны, якая высвятляе месцазнаходжанне зніклага ўкраінца Паўла Грыба.

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў прэс-сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Дзмітры Мірончык. Паводле яго, нота атрыманая, яна ў працы.

28 жніўня амбасада Украіны ў Мінску накіравала ноту ў МЗС Беларусі з мэтай высветліць, дзе знаходзіцца грамадзянін Украіны Паўло Грыб — сын чальца грамадскай рады пры адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы, афіцэра запасу Ігара Грыба.

Ігар Грыб заявіў пра выкраданне спецслужбамі Расіі ягонага сына ў Беларусі. 19-гадовы Паўло 24 жніўня выехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой да гэтага меў зносіны праз сацсеткі. Пасля гэтага ён знік. Памежная служба Украіны афіцыйна пацвердзіла факт перасячэння ўкраінцам мяжы з Беларуссю.

Бацька сам выправіўся на пошукі сына ў Гомель. Там ён высветліў, што Павел знаходзіцца ў вышуку паводле арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ Краснадарскага краю.

Ігар Грыб перакананы, што ФСБ выманіла сына ў Беларусь пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай і затрымала. На яго думку, прычынамі выкрадання маглі стаць паведамленні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі Расіі ва Украіне.

Напярэдадні ў беларускія праваахоўныя органы з’вярнуўся ўкраінскі консул Аляксандр Навасёлаў. Ён паведаміў, што Паўла Грыба няма сярод затрыманых або арыштаваных па лініі МУС Беларусі. З улікам гэтага амбасада накіравала ноту ў МЗС, у якой прасіла паспрыяць у пошуку грамадзяніна Ўкраіны. І калі ён усё ж затрыманы, то дыпмісія патрабуе паведаміць прычыну, чаго патрабуе Венская канвенцыя аб консульскіх зносінах.

 www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: