Новае антыэкстрэмісцкае заканадаўства — пагроза свабодзе слова

Прынамсі, так лічаць актывісты, якія размясцілі петыцыю з патрабаваннем не прымаць праўкі ў экстрэмісцкае заканадаўства.


Чацвёртага красавіка ў Палаце прадстаўнікоў чакаецца прыняцце законапраекту па ўзмацненню барацьбы з экстрэмізмам.

У прыватнасці, пад забарону патрапіць "Прапаганда, ці публічнае дэманстраванне, вырабленне, распаўсюд нацысцкай сімволікі альбо атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый". За яе будзе прадугледжаны штраф альбо адміністрацыйны арышт.
Спіс "экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый" будзе складзены дадаткова і выкладзены ў адкрыты доступ.

Максімальны памер штрафаў па арт. 17.10 КААП ("Дэманстрацыя нацысцкай сімволікі") павялічыцца ўдвая.

Акрамя таго, плануецца ўвядзенне крымінальнага артыкулу "Рэабілітацыя нацызму".

Складальнікі петыцыі здзіўляюцца: у Беларусі не дзейнічаюць тэрарыстычныя арганізацыі, няма і гвалтоўнага экстрэмізму. Нацызм і без таго асуджаецца грамадствам, арганізаваных суполак неанацыстаў няма. Супраць каго ж тады такія суворыя меры? Затое грамадскіх актывістаў і журналістаў ужо неаднаразова штрафавалі за "распаўсюд нацысцкай сімволікі", нават калі тое былі пасты ў Фэйсбуку з асуджэннем нацызму. Такім чынам, лічаць яны, закон стане яшчэ адным сродкам рэпрэсій супраць іншадумцаў.

Таксама актывісты непакояцца, што закон аб рэабілітацыі нацызму, будучы, як гэта часта бывае ў Беларусі, трактаваны вельмі шырока там, дзе гэта патрэбна ўладам, можа стаць інструментам для вычышчэння любых гістарычных трактовак і даследванняў, акрамя афіцыйных.

"Поўная непразрыстасць, нават сакрэтнасць дзяржаўных камісій, якія прымаюць рашэнне аб прызнанні кантэнту, інтэрнэт-сайтаў і матэрыялаў экстрэмісцкімі, немагчымасць аспрэчыць прынятае рашэнне, толькі пацвярджае гэтую абгрунтаваную трывогу", — кажуць стваральнікі петыцыі і заклікаюць не прымаць праўкі і адправіць законапраект на дапрацоўку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: