Новы амбасадар ЗША можа прыехаць у Беларусь ужо ў наступным годзе

Часовы павераны ў справах ЗША Джэніфер Мур спадзяецца, што яе краіну ў Беларусі ў наступным годзе будзе прадстаўляць амбасадар. Пра гэта яна заявіла 7 жніўня на цырымоніі ўскладання кветак да магілы Рут Уолер на Вайсковых могілках Мінска, адказваючы на пытанне БелаПАН.
Джэніфер Мур на Вайсковых могілках Мінска. Архіўнае фота Дзіяны Серадзюк

Джэніфер Мур на Вайсковых могілках Мінска. Архіўнае фота Дзіяны Серадзюк

«Я спадзяюся, што ў наступным годзе гэты ганаровы абавязак ужо будзе выконваць амбасадар, а не часовы павераны ў справах, — заявіла яна. — І гэта будзе адлюстроўваць паляпшэнне ў адносінах паміж нашымі краінамі і народамі».

Дыпламат падкрэсліла, што «асабліва важныя адносіны на ўзроўні паміж людзьмі, таму што Рут Уолер увасабляла ўсё самае лепшае, што ёсць у амерыканцах, — гатоўнасць ахвяраваць для таго, каб паляпшаць месца, у якім яны жывуць, і жыццё людзей вакол іх».

«Я ганаруся тым, што ЗША з'яўляюцца самым вялікім донарам гуманітарнай дапамогі ў Беларусі. Яны дзейнічаюць у духу той працы, якую рабіла Уолер тут у Беларусі. Гэта тычыцца не толькі ўрада ЗША, урадавых праграм, але і прыватных, рэлігійных, дабрачынных арганізацый ЗША, якія працягваюць тую працу, якую пачала рабіць Рут», — заявіла Мур.

Рут Уолер была сакратаром місіі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб'яднаных Нацый (UNRRA) у Беларусі і працавала ў пасляваенным Мінску разам з мужам. Яна памерла ў 1946 годзе ад інфекцыйнай хваробы ва ўзросце 24 гадоў, пахавана на Вайсковых могілках сталіцы.

У 2008 годзе паміж Мінскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадар Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў амбасады ЗША былі высланы з краіны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

31 студзеня 2019 года намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка заявіў у Вашынгтоне на пасяджэнні Атлантычнага савета, што працэс вяртання амбасадараў можа заняць месяцы, калі не гады. 

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!