«Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Сёння пад час здачы чарговага нумару «Новага Часу» на экспедыцыю мы выпадкова даведаліся, што ўжо з лютага «Белсаюздрук» разрывае з намі дамову.

Такім чынам з лютага наша газета больш не будзе прадавацца ў шапіках. Яе можна будзе атрымаць толькі па падпісцы. Спадзяемся, такая магчымасць да канца чэрвеня ў нашых чытачоў яшчэ застанецца.

У гандлёвым аддзеле РУП “Белсаюздрук” не сталі тлумачыць прычыну адмовы ад распаўсюду.Гэтак жа, як і не маглі адказаць, ці накіравалі нам адмысловы ліст з паведмленнем аб спыненні супрацоўніцтва. І хаця прычына гэта відавочная, усё ж хацелася б пабачыць ад кіраўніцтва “афіцыйны” ліст.

Дарэчы, ў стандартнай дамове, якую ўсе выданні заключаюць з “Белсаюздрукам” на экспедыцыю, няма нават згадкі пра тое, што экспедытар павінен паведаміць замоўніку ад спыненні супрацы. Так што фармальна яны нічога не парушылі. Ну не хочуць больш прадаваць нейкі там “Новы Час” і ўсё тут.

Цікава, што яшчэ не так даўно з тым жа гандлёвым аддзелам РУП “Белсаюздрук” мы размаўлялі пра тое, каб павялічыць колькасць асобнікаў на распаўсюд, бо са жніўня 2020-га працэнт спісання газеты значна знізіўся, а ў Гарадзенскай вобласці быў амаль нулявы. Але, відаць, грошы “Белсаюздруку” не патрэбныя.

Але, спадзяемся, мы патрэбныя нашым чытачам. Таму заклікаем усіх тых, хто да гэтага часу набываў нашу газету ў шапіках “Белсаюздруку”, аформіць падпіску на “Новы Час”. Зрабіць гэта можна ў любым паштовым аддзяленні (часам кажуць, што няма такой газеты, не верце!). А таксама анлайн па спасылцы.

Па 27 студзеня яшчэ можна паспець аформіць падпіску.

Падпісны індэкс «Новага Часу» — 63279

Кошт падпіскі: на 1 месяц — 4 рублі 14 капеек, на адзін квартал — 12 рублёў 42 капейкі, на паўгоддзе — 24 рублі 84 капейкі.

Шаноўныя чытачы! Нам вельмі патрэбна ваша падтрымка!





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: