Новы пасол РФ плануе прыбыць у Мінск у пачатку чэрвеня

Новы пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў плануе прыбыць у Мінск у пачатку чэрвеня, паведамілі БелаПАН у расійскай дыпмісіі.
 
„У пасольстве чакаюць прыбыцця пасла ў пачатку чэрвеня”, — сказаў прэс-сакратар пасольства Аляксей Маскалёў.

Папярэднік Мезенцава Міхаіл Бабіч 30 красавіка ўказам прэзідэнта Расіі быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расіі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю „ў сувязі з пераходам на іншую працу”.

На пасадзе пасла ён працаваў прыблізна восем месяцаў. Паводле слоў прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, кадравыя рашэнні Уладзімір Пуцін прыняў „у адпаведнасці з мэтазгоднасцю”.

Як лічаць эксперты, прычынай адстаўкі Бабіча сталі яго напружаныя адносіны з беларускім кіраўніцтвам і, у прыватнасці, з Міністэрствам замежных спраў.

Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!