Новыя прызначэнні: дарадцы па канстытуцыйнай рэформе і моладзевай палітыцы

Нацыянальны лідар Беларусі зрабіла новыя прызначэнні.


Святлана Ціханоўская абвясціла сваім старэйшым палітычным дарадцам Аляксандра Дабравольскага. Аляксандр — сябра Палітрады АГП. Дырэктар усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 1989-1991 і Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання.

Дарадцам па міжнародных адносінах Святланы Ціханоўскай стаў Франак Вячорка. Франак — беларускі журналіст, выкладчык каледжа Еўропы, аналітык Атлантычнага савета, віцэ-прэзідэнт Digital Communication Network.

Святлана Ціханоўская заявіла, што падтрымлівае працу грамадскай Канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекта змяненняў і дапаўненняў да Канстытуцыі 1994 года. Старшынёй камісіі З'яўляецца Мечыслаў Грыб, а каардынуе яе працу Анатоль Лябедзька. Мечыслаў Грыб — заслужаны юрыст РБ, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання. Анатоль Лябедзька-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XII і XIII скліканняў, кіраўнік Цэнтра "Еўрапейскі дыялог".

"Людзі ў Беларусі патрабуюць новых свабодных і справядлівых выбараў. Але выбары — толькі першы крок. Каб вярнуць грамадзянам права выбару, нам патрэбна сур'ёзная і прадуманая канстытуцыйная рэформа. Наша грамадская Канстытуцыйная камісія працуе ўжо больш за год. Канстытуцыя павінна гарантаваць правы кожнага чалавека і стварыць такую прававую сістэму, у якой былі б немагчымыя злоўжыванні ўладай. Мы працуем адкрыта і запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх, хто хацеў бы прапанаваць свой вопыт і веды", — пракаментаваў прызначэнне Мечыслаў Грыб.

"У беларускім грамадстве існуе кансэнсус у тым, што нам патрэбна Канстытуцыя, якая адлюстроўвала б інтарэсы не нейкай асобнай групы або палітычнага клана, а адказвала б інтарэсам кожнага грамадзяніна, падаткаплацельшчыка. Нам патрэбна Канстытуцыя, якая забяспечыла б раздзяленне ўлад, вяршэнства права, змяняльнасць улады. У нас ёсць праект Асноўнага закона, які мы прапануем для абмеркавання і дапрацоўкі. Для нас важны ўдзел кожнага, хто ў гэтым зацікаўлены" — дадаў Анатоль Лябедзька.

Прадстаўніком па справах моладзі і студэнтаў стала Алана Гебрэмарыям — актывістка "Моладзевага блока", член асноўнага складу Каардынацыйнага савета.

«Свабода заўсёды была адной з галоўных каштоўнасцяў для мяне, і зараз я бачу, што яна стала каштоўнасцю для большасці беларускай моладзі. Мужны студэнт БДУІР, Зміцер Мазура, якому падоўжылі арышт і дадалі новыя 15 да 23 сутак, — гэта яшчэ адзін паказнік, што самую рашучую і яркую сацыяльную групу, спрабуюць запалохаць і прымусіць маўкліва пагадзіцца з палітычным крызісам. Але ў моладзі няма лялькаводаў, яны самі чыняць свой лёс і хочуць жыць у дэмакратычнай краіне з незалежнымі інстытуцыямі, дзе арышты, адлічэнні, звальненні за пазіцыю і катаванні – немагчымы, дзе вяршынства права і правы чалавека не пусты гук», — пракаментавала сваё прызначэнне Алана.

Раней Святлана Ціханоўская абвясціла юрыста і праваабаронцу Гары Паганяйла прадстаўніком па правах чалавека, а эканаміста Алеся Аляхновіча-прадстаўніком па эканамічных рэформах.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: