Новыя выбары ўжо сёлета і правы чалавека. Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыі па Беларусі

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла дзве рэзалюцыі па Беларусі: з патрабаваннямі да беларускіх улад пачаць шырокі нацыянальны дыялог, правесці новыя прэзідэнцкія выбары ўжо ў гэтым годзе і расследаваць шматлікія факты парушэнняў правоў чалавека.
assembly.coe.int

assembly.coe.int

Праект рэзалюцыі аб тэрміновай неабходнасці правядзення рэформы выбарчай сістэмы ў Беларусі прадстаўляў член ПАРЕ, лорд Давід Бленкатра.

У рэзалюцыі «Тэрміновая неабходнасць рэформы выбараў у Беларусі» паказваецца, што сістэма правядзення выбараў у Беларусі «стала рухаючым фактарам цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу».

Рэзалюцыя заклікае:

• Да ўсебаковай рэформы выбараў у Беларусі, якая павінна прывесці выбарчыя законы і практыку ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі;

• Рэформа павінна гарантаваць незалежнасць і бесстароннасць выбарчых камісій, стварыць адзіны публічны рэестр выбаршчыкаў, адрэгуляваць датэрміновае галасаванне, забяспечыць празрыстасць падліку галасоў, дазволіць мясцовае і міжнароднае назіранне, усталяваць выразныя і менш жорсткія крытэрыі для рэгістрацыі кандыдатаў, забяспечыць магчымасць судовага абскарджвання ўсіх рашэнняў камісій;

• ПАРЕ ўлічвае, што многія беларускія і міжнародныя структуры заклікаюць да правядзення датэрміновых выбараў на базе існуючага выбарчага заканадаўства. І падкрэслівае, што «такія выбары могуць быць прызнаныя дастаткова свабоднымі і справядлівымі, толькі калі незалежная і бесстаронняя ЦВК зможа праз палажэнні, рашэнні, распараджэнні або інструкцыі ўвасобіць у жыццё як мага больш з пералічаных вышэй патрабаванняў, а мясцовыя і міжнародныя назіральнікі змогуць назіраць за ўсім выбарчым працэсам»;

• Рэзалюцыя таксама заклікае «ўлады Беларусі і ўсе зацікаўленыя бакі тэрмінова правесці шырокі дыялог, каб забяспечыць мірны выхад з крызісу».

Бленкатра адзначыў, што рэкамендацыі, прапісаныя ў дакладзе, заснаваныя на выніках назіранняў за папярэднімі выбарамі ў Беларусі, паколькі на выбарах у жніўні назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы не працавалі.

Сябра ПАРЕ, лорд Давід Бленкатра. Фота: assembly.coe.int

Сябра ПАРЕ, лорд Давід Бленкатра. Фота: assembly.coe.int


 Пры падрыхтоўцы даклада я пастараўся выйсці на ўсе зацікаўленыя бакі, уключаючы беларускія ўлады. На жаль, улады не адказалі на нашу анкету, яны папросту праігнаравалі маю прапанову аб узаемадзеянні і зносінах. Як адказалі іншыя бакі? Станоўча і канструктыўна, я хачу асабліва падзякаваць грамадзянскай супольнасці Беларусі, — заявіў Давід Бленкатра.

Аўтар даклада падкрэсліў, што дакумент змяшчае нейтральныя рэкамендацыі. Але гэта не значыць, што Парламенцкая асамблея нейтральна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі.

— Мы не нейтральныя, мы асуджаем тое, што адбываецца, і ў рэзалюцыі гаворыцца пра няздольнасць беларускіх улад забяспечыць рэформу выбарчай сістэмы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, — заявіў Бленкатра.

Паводле слоў парламентарыя, мэта ўсіх прынятых на адрас Беларусі рэзалюцый — забяспечыць новыя выбары ў Беларусі, каб яны былі свабоднымі і справядлівымі.

Праект рэзалюцыі «Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання» прадставіла сябра ПАРЕ Аляксандра Луі, якая заявіла, што барацьба з беспакаранасцю — прынцыповае пытанне і Рада Еўропы павінна паслаць выразны сігнал тым, хто парушае правы чалавека, даць ім зразумець, што яны будуць адказваць за свае дзеянні.

У рэзалюцыі «Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання» падкрэсліваецца, што «мірныя пратэсты пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года былі жорстка задушаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а многія пратэстоўцы былі арыштаваныя і спазналі катаванні». Рэзалюцыя паказвае, што тыя, хто мае дачыненне да падобных парушэнняў правоў чалавека, не былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

Рэзалюцыя заклікае:

• Улады Беларусі павінны ўступіць у дыялог з народам. Дыялог «з'яўляецца адзіным шляхам спыніць гвалт і парушэнні правоў чалавека і правесці новыя дэмакратычныя выбары, каб выйсці з палітычнага крызісу»;

• Вызваліць усіх палітвязняў, неадкладна спыніць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з апанентамі рэжыму;

• Завесці крымінальныя справы супраць тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць беларускага народа;

• З боку Рады Еўропы прапанаваць Беларусі далучыцца да Еўрапейскай канвенцыі аб папярэджанні катаванняў і бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання;

• Рада Еўропы павінна патрабаваць у сваіх адносінах з Беларуссю неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення кампаніі рэпрэсій супраць пратэстоўцаў і іх сем'яў, а таксама паставіць гэтае патрабаванне ў залежнасць ад любога тэхнічнага супрацоўніцтва і любога руху на шляху да магчымага ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы;

• Вывучыць магчымасці выкарыстання Рады Еўропы ў якасці пасярэдніцкай платформы для дыялога паміж уладамі і апазіцыяй.

— Мы ўжо бачылі, што судовы апарат Беларусі не здольны да правасуддзя і палітычна стрымліваецца, таму прадстаўнікі сіл правапарадку да гэтага часу не пераследуюцца па законе, нават калі яны забілі чалавека. Наадварот, пераследуюцца лекары, адвакаты, праваабаронцы і журналісты, якія спрабуюць задакументаваць такія дзеянні, — заявіла Аляксандра Луі.

Вызваленне лідараў апазіцыі, журналістаў, мірных дэманстрантаў павінна стаць прыярытэтам Рады Еўропы.

Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык лічыць, што рэзалюцыі паказваюць, што міжнародная супольнасць на баку беларускага народа.

 Вельмі важна, што галасы амаль 800 тысяч грамадзян Беларусі ў падтрымку перамоў [тых, хто прагаласаваў на платформе «Голас»] былі пачутыя міжнароднай супольнасцю. Рэзалюцыя і даклад аб рэформе выбараў прапануюць шэраг канкрэтных мер для правядзення датэрміновых выбараў новай ЦВК нават на аснове дзеючага заканадаўства. Гэтыя прапановы мы ўжо ўлічылі пры падрыхтоўцы праектаў палажэнняў. Рэзалюцыі паказваюць, што міжнародная супольнасць на баку беларускага народа і выхаду з крызісу шляхам перамоў і новых выбараў, — пракаментаваў TUT.BY прынятыя рэзалюцыі Аляксандр Шлык.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: