Па якіх законах будуць судзіць тых, хто законы прымае?

Новыя папраўкі ў законы, што «штампуе» Палата прадстаўнікоў, падобныя да «дымавой заслоны» ў завіруху: нібыта ёсць, але не працуе.


Гайкі закручваюцца


Днямі «палатнікі» адмянілі тое, што раней прынялі іх калегі ў межах «лібералізацыі» айчыннага заканадаўства, і пайшлі яшчэ далей. Напрыклад, у «Законе аб масавых мерапрыемствах» адмяняецца паведамляльны парадак іх арганізацыі і правядзення. Раней існаваў спіс месцаў, дзе можна было праводзіць любыя мітынгі, заключыўшы дамову з медыкамі і міліцыяй, — напрыклад, на плошчы Бангалор у Мінску. Цяпер усе масавыя мерапрыемствы могуць праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў улады — як і раней, да «лібералізацыі».

Зрэшты, гэты парадак усё адно не працаваў. Міліцыя адмаўлялася падпісваць дамовы, а апошнім часам мітынгі і акцыі ніхто не ўзгадняе ўвогуле.

Цяпер забараняецца асвятленне ў рэжыме рэальнага часу недазволеных масавых мерапрыемстваў «з мэтай іх папулярызацыі або прапаганды», то-бок вядзенне «стрымаў» з акцый і наўпроставых эфіраў.

«На журналістаў распаўсюджваецца патрабаванне па выкананні грамадскага парадку нароўні з удзельнікамі масавых мерапрыемстваў» — магчыма, гэтая фраза мае на ўвазе, што журналістаў будуць прыцягваць да адказнасці за працу на недазволеных мерапрыемствах. Але, каб вынесці за дужкі журналістаў дзяржаўных СМІ, то ўдакладняецца, што караць будуць толькі тых, хто «парушае грамадскі парадак».

Таксама ўнесеныя папраўкі ў «Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Яны прадугледжваюць паскораны разгляд грамадзянскіх спраў супраць арганізацый з прыкметамі экстрэмізму, а таксама прызнання сімволікі, атрыбутыкі ды інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. У законе даюцца вызначэнні тэрмінаў «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка», «экстрэмісцкае фарміраванне». Акрамя таго, ён пашырае вызначэнне тэрмінаў «экстрэмізм», «экстрэмісцкія матэрыялы» і вызначае парадак забароны дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў.

Сёння пад вызначэнне «экстрэмізм» трапляюць усе больш-менш палітычныя справы і літаратура, звязаныя з пратэстамі. Пад «экстрэмізм» трапіла кніга Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», якая свабодна прадавалася ў «Акадэмкнізе», ці кніга «Беларускі Данбас».

А наперадзе — магчымыя папраўкі ў «Закон аб СМІ», калі рашэнне аб спыненні выпуску СМІ будзе прымаць Мінінфармацыі (без суда), а таксама «ў выпадку прыняцця рашэння міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі Беларусі аб наяўнасці ў СМІ матэрыялаў і паведамленняў, распаўсюджванне якіх здольнае прывесці да ўзнікнення пагроз нацыянальнай бяспецы».

Дымавая завеса заканадаўства

Як бачым, палова з таго, што цяпер прымаюць «палатнікі» і што названае «рэпрэсіўным заканадаўствам» (лагічней было б называць гэта «рэпрэсіўнай законатворчасцю»), ужо ці было ў нашай гісторыі, ці дэ-факта існуе цяпер. Можа быць, дэпутаты рэагуюць на складаную сітуацыю? Насамрэч, наўрад ці. Дзейнасць нашых «народных абраннікаў» скіраваная на тое, каб фармальна «ўзаконіць», а значыць, нібыта апраўдаць тыя рэпрэсіўныя практыкі, якія існуюць у паводзінах беларускіх сілавікоў. Проста цяпер гэтыя практыкі знаходзяцца ў межах «часам не да законаў». З прыняццем абноўленых законаў аб экстрэмізме, аб масавых мерапрыемствах, аб СМІ гэтыя практыкі будуць нібыта насіць законны характар. Такім чынам адбываецца пэўнае «апраўданне сілавікоў», яны нібыта будуць дзейнічаць ужо не «па бязмежжы», а быццам у рамках законнасці.

Насамрэч абноўленае заканадаўства — гэта проста такая «дымавая завеса», закліканая схаваць тыя ж самыя бязмежныя і незаконныя дзеянні. Нават з прыняццем гэтага заканадаўства бязмежжа сілавікоў законным не стане — па адной простай прычыне.

Беларуская ўлада пасля 9 жніўня 2020-га, пра што ўжо шматкроць гаварылася і пісалася, страціла давер людзей і тое самае, што называецца «ўнутранай легітымнасцю». А якраз «унутраная легітымнасць», калі людзі пагаджаюцца прызнаваць уладу ўладай, і робіць прынятыя ўладай законы — законамі. Цяпер гэтага няма і блізка.

Калі страчана ўнутраная легітымнасць, калі ў грамадства маюцца абгрунтаваныя сумневы ў законнасці дзейснай улады, прынятыя ёю дакументы і законы аўтаматычна робяцца нікчэмнымі. Якая розніца, якія законы прымуць «палатнікі», якіх ніхто не абіраў? Калі яны ігнаруюць сто тысячаў подпісаў, сабраных у абарону бел-чырвона-белага сцяга, хаця для заканадаўчай ініцыятывы трэба ўдвая менш — 50 тысяч? Калі за восем месяцаў палітычнага крызісу яны не знайшлі час нават правесці слуханні па фактах гвалту і катаванняў у краіне?

Становішча сённяшніх «народных абраннікаў» кепскае ўдвая, бо ўсе ведаюць, што, па факце, яны таксама занялі свае крэслы незаконна. Мы ж не забыліся, што гэты склад парламента абраны з наймаштабным парушэннем заканадаўства, што, фактычна, у краіне ў 2019 годзе былі праведзеныя датэрміновыя выбары, а мінулы склад Палаты прадстаўнікоў пазбавілі амаль 10 месяцаў паўнамоцтваў. І ўсё гэта было праведзена валюнтарысцкімі рашэннямі нават без нейкай бачнасці законнасці: падстаў для датэрміновага спынення паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў, прадугледжаных арт. 94 Канстытуцыі, не было, чатырохгадовы тэрмін яе паўнамоцтваў не мінуў, а выбары ў новы склад заканадаўчага органа адбыліся толькі рашэннямі Лукашэнкі. І нехта яшчэ лічыць гэты склад Палаты прадстаўнікоў легітымным?

Якія ж законы можа прыняць нелегітымны парламент? Правільна: альбо ніякія, альбо нелегітымныя.

Ці атрымаецца «бачнасць законнасці»?

Усе гэтыя целазрухі па наданні бачнасці законнасці дзеянням сілавікоў, на вялікі жаль для ўсіх іх, наўрад ці прывядуць да жаданага выніку. І не толькі таму, што нелегітымная ўлада не можа стварыць легітымныя законы. Ёсць яшчэ адно пытанне, якое палягае ў тым, што новаствораны закон не мае зваротнай сілы.

Цяпер можна напрымаць кучу законаў, якія як бы апраўдваюць штрафы і арышты за бел-чырвона-белыя майткі на балконах, за шкарпэткі і штаны «няправільнага колеру», за «дэманстрацыю пратэсту зефіркай» і за тое, што чалавек «маўкліва ўхваляў» дзеянні пратэстоўцаў. Можна нібыта ўзаконіць і «ананімных сведак у балаклавах», і закрыццё «на суткі» бацькоў непаўналетніх дзяцей і ўвогуле — любое цемрашальства і бздуру, сведкамі якіх мы сталі ў апошнія часы.

Аднак апраўдаць гэтыя цемрашальства і бздуру не атрымаецца. Усе факты парушэння правоў чалавека і беларускага заканадаўства ўжо адбыліся. Яны ўжо задакументаваныя і замацаваныя як на паперы, так і ў электронным выглядзе, у фота і відэадоказах і паказаннях сведкаў. «Адкруціць час назад» ні ў каго не атрымлівалася і не атрымаецца.

З 1 сакавіка ў нас пачаў дзейнічаць абноўлены Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па ім значна ўзмацнілася пакаранне: напрыклад, цяпер за «паўторнае» затрыманне на акцыі можна сесці на 30 сутак замест 15-ці. Але хто гэта заўважыў?

Грамадства гэтага не заўважыла і не адчула, таму што і раней саджалі нават не на 30 сутак, а на 45, часам і на 90, і на 105 сутак. Вольга Хіжынкова правяла за кратамі 42 дні: спачатку асуджаная на 12, потым на 15, потым яшчэ раз на 15 сутак. І ўсё гэта — не выходзячы з вязніцы, нягледзячы на тое, што заканадаўства патрабавала паміж арыштамі рабіць перапынак.

А ці заўважыў хто, што самы папулярны артыкул 23.34 КаАП цяпер мае іншы нумар: 24.23? Нават журналісты часам памыляюцца, калі пішуць пра затрыманні, «на аўтамаце» адзначаючы стары нумар артыкула Кодэкса.

І вось цяпер нам, напрыклад, плануюць забараніць «стрымы» з акцый. А як гэта можна зрабіць, калі тэлефон з камерай і выхадам у інтэрнэт — у кожнага першага, а відэа выкладае ў Facebook ці Telegram кожны трэці?
Можа быць, «бачнасць законнасці» і з’явіцца. Але бачнасць законнасці — гэта не законнасць.

Сумны лёс «дэпутата»

Відавочна, што такое «зацісканне гаек» працягваецца, каб запалохаць насельніцтва. Але ўлада яшчэ не зразумела, што народ ужо не запалохаеш. Чым больш будзе рэпрэсіўных законаў, чым больш яны будуць прымацца і ўжывацца, — грамадства стане не больш напалоханым, але больш злым.

І гэтая злосць можа выліцца на вуліцы ў любы момант. Дастаткова нават маленечкага трыгеру, каб сціснутая спружына супраціву сарвалася. Гэтым трыгерам можа быць усё што заўгодна: пагаршэнне матэрыяльнага становішча, дэвальвацыя, выхад на вуліцы ўсяго тысячы людзей і гэтак далей. Бунт мажлівы ў любы момант.

А яшчэ — не варта забывацца пра каляндар. Нават калі ў нас не будзе пазачарговых прэзідэнцкіх, у нас наперадзе мясцовыя выбары. У межах «заціснутых гаек» і велічэзнай палітызацыі грамадства будзе вельмі цікава, як улады збяруцца іх праводзіць. Асабліва ў тым стане, калі выйграць (і нават проста правесці) выбары сумленна гэтая ўлада не зможа ўжо ніколі.

А потым, як казаў у каментары «Салідарнасці» праваабаронца Алег Волчак, «на дэпутатаў разам з супрацоўнікамі МУС ляжа адказнасць за пагаршэнне становішча грамадзян, якое супярэчыць прававым нормам. Калі ў краіне будзе працаваць незалежны суд, людзі, якія пацярпелі ад новых норм кодэкса, змогуць падаць пазовы да канкрэтных дэпутатаў, якія галасавалі “за”».

За цёплыя крэслы і маўчанне таксама давядзецца заплаціць. Прычым з уласнай кішэні.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: