Па старых правілах, але ў іншых умовах

Мясцовыя выбары могуць непрыемна здзівіць уладу. Падаецца, ніколі людзі не адчувалі сваё збядненне так, як зараз. Ці не штодзень чуваць пра тое, што на тым ці іншым прадпрыемстве працаўнікі пайшлі дамагацца больш годнага заробку. Не дадаў папулярнасці ўладзе і сюжэт з забойствам Коржыча ў Печах.

Мы можам лічыць, што старт выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы ўжо дадзены. На момант пісання гэтага матэрыялу Аляксандр Лукашэнка на рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай падтрымаў прапанову прызначыць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў 28 склікання на 18 лютага 2018 года.

«Усё ж такі люты — больш спакойны месяц», — працытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

Але, падаецца, што дата 18 лютага альбо ўжо была ўзгоднена загадзя, альбо «караля грае атачэнне», і сам Аляксандр Рыгоравіч нічога тут не вырашаў. Бо яшчэ напярэдадні Лідзія Міхайлаўна распавяла журналістам, што на наступны дзень пасля сустрэчы з гарантам запланаванае першае пасяджэнне ЦВК па мясцовых выбарах. І больш за тое, — яна замовіла на 16 лістапада пад пастановы ЦВК з гэтага пасяджэння газетную плошчу ў выданні «СБ. Беларусь сегодня». І ўсё гэта — яшчэ да падпісання адпаведнага ўказу пра прызначэнне выбараў.

Цікава, што б яна з гэтым рабіла, калі б Лукашэнка раптам з 18 лютага не пагадзіўся? Ці такога ўжо не прадугледжваецца?

Мала хто сумняваецца ў тым, што мясцовыя выбары пройдуць «як заўсёды». У чарговы раз старшыня ЦВК уключыла свой любімы і апрацаваны дзясяцігоддзямі сцэнар, датычны шматлікіх рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па паляпшэнні айчыннага выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Маўляў, як бы ні хацелася замежнікам, зменаў не будзе, таму што пачалася перадвыбарчая кампанія, і коней на пераправе не мяняюць.

Нагадаем, што апошнія такія рэкамендацыі былі выдадзеныя Ярмошынай па выніках выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся 11 верасня 2016 года. Іх быў цэлы спіс — 32 пункты. Ярмошына зацягвала працэс як магла: казала пра распрацоўку адпаведнага законапраекта, падрыхтоўку нарады на ўзроўні кіраўніка дзяржавы… І, урэшце, дачакалася той самай пераправы з коньмі.

Да таго ж, на той жа сустрэчы з кіраўнічкай ЦВК Лукашэнка, як звычайна, паабяцаў, што правядзе кампанію «на годным узроўні». «Хаваць нічога не будзем. Хто гатовы ісці на выбары, хай ідзе. Усе ўзроўні ўлады будуць працаваць у тым кірунку, у якім Цэнтрвыбаркам акрэсліць, як гэта і было заўсёды», — сказаў ён.

Што такое «годны ўзровень» па-беларуску — мы ўсе ведаем. І не толькі ў дачыненні да выбараў.

Наўрад ці чымсьці здзівяць нас і апазіцыянеры. Прынамсі, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўжо заявіў пра супольную працу правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, Рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні БХД), а таксама пра кансультацыі з іншымі структурамі — ад сацыял-дэмакратаў і «зялёных» да камуністаў. Паводле Лябедзькі, гэта зноў будуць не выбары, а «палітычная кампанія», на якой кандыдаты-спікеры будуць казаць пра адсутнасць у краіне выбараў і даносіць да насельніцтва «праграму пазітыўных пераменаў».

Гэтым разам нават не плануецца масавага вылучэння. На больш за 18 тысяч (!) дэпутацкіх месцаў «мы вылучым 50–60 чалавек», сказаў Лябедзька. Праўда, пакуль не зразумела, хто такія «мы»: толькі АГП альбо ўсе правацэнтрысты скопам. Калі ўсе разам, сітуацыя выглядае вельмі сумна.

Ідзе на выбары і БНФ, але таксама «каб данесці свае палітычныя погляды грамадзянам». «Гавары праўду» мае намер выставіць 150 кандыдатаў. А Беларускі нацыянальны кангрэс Някляева і Статкевіча замахнуўся на больш глабальны праект — датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.

Але гэтыя выбары ўсё ж будуць адметныя. Таму што сітуацыя ў Беларусі змянілася. І змянілася яна хіба што не кардынальна.

Нават на выбарах 2016 года ў грамадстве не існавала такой ступені незадаволенасці народа дзеяннямі ўлады. Народ выказаў яе напачатку года падчас пратэстаў супраць Дэкрэту №3. Калі ўлада лічыць, што той пратэст удалося згасіць — яна памыляецца. Пратэст проста загналі ўглыб, і з той глыбіні ён можа выплыць у любы момант.

У адсутнасці нармальнай сацыялогіі даводзіцца глядзець на зрэзы меркаванняў у інтэрнэце. І калі раней у адпаведных тэматычных суполках на адрас улады гучала хай жорсткая, але крытыка, дык зараз — абурэнне і абразы аж да нянавісці.

Падаецца, ніколі людзі не адчувалі сваё збядненне так, як зараз. Ці не штодзень чуваць пра тое, што на тым ці іншым прадпрыемстве працаўнікі пайшлі дамагацца больш годнага заробку. Не дадаў папулярнасці ўладзе і сюжэт з забойствам Коржыча ў Печах, тым больш, што пасля яго пачалі ўсплываць іншыя факты дзедаўшчыны. І асноўны рухавік выбараў, — настаўнікі, з якіх зазвычай складаюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі, наўпрост адчулі на сабе не толькі жабрацкія заробкі, але і графік «пад Колю».

І гэтая нянавісць можа выліцца ў тое, чаго доўга чакалі дэмакраты, — у сумленны падлік галасоў. У тое, што раззлаваныя чальцы выбарчых камісій проста назло ўладзе сумленна падлічаць галасы і, што больш важна, раскажуць, хто колькі галасоў атрымаў. Зважаючы на тую ж «справу Коржыча», калі агалоска аднаго факта смерці прывяла да змены ўсяго кіраўніцтва вайсковай часткі — аж да сяржантаў і прапаршчыкаў.

Можа, і з краінай так атрымаецца? І ці здолеюць гэтым скарыстацца тыя, хто «ідзе на выбары, каб даносіць сваю праграму»?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!