Пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта

Сёння пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта Беларусі, якое будзе доўжыцца па 10 кастрычніка ўключна. На працягу пяці дзён участкі для галасавання будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.



Права прагаласаваць датэрмінова дадзена выбаршчыкам, якія ў дзень выбараў не маюць магчымасці знаходзіцца па месцы жыхарства.

Разам з тым афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прагаласаваць па месцы жыхарства ў асноўны дзень выбараў не патрабуецца.

Датэрміновае галасаванне праводзіцца толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Яно не праводзіцца на ўчастках для галасавання, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама для грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.

Выбарчым правам у Беларусі валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прагаласаваць на сёлетніх выбарах зможа 6 млн. 995 тыс. 181 выбаршчык, у тым ліку 5 тыс. 742 — за межамі Беларусі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, датэрмінова, як правіла, галасуюць 20-30% выбаршчыкаў.

Арганізатары выбараў станоўча ацэньваюць наяўнасць інстытута датэрміновага галасавання. Ён, на іх думку, дазваляе грамадзянам рэалізаваць свае выбарчыя правы.

Між тым незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заклікаюць не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, бо менавіта ў гэты перыяд галасы лягчэй фальсіфікаваць, падмяніўшы бюлетэні.

Шэраг незалежных ініцыятыў па назіранні за выбарамі ў Беларусі стварылі спецыяльны мабільны дадатак „Вочы”, спампаваўшы які, выбаршчык зможа пераслаць незалежным назіральнікам інфармацыю аб парушэннях на выбарах. Дасланая карыстальнікамі інфармацыя пасля мадэрацыі адлюстроўваецца на анлайн-карце electby.org. Яна можа быць выкарыстаная місіямі па назіранні для ацэнкі таго, наколькі сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі былі выбары.

Незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць, што, у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, удзел у выбарах мае выключна добраахвотны характар. Ніхто не мае права прымушаць грамадзян удзельнічаць або не ўдзельнічаць у выбарах, а прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і цягне адказнасць.

На пасаду прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць чатыры кандыдаты: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, актывістка кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА „Беларускае казацтва” Мікалай Улаховіч.

www.racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: