Пачаўся візіт прэзідэнта Турцыі Эрдагана

 У Беларусь з аднадзённым афіцыйным візітам прыбыў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.



Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Турцыі, разам з ім у Мінск накіраваліся намеснік прэм'ер-міністра Нума Куртулмуш, міністр замежных спраў Меўлют Чавушаглу, міністр эканомікі Ніхат Зейбекчжы, міністр мытні і гандлю Бюлент Цюфенчжы. Эрдагана ў паездцы суправаджае жонка.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Беларусі, у Палацы незалежнасці пройдуць перамовы Эрдагана з Аляксандрам Лукашэнкам. "Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў развіцця міждзяржаўных адносін з акцэнтам на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, абмяняюцца поглядамі па праблематыцы рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. Па выніках перамоў чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў", — паведаміла прэс-служба.

Пасля перамоваў Эрдаган і Лукашэнка возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцця Саборнай мячэці ў Мінску. Узвядзенне мячэці на вуліцы Грыбаедава ў Мінску пачалося ў 2004 годзе, але з фінансавых прычын зацягнулася больш як на 10 гадоў. Спачатку праект фінансавала дабрачынная арганізацыя "Рабіта" з Саудаўскай Аравіі, пасля — рэлігійныя аб'яднанні Расіі і Турцыі. У 2010 годзе будаўнічыя працы спыніліся на некалькі гадоў і аднавіліся, калі фінансавым пытаннем занялося ўпраўленне рэлігійнымі справамі Турцыі. Завяршылася будаўніцтва толькі сёлета.

Адкрыць мячэць з удзелам лідараў дзвюх краін планавалася яшчэ 29 ліпеня, аднак візіт Эрдагана быў перанесены на нявызначаны тэрмін з-за спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі. У сувязі з гэтым перанеслі і саму цырымонію адкрыцця храма.

Вечарам Лукашэнка і Эрдаган возьмуць удзел у пленарным пасяджэнні беларуска-турэцкага бізнес-форуму. "Будуць разгледжаныя перспектыўныя кірункі развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Беларускія ўдзельнікі атрымаюць магчымасць правесці перамовы з кіраўнікамі турэцкіх кампаній, зацікаўленых у развіцці супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, гандлю, інвестыцый, будаўніцтва, турызму і іншых", — паведаміў арганізатар мерапрыемства Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

Гэта першы візіт у Беларусь Эрдагана, абранага прэзідэнтам Турцыі ў жніўні 2014 года. Сёлета ў красавіку Эрдаган і Лукашэнка сустракаліся ў Стамбуле ў рамках саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які беларускі афіцыйны лідар наведаў па запрашэнні турэцкага кіраўніцтва. Падчас перамоваў Лукашэнка прапанаваў "актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва, ажыццявіўшы перазагрузку па шэрагу канкрэтных напрамкаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы", гаварылася ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта Беларусі. Тады ж Эрдаган пацвердзіў гатоўнасць наведаць Мінск.

У ліпені Лукашэнка падтрымаў Эрдагана ў сувязі са спробай вайсковага перавароту ў гэтай краіне, накіраваўшы яму пасланне са словамі "салідарнасці з легітымнай уладай Турцыі".


БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: