Пад жалезнаю пятою

Амаль дваццаціпяцігадовае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі суправаджалася бесперапыннай барацьбой дзяржавы са сродкамі масавай інфармацыі. Іх зачынялі, ставілі на службу рэжыму, прыпынялі выпуск, давалі вялізныя штрафы. Аднак цалкам задушыць свабоду слова не ўдалося нават добра адладжанай прапагандысцка-рэпрэсіўнай машыне.

Ціск з боку ўладаў СМІ (асабліва недзяржаўныя) паспыталі яшчэ ў часы Вячаслава Кебіча (варта нагадаць пераслед папулярнай тады «Свабоды», закрыццё ў канцы мая 1994 года радыёстанцый «Беларуская маладзёжная» і «Крыніца»), аднак у часы Лукашэнкі практыка пераследвання была даведзеная да крайнасці.
Між іншым гэты дзеяч падчас першых прэзідэнцкіх выбараў заклікаў абараняць СМІ, сцвярджаў, што людзям патрэбна альтэрнатыўная інфармацыя. А пасля перамогі ў другім туры Лукашэнка дазволіў журналістам пісаць тое, што яны жадаюць і паабяцаў не зачыняць ім рот.

У дзень чарговага суда над «Новым Часам» варта прыгадаць адпаведныя факты і адказаць на пытанне, ці стрымаў сваё слова першы і пакуль апошні беларускі «прэзідэнт».

«Советская Белоруссия»

Першы ўдар новая ўлада нанесла ўрадавай газеце «Советская Белоруссия». 23 снежня 1994 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №269 аб вызваленні з пасады галоўнага рэдактара гэтага выдання Ігара Асінскага, які ўзначальваў газету з лістапада 1993 года. Фармальнай прычынай адстаўкі Асінскага, гаварылася ва ўказе, стала парушэнне ім фінансавай дысцыпліны. Аднак сапраўдная была ў іншым: газета выйшла з «белымі плямамі», бо ёй забаранілі друкаваць «антыкарупцыйны» даклад дэпутата ад парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка (быў агучаны 20 снежня 1994 года).

Чытайце таксама:

Чалавек, які прымусіў плакаць Лукашэнку

Асінскі вырашыў не саступаць Лукашэнку, які зусім нядаўна быў яшчэ нікім, і пайшоў на прынцып. Лукашэнку давялося «высяляць» Асінскага з уласнага кабінета з дапамогай міліцыянераў. Выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара быў прызначаны Аляксандр Градзюшка (намеснік Асінскага). Цікава, што Градзюшку 24 снежня 1994 года прызначыў Кабінет міністраў. А 29 снежня 1994 года першым намеснікам галоўнага рэдактара, паводле адпаведнага прэзідэнцкага ўказа, стаў карэспандэнт «Народнай газеты» Павел Якубовіч.

З ліпеня 1995 года Павел Ізотавіч на дваццаць тры гады стаў паўнапраўным гаспадаром газеты. У сваю чаргу, Асінскі арганізаваў выхад уласнага выдання пад назвай «Белоруссия», якое, аднак вялікага поспеху не мела.


«Народная газета»

17 сакавіка 1995 года настала чарга іншага буйнога дзяржаўнага рэспубліканскага выдання — органа Вярхоўнага Савета «Народнай газеты», заснаванай у 1990 годзе. Нягледзячы на кароткі перыяд існавання, «Народная газета» пераўтварылася ва ўплывовы сродак масавай інфармацыі, а по колькасці падпісчыкаў і па папулярнасці пераўзышла «Советскую Белоруссию».

17 сакавіка 1995 года Лукашэнка падпісаў указ №113 аб вызваленні ад пасады галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. Справа ў тым, што тыдзень таму выданне надрукавала адкрыты ліст Лукашэнку ад нейкага жыхара Гродзеншчыны Здзіслава Вальняровіча. Ліст быў накіраваны супраць ініцыянаванага кіраўніком дзяржавы рэферэндуму, на якім, у тым ліку, павінны былі вырашыцца пытанні дзяржаўнасці беларускай мовы і змены нацыянальнай сімволікі. Аўтар ліста папярэджваў Лукашэнку, што яму прыйдзецца пераступіць цераз кроў тысячаў людзей. Лукашэнка палічыў гэта заклікам да грамадзянскай вайны.

Пры звальненні Сярэдзіча выканаўчая ўлада парушыла заканадаўства, бо прэзідэнт не меў права звальняць галоўнага рэдактара, прызначанага Вярхоўным Саветам. Праўда, ва ўказе мелася спасылка на канстытуцыйную норму: п. 1 артыкула 100 Асноўнага Закона. Паводле гэтай нормы, кіраўнік дзяржавы меў права прымаць захады па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і г.д. Гэты пункт быў раскрытыкаваны дэпутатамі Вярхоўнага Савета і шматлікімі юрыстамі.

Перыпетыі «Народнай газеты» працягваліся да чэрвеня 1996 года, калі спецыяльным указам Лукашэнкі «Народная газета» стала закрытым акцыянерным таварыствам і з некалі сапраўднага выдання пераўтварылся ў прапагандысцкі рупар, накіраваны на цкаванне апанентаў рэжыму.

Чытайце таксама:

Аперацыя «233», ці Як дабівалі «Народную газету»

Сам Іосіф Паўлавіч, на шчасце, не зламаўся, а наладзіў выпуск вядомай усім у краіне «Народнай волі».


«Свабода»

Сапраўдным галаўным болем для новага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння стала недзяржаўная газета «Свабода», якая рэдагавалася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання ад апазіцыі БНФ Ігарам Гермянчуком.

Газета востра крытыкавала палітыку прэм’ер-міністра Кебіча, а потым, зразумела, перайшла на Лукашэнку. У выданні пад сумнеў ставіліся амаль усе ўнутраныя і знешнія ўчынкі кіраўніка дзяржавы, мела месца асабістая крытыка ў вершаванай форме. У снежні 1994 года і ў лютым 1995 газета апублікавала дзве ананімныя сатырычныя паэмы: невядомы аўтар пад псеўданімам Вядзьмак Лысагорскі назваў кіраўніка дзяржавы «галоўным русіфікатарам і антыбеларусам» і папракнуў Аляксандра Лукашэнку ў жаданні паслаць беларускае войска ў Чачню. У падтрымку невядомага аўтара выказаліся некаторыя супрацоўнікі Інстытута літаратуры АН Беларусі. Яны сцвярджалі, што ў творах няма абразы, а ёсць выкарыстанне літаратурных прыёмаў, напрыклад, reductio ad absurdum — «давядзенне да абсурду».

Лукашэнка нерваваўся, злаваўся, нацкоўваў на газету сваіх высокапастаўленых паплечнікаў (напрыклад, запомніўся сваімі позвамі кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў), патрабаваў ад Генеральнага пракурора ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да галоўнага рэдактара. Вось што казаў Лукашэнка на паседжанні сессіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання 21 сакавіка 1995 года: «В связи с этим не могу не ответить на вчерашнюю якобы критику нашего журналиста депутата Сергея Наумчика (каардынатар апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце — Аўт.), который заявил о том, что в Республике Беларусь задушили средства массовой информации, пресса — все тут монополизировано и так далее. Будет Вам, господин Наумчик, вы прекрасно знаете, сколько у нас государственных газет, и сколько у нас газет частных, и насколько я задушил вашу «желтую газетенку», которая поливает грязью не только Президента, но и всех тех, кто рядом прошел с этим Президентом. Она делает это до сих пор (днём раней, 20 сакавіка 1995 года Лукашэнка назваў «Свабоду» «фашисткой газетой»)». Неўзабаве кіраўнік дзяржавы заявіў, што дзейнасць газеты «лежит вне рамок цивилизованной журналистики».

Неўзабаве пасля выступлення Лукашэнкі Васіль Шаладонаў паслаў у ВС прадстаўленне аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць галоўнага рэдактара «Свабоды», прадстаўніка парламенцкай апазіцыі Ігара Герменчука. Пракурор спаслаўся на арт. 188 Крымінальнага кодэкса («Знявага прадстаўніка ўлады»). Паколькі Гермянчук быў дэпутатам, яго крымінальны пераслед вымагаў згоды парламента. Але дэпутаты не падтрымалі Шаладонава.

Тым не менш, уладам удалося ліквідаваць ненавісную «Свабоду». Гэта адбылося паводле рашэння Вышэйшага Гаспадарчага Суда 24 лістапада 1997 года. Прычынай паслужылі артыкулы журналістаў Вадзіма Казначэева («Імпічмент — другая спроба») і Альгерда Невяроўскага («Дзяды ў Мінску»). У першым выпадку ўлады абвінавачвалі журналістаў у тым, што яны безпадстаўна навешваюць на Лукашэнку ярлык дыктатара, у другім — атаясамліваюць беларускі рэжым са сталінскай палітычнай сістэмай 1930-50-х гадоў.

 Мітынг у падтрымку «Свабоды» на пл. Незалежнасці ў Мінску. Крыніца: Свабода, снежань 1994 года.

Пераемніцай «Свабоды» стала выданне «Навіны», якое стала выходзіць са студзеня 1998 года. Яно стала косткай у горле лукашэнкаўскіх уладаў. Іхняе цярпенне скончылася, калі ў адным з вераснёўскіх нумароў за 1999 год з’явіўся артыкул пад назвай «Кто в теремочках живёт?». У артыкуле ішла гаворка пра асабістую маёмаць сакратара Дзяржбяспекі Віктара Шэймана ў в. Падліпкі Пухавіцкага раёна.
Шэйман падаў судовую позву, у выніку чаго газета павінна была згарнуць сваю дзейнасць.

Чытайце таксама:

Ваенны ў цывільным: Віктар Шэйман


А як жа іншыя?


Кованы сапог улады пазналі і іншыя недзяржаўныя выданні. «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча, «Белорусская деловая газета», «Имя», «Наша ніва». Напрыклад, ужо ў кастрычніку 1995 года злады забаранілі гэтыя выданні друкаваць і распаўсюджваць на тэрыторыі Беларусі. У красавіку 1996 года з рэдакцыі «Нашай нівы» адбыўся ператрус з удзелам сілавікоў з-за публікацый у выданні матэрыялаў паэта Славаміра Адамовіча пра РНЕ.
Чытайце таксама:

«Хачу ўбачыць паразу ворага і трыумф нацыянальнага духу»

У ліпені 1999 года адбыўся ператрус у рэдакцыі «Имени» і ў кватэры галоўнай рэдактаркі Ірыны Халіп. Нагодай паслужыла публікацыя ў чэрвені 1999 года артыкула пра затрыманне праваахоўнымі органамі бізнесмена з бліжэйшага атачэння Івана Ціцянкова Віктара Лагвінца («Витьки-колхозника»).

У маі 2003 года моцны ўдар атрымала «БДГ»: яе выпуск быў прыпынены на тры месяцы. Тагачасны ўладальнік газеты Пётр Марцаў заявіў, што гэта віна не столькі Лукашэнкі, колькі ягоная атачэння — «железных ребят». На той час «БДГ» надрукавала шэраг матэрыялаў пра тое, што беларускі кіраўнік плануе правесці рэферэндум, каб атрымаць права чарговы раз балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Вясной 2011 года небяспека навісла над «Нашай нівай» і «Народнай воляй». Тагачасны міністр інфармацыі Пралескоўскі цынічна заявіў, што гэтыя выданні нібыта «плясали на костях» ахвяраў тэрарыстычнага акту ў мінскім метро.

У маі 2005 года ўлады падкінулі недзяржаўным сродкам масавай інфармацыі яшчэ адну горкую пілюлю. Справа ў тым, што тады Лукашэнка падпісаў указ №247, накіраваны на ўпарадкаванне выкарыстання слоў «нацыянальны» і «беларускі» ў назвах камерцыйных і некамерцыйных арганізацый краіны. Паводле ўказа, гэтыя словы маглі выкарыстоўваць толькі тыя сродкі масавай інфармацыі, заснавальнікам якіх выступаюць дзяржаўныя органы.

У адпаведнасці з дакументам, арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі, назвы якіх не адпавядалі патрабаванням указа, падлягалі перарэгістрацыі ў трохмесячны тэрмін. Дзейнасць жа СМІ, якія не прайшлі перарэгістрацыю, з’яўлялася незаконнай і забаранялася.

У выніку вымушаны былі змяніць сваю назву такія папулярныя выданні як «Белорусская газета» і «Белорусский рынок».

У наступным 2006 годзе перастала існаваць выданне Аляксея Караля «Згода».


«Пагоня»

Не толькі цэнтральныя, але і рэгіянальныя незалежныя выданні сваёй крытычнасцю і прынцыповасцю стваралі праблемы для ўладаў. Тыя дзейнічалі жорстка. Напрыклад, у кастрычніку 1995 года Гродзенская абласная друкарня адмовілася друкаваць «Гродненскую неделю» — выданне, якое ў свой час папсавала шмат нерваў гродзенскаму «губернатару» Дзмітрыю Арцыменю.

Чытайце таксама:

Куля для «чырвонага памешчыка»


У канцы 1996 года было забароненае віцебскае выданне «Выбар», у якім быў надрукаваны верш Славаміра Адамовіча «Убей президента!».

Вельмі паказальны лёс гарадзенскага выдання «Пагоня», якое рэдагаваў дэпутат ад апазіцыі БНФ Мікалай Маркевіч і якое пачало выходзіць з 25 сакавіка 1992 года.

У свой час на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання Маркевіч перамог намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Барыса Батуру.

У парламенце спадар Мікола заўсёды адстойваў нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасці, свабоду слова. Менавіта ён 16 снежня 1993 года назваў дэпутата Аляксандра Лукашэнку Адольфам Вольфавічам пры абмеркаванні справаздачнага даклада часовай камісіі Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання (Лукашэнка 4 чэрвеня 1993 года быў абраны старшынёй гэтай камісіі). Маркевіч лічыў даклад Лукашэнкі палітызаваным, а самога гэтага народнага дэпутата — выключным папулістам, які на хвалі барацьбы з карупцыяй рвецца да ўлады.

Чытайце таксама:

Без кампрамісаў?

Вось, напрыклад, што казаў Мікалай Маркевіч у Вярхоўным Савеце 16 сакавіка 1994 года пры абмеркаванні пытання аб дзейнасці «Народнай газеты» (пракамуністычная парламенцкая большасць прагла зняць Сярэдзіча): «Дзейнасць «Народнай газеты» не да спадобы тым, хто не ўспрымае любога іншадумства, любой праявы свабоднай думкі. Людзі, якія прывыклі камандаваць усім і ўся, вырашылі расправіцца з «Народнай газетай» тымі сродкамі і метадамі, якімі яны ўмеюць, а менавіта — зняць і забараніць. Тым больш, што заканадаўчая база для гэтага адсутнічае...

Словам, тое, што адбываецца тут, у гэтай зале, нагадвае прымаўку: правы той, хто мае больш правоў. Толькі гэтае права і дае магчымасць зараз умешвацца ў практычную, я б нават сказаў, аператыўную дзейнасць рэдакцыі «Народнай газеты». Толькі яно дазваляе караць журналістаў за тое, што яны маюць іншую думку.

А між тым, па ступені свабоды прэсы вызначаецца ступень свабоды грамадства, узровень дэмакратыі. І менавіта таму хацелася б, каб размова пра «Народную газету» стала пралогам для сур’ёзнай размовы пра лёс дэмакратыі на Беларусі, свабоды слова і друку, сродкаў масавай інфармацыі, якія пастаўлены зараз на калені гаспадарчай палітыкай урада. Для гэтага не трэба здымаць Сярэдзіча, бо калі разглядаць пытанне ў гэтым ракурсе, то не ў Сярэдзічу справа. Для гэтага трэба выканаць толькі норму нашай Канстытуцыі, той Канстытуцыі, якую нядаўна паспяхова прынялі, норму аб дэманапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі. Яны павінны стаць сапраўднай чацвёртай уладай. «Народную газету» не забараніць, як не забараніць жыццё».

Мікалай Маркевіч (другі справа) падчас галодоўкі ў Вярхоўным Савеце ў красавіку 1995 года. Крыніца: https://vytoki.net/ 

У Лукашэнкі было, відаць, іншае меркаванне. Ён не прабачыў свайму былому калегу па парламенце. У пачатку 1997 года на «Пагоню» пачаўся ціск. У лютым мясцовыя чыноўнікі падалі ў суд, каб выселіць газету з арэндаванага памяшкання, а ў сакавіку сілавікі ўзбудзілі супраць выдання крымінальную справу нібыта за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Справа ў тым, што яшчэ ў 1996 годзе ў нумары 51 рэдакцыя размясціла аб’яву, якая мела антысеміцкі характар. Рэдакцыя прызнала памылку і ў наступным нумары 52 апублікавала абвяржэнне пад назвай «Шарыкаў навучыўся пісаць па-беларуску».

10 красавіка 1997 года рэдакцыя «Пагоні» была гвалтоўна пазбаўлена памяшкання, а Маркевіча міліцыянеры літаральна вынеслі ў крэсле.

Тыя часы, калі непажаданых рэдактараў выносілі з крэслам з памяшканняў, здаецца, прайшлі, аднак стаўленне дзяржавы да незалежных СМІ не змянілася. І сам Лукашэнка і чыноўнікі дагэтуль бачаць у іх не партнёраў, а ворагаў.

У панядзелак, 17 снежня, у 11:00 у судзе Савецкага раёна Мінска (Лагойскі тракт, 3) адбудзецца папярэдняе слуханне па іску бізнесоўца Леаніда Зайдэса супраць газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына. Раней безвынікова гэта зрабіў Аркадзь Ізраілевіч. Справа ізноў тычыцца расследаванняў Івашына наконт будоўлі рэстарацыі «Поедем поедим» побач з Нацыянальным некропалем у Курапатах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!