Пад зваротам за спыненне катаванняў палітвязня Жамчужнага падпісалася больш за 160 чалавек

Падпісанты патрабуюць ад міністра МУС Ігара Шуневіча навесці парадак у Горацкай калоніі ПК-9 і прыцягнуць вінаватых у катаваннях да адказнасці.
Міхаіл Жамчужны. Здымак «Радыё Свабоды»

Міхаіл Жамчужны. Здымак «Радыё Свабоды»



«Пасля пераводу Міхаіла Жамчужнага ў  калонію ПК-9  у Горках, адміністрацыяй ПК-9 была  зроблена спроба  змясціць Міхаіла у атрад нумар 13, дзе, як вядома ад былых зняволеных, знаходзяцца вязні, якія маюць нізкі крымінальны статус, што па «крымінальных законах» у турме  падобна смерці. Міхаіл адмовіўся  і за непадпарадкаванне яго адправілі ў ШЫЗА. Пасля адсідкі тэрміна яму ізноў далі загад ісці ў той самы атрад, ізноў адмовіўся – ізноў ШЫЗА , і ізноў, і так 14 разоў . Агулам з пачатку жніўня Міхаіл Жамчужны правёў у ШЫЗА  каля 100 сутак.  6 студзеня 2018 Міхаіл Жамчужны быў пераведзены на адзін месяц у памяшкане камернага тыпу (ПКТ). Акрамя ўсяго, лісты, якія Міхаілу прыйшлі з волі падчас яго знаходжання ў ШЫЗА, супрацоўнікі ПК-9 аддалі без капэртаў , то бок без адваротных адрасоў, тым самым  груба, цынічна парушыўшы правы зняволенага», — гаворыцца ў звароце.

Адкрыты ліст будзе адпраўлены як у Міністэрства ўнутраных справаў, так і ў Адміністрацыю прэзідэнта і Генеральную пракуратуру. Калі ж міністэрства не ў стане навесці парадак у калоніі, пішуць аўтары зварота, кіраўнік ведамства мусіць падаць у адстаўку.

Горацкая калонія ПК-9 даўно мае дурную славу самай страшнай калоніі, у якой аказваецца бязмежны ціск на асуджаных. У апошнія гады калонія выкарыстоўвалася як спосаб ціску на палітычных вязняў: там адбывалі свой тэрмін зняволення Зміцер Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, Мікалай Дзядок, Аляксей Мілюкоў да якіх таксама былі ужытыя спробы падобных катаванняў «статусамі». 

Падпісацца пад зваротам можна тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!