Падаюць асноўныя апоры. Чаму Лукашэнка чарговы раз памяняў сілавікоў

Новы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў ужо казаў, што сілавікі могуць выкарыстаць зброю на акцыях пратэсту. А зрыванне масак з амапаўцаў ён лічыў «замахам на забойства», піша Валерый Карбалевіч к сваім блогу на «Свабодзе».
Фота: Алег Грушэцкі

Фота: Алег Грушэцкі

Ад пачатку беларускай рэвалюцыі Лукашэнка памяняў ужо сакратара Рады бяспекі, старшыню КДБ, старшыню Камітэту дзяржкантролю, генеральнага пракурора. І вось цяпер — міністра ўнутраных спраў і яго намесніка. І хто яшчэ кажа, што пратэсты не прыносяць эфекту, што яны бясплённыя і ні на што не ўплываюць? Аказваецца, яшчэ як уплываюць.

Хачу заўважыць, што ніякіх іншых чальцоў ураду Лукашэнка не мяняў. Толькі сілавікоў. І гэты факт стаў найбольш нагляднай прыкметай, самым заўважным сімптомам вострага палітычнага крызісу ў Беларусі. Бо ў такі момант ператрус у праваахоўных органах звычайна не робяць, ключавых фігур сілавога блоку не мяняюць. Гэта адлюстроўвае сур’ёзнае браджэнне ў сілавых структурах.

Адстаўка сакратара Рады бяспекі Валерыя Вакульчыка і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева — сведчанне сур’ёзных рознагалоссяў у вайскова-палітычным кіраўніцтве Беларусі. Лукашэнка гэтымі асобамі яўна незадаволены. Ён ліхаманкава шукае людзей, якія б маглі хутка і рашуча навесці «парадак» у краіне. І гэтая ліхаманкавасць якраз і выдае нервовасць, якая пануе ў Палацы Незалежнасці.

Прызначэнне адстаўнікоў інспектарамі ў рэгіёны — гэта такая ганаровая апала, своеасаблівы «залаты парашут». Лукашэнка не можа проста выкідаць генералаў з абоймы, бо гэта негатыўна паўплывала б на настрой іншых генералаў і афіцэраў. Таму ім знайшлі пасаду: фармальна высокую, а фактычна — пустую.

Асабліва цікава, як Лукашэнка пазбавіўся ад Валерыя Вакульчыка. Спачатку перамясціў яго з пасады старшыні КДБ на пасаду сакратара Рады бяспекі. І толькі праз два месяцы ўвогуле накіраваў памочнікам прэзідэнта па Брэсцкай вобласці. Чаму б не адразу адправіць у адстаўку генерала, які праявіў сумнеўную лаяльнасць? Справа ў тым, што Лукашэнка цяпер моцна залежыць ад сілавікоў. Таму праяўляе асцярожнасць.

Не менш цікавы кейс Караева. Ад самага пачатку палітычнага крызісу ён быў галоўнай апорай Лукашэнкі, асноўным карным мечам рэжыму. Ён так палымяна лаяў пратэстоўцаў. Здавалася, ужо гэты будзе з Лукашэнкам да самага канца. Але апошнім часам Караеў неяк знік з інфармацыйнага экрану. Пужалі прымяненнем баявой зброі іншыя міліцэйскія генералы.

Але 28 кастрычніка ён нарэшце з’явіўся і выступіў з вельмі жорсткімі заявамі на адрас пратэстоўцаў. Відавочна, сыходзіць у адстаўку ён не збіраўся. А ўжо 29 кастрычніка яго адпраўляюць памочнікам прэзідэнта па Гродзенскай вобласці.

То-бок, падаюць асноўныя апоры. Што сведчыць пра тое, што ўся ўладная канструкцыя хістаецца.

Новы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў два тыдні таму выступіў з гучнай заявай. Ён казаў, што сілавікі могуць выкарыстаць табельную зброю на несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Згодна з ягонай ацэнкай, зрыванне масак з амапаўцаў — гэта «замах на забойства». То-бок яго прызначэнне — гэта зусім не курс на лібералізацыю. Хутчэй наадварот.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: