«Падатак на Белсат»: за супрацу з тэлеканалам журналістаў за год наштрафавалі на 50 тысяч рублёў

За 2017 год беларускія суды выносілі 70 рашэньняў супраць журналістаў, якія супрацоўнічалі з тэлеканалам «Белсат» — сума штрафаў перавысіла 50 тысяч рублёў, паведамляе Радыё Свабода.
«Белсатаўцаў» судзілі пераважна за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» — журналістам каналу, які лічыцца замежным, не даюць акрэдытацыі ў Беларусі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на «Белсат» прыпала 94% сёлетніх штрафаў паводле гэтага артыкулу.

На «Белсат» ціснуць ня толькі штрафамі. У сакавіку ў менскім офісе тэлеканалу прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка на 20 тысяч эўра. Журналіста Кастуся Жукоўскага за год штрафавалі дзесяць разоў. Журналіста Андрэя Толчына аштрафавалі літаральна за тое, што ён трымаў мікрафон.

Апэратара Алеся Баразенку затрымалі на Дзень Волі нібыта за нецэнзурную лаянку (на відэа бачна, што ён «лаяўся» словамі «я журналіст») і пасадзілі на 15 сутак.
Пазней яго ж (апэратара — не стваральніка ці кіраўніка каналу) судзілі за парушэнне аўтарскага права на гандлёвы знак «Белсат» (раней за тэлеканал была зарэгістраваная фірма «БЕЛСАТплюс», што прадавала спадарожнікавае абсталяванне) — яму прысудзілі не толькі штраф, але і канфіскацыю асабістай тэхнікі. Журналістцы Ларысе Шчыраковай пагражалі адабраць 10-гадовага сына.

Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак перакананы: ціск на «Белсат» звязаны з тым, што «ўлады асэнсавалі, што „Белсат“ ёсць адным з вядучых медыяў у Беларусі». Ён называе вынікі апытанняў, паводле якіх 12% беларусаў стала глядзяць «Белсат», 30% ведаюць пра тэлеканал, які не пускаюць у кабельную сетку. Маўляў, гэта «паказнік на ўзроўні асноўных дзяржаўных тэлеканалаў».

Каментаваць