Падчас ператрусу Дзмітрыю Паліенку разграмілі кватэру, зламалі камп’ютар, а таксама зніклі грошы

Актывіст вярнуўся дадому пасля допытаў і знайшоў у кватэры паламаныя сцены і перакуленыя рэчы.
Тыя, хто праводзіў ператрус, не вельмі ахайна паставіліся да чужой маёмасці.

«Камп’ютар валяецца без вінчэстару. Забралі два ноўтбукі ды тэлефон, майкі. Паламалі сцены – не ведаю, можа шукалі схованкі. Таксама знікла вялікая сума грошай, каля 370 рублёў і 100 долараў».

Дзмітрыя Паліенку, Яўгена Чуліцкага і Насту Гусеву вызвалілі пасля допытаў 23 студзеня.

Актывістаў падазраюць у нанясенні графіці «Менты убивают людей» на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай 22 снежня 2018 года. Маладзёнаў затрымалі на падставе відэа, на якім не бачна твараў.

Распачатая крымінальная справа за апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці. Паліенку і Чуліцкага затрымалі 21 студзеня, Гусеву – 22-га. У іх дома прайшлі ператрусы. Актывістаў змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!