Урад распачаў абмеркаванне ўмоваў працягу знаходжання ў Беларусі вайсковых аб'ектаў РФ

Пра гэта паведамляе Партыя БНФ.
Як вынікае з адказаў, што былі атрыманыя Партыяй БНФ ад Савета Бяспекі і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, у цяперашні час прапановы па ўмовах далейшага знаходжання расійскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, распрацаваныя з улікам нацыянальных інтарэсаў краіны, знаходзяцца на разглядзе ў Савеце Міністраў Беларусі: «Пытанне аб неабходнасці падаўжэння вышэйназваных Пагадненняў прапрацоўваецца ўрадам з улікам нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка дзяржсакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Пузікава.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі размешчаныя два расійскія вайсковыя аб’екты: 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй») побач з Вілейкай, і радыёлакацыйная станцыя «Волга» дэцымэтровага дыяпазону (вузел «Баранавічы») ў складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаная на поўнач ад горада Ганцавічы. Знаходжанне гэтых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі было вызначана міжнароднымі дамовамі, што былі заключаныя ў 1995 годзе паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі. Тэрмін дзеяння гэтых пагадненняў быў 25 гадоў і неўзабаве набліжаецца да заканчэння.

Пагадненні пра размяшчэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вайсковых аб’ектаў Расійскай Федэрацыі дзейнічаюць да 7 чэрвеня 2021 году, а пра намер адмовіцца ад далейшага працягу гэтых міжнародных дагавароў Рэспубліка Беларусь мела права паведаміць расійскаму боку ў тэрмін да 6 чэрвеня 2020 года (гэта вынікае з інфармацыі, прадстаўленай Міністэрствам абароны ў 2018 годзе ў адказ на ранейшы зварот Партыі БНФ).

У сувязі з гэтым Партыя БНФ звярнулася ў савет Бяспекі з запытам па інфармацыю датычна таго, ці паведамляла Рэспубліка Беларусь у тэрмін да 6 чэрвеня 2020 года пра намер не падаўжаць міжнародныя дамовы, якія рэгулююць знаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вайсковых аб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Таксама партыя прасіла прадставіць інфармацыю пра падставы і змест рашэнняў, прынятых у межах ацэнкі мэтазгоднасці працягу альбо спынення азначаных міжнародных дамоваў, уключна з улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Адказы дзяржаўных органаў камэнтуе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

«На жаль, у адказах дзяржаўных органаў няма канкрэтнай інфармацыі пра тое, распачатая ці не працэдура спынення знаходжання расійскіх аб’ектаў у Беларусі. Хутчэй за ўсё – не, не распачатая, але беларускі бок жадае атрымаць нейкія бонусы за знаходжанне тут гэтых аб’ектаў. У 2021 годзе гэтыя аб’екты трэба было б выводзіць з нашай тэрыторыі – калі б урад кіраваўся сапраўды нацыянальнымі інтарэсамі. На жаль, падобна што цяперашні рэжым будзе імкнуцца выкарыстоўваць гэтую тэму выключна як элемент торга з Масквой, разлічваючы атрымаць палітычную і эканамічную падтрымку ў абмен за станоўчае рашэнне па працягненні гэтых дамоваў. Калі б урад сапраўды кіраваўся нацыянальнымі інтарэсамі – то рашэнне павіннае было б быць адназначнае: расійскія вайсковыя аб’екты, якія робяць нашую краіну мішэнню ў любых маштабных канфліктах Расіі з іншымі краінамі, павінныя быць выведзены з тэрыторыі нашай краіны.

Аб’екты «Вілейка» і «Баранавічы» – гэта пісталет, які РФ прыставіла да скроні Беларусі. Працяг гэткага становішча недапушчальны – знаходжанне ў Беларусі расійскіх войскаў ёсць найвялікшай пагрозай для нацыянальнай бяспекі Беларусі.

У гэтым выпадку мы ясна бачым, што нягледзячы на кароткачасовыя канфлікты, асабліва ў гандлёвых пытаннях, насамрэч афіцыйны Мінск і Крэмль застаюцца хаўруснікамі ў найбольш прынцыповых і важных пытаннях стартэгічнага ўзроўню», – так старшыня Партыі БНФ пракаментаваў адказы Міністэрства абароны і Савета Бяспекі датычна працягу размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў.

Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: