«Падобна да таго, што непаладкі генератараў больш сур'ёзныя». Вільня раскрытыкавала Мінск праз спыненне БелАЭС

Літва зрабіла яшчэ адзін крок па байкоце БелАЭС, піша delfi.lt. Дзяржслужба рэгулявання энергетыкі сёння ўхваліла план па зніжэнні максімальнай прапускной здольнасці электрасетак з Беларусі ў Літву. Тым часам Вільня раскрытыкавала спыненне першага энергаблока БелАЭС, які пазапланава адключылі ў ліпені. Гледзячы па ўсім, ён да гэтага часу не запушчаны. Прынамсі, Мінэнерга да гэтага часу не паведаміла пра аднаўленне працы энергаблока.


Вільня спыніла імпарт электраэнергіі з Беларусі з лістапада мінулага года, калі БелАЭС пачала вырабляць электраэнергію. Аднак у Літве мяркуюць, што такая электраэнэргія можа паступаць з Латвіі і Эстоніі — і праз Расію. Цяпер гэтыя дзве краіны гандлююць з Расіяй па не зацверджанай Літвой методыцы. Вільня перакананая, што такім чынам у Літву паступае электраэнергія з БелАЭС і па гэтай прычыне парушаецца так званы «антыастравецкі» закон. Латвія сцвярджае, што гандлюе толькі расійскай электраэнергіяй.

У ліпені ўрадавая камісія Літвы ўхваліла падрыхтаваны кампаніяй-аператарам перадачы электраэнергіі «Litgrid» план скарачэння прапускной здольнасці перамычкі паміж Літвой і Беларуссю. Гэта азначае, што да дасягнення новага трохбаковага пагаднення краін Балтыі Літва будзе кіравацца ўласнымі гандлёвымі правіламі.

Сёння Дзяржслужба рэгулявання энергетыкі Літвы ўхваліла план па зніжэнні максімальнай прапускной здольнасці электрасетак з Беларусі ў Літву.

Паводле дзеючай цяпер методыкі, якую ўжываюць Латвія і Эстонія, ацэньваецца максімальная прапускная здольнасць перамычкі паміж Літвой і Беларуссю. Пасля зніжэння гэтай здольнасці Латвія зможа выкарыстаць для гандлю з Расіяй толькі такія магутнасці, якія будуць адпавядаць прапускной здольнасці ліній.

«БелАЭС не працуе з 12 ліпеня, хоць павінна была запрацаваць, паводле іх паведамленняў, 15 жніўня. Але, падобна да таго, што непаладкі генератараў больш сур'ёзныя, — сказаў BNS дарадца міністра энергетыкі Кястуціс Шкюдас. — Ніякіх тлумачэнняў з гэтай нагоды яны нам не даюць».

Паводле яго слоў, сітуацыя, калі атамная станцыя нечакана перастае працаваць без падрабязных тлумачэнняў, непрымальная. «Цяжка ўявіць сітуацыю, калі па заканчэнні месяца пасля пачатку камерцыйнай дзейнасці, ужо пасля заканчэння ўсіх выпрабаванняў, калі станцыя павінна дзейнічаць кругласутачна цэлы год, яна праз месяц спыняецца», — сказаў Кястуціс Шкюдас.

Нагадаем, 12 ліпеня пазапланава адключылі першы энергаблок БелАЭС, яго планавалі ўключыць у сетку да сярэдзіны жніўня. Аднак 19 жніўня ў Мінэнерга паведамілі, што патрабуецца замена аднаго з элементаў ўзбуджальніка турбагенератара. Для гэтага маюць намер прыцягваць спецыялістаў расійскага завода-вытворцы. У ведамстве да гэтага часу не паведамілі пра аднаўленне працы энергаблока.






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: